Лінкі ўнівэрсальнага доступу

#БНР100 у Беларусі і сьвеце. ЖЫВЫ БЛОГ

25 сакавіка беларусы адзначаюць 100-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Канцэрты, мітынгі і вечарыны пройдуць у дзясятках гарадоў, па ўсёй Беларусі і па абодва бакі Атлянтычнага акіяну. Свабода вядзе жывую трансьляцыю беларускіх падзеяў.


Коратка

25 сакавіка беларусы адзначаюць 100-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Канцэрты, мітынгі і вечарыны праходзяць у дзясятках гарадоў, па ўсёй Беларусі і па абодва бакі Атлянтычнага акіяну. Цэнтральны канцэрт пачаўся на Траецкай гары ля менскага Опэрнага тэатру а 13-й — бясплатны і санкцыянаваны. Паплечнікі Міколы Статкевіча падавалі заяўку на шэсьце па цэнтры сталіцы — яго забаранілі, пачаліся прэвэнтыўныя затрыманьні. Свабода вядзе жывую трансьляцыю беларускіх падзеяў.

На Нямізе, дзе сёньня раней людзі ў цывільным кропкава «адлоўлівалі» мінакоў з нацыянальнай сымболікай, цяпер спакойна, перадае карэспандэнтка Свабоды Аляксандра Дынько.

«Пакуль затрыманьняў ня бачу, людзей са сьцягамі таксама. Усіх, хто выходзіць з пляцоўкі сьвята ля Опэрнага тэатру папярэджваюць, каб хавалі сымболіку».

Сіні мікрааўтобус на аварыйцы каля ст. м. «Няміга»
Сіні мікрааўтобус на аварыйцы каля ст. м. «Няміга»

Пляцоўка перад тэатрам опэры цяпер

У Гомелі на Дзень Волі праходзіць экскурсія

У Гомлі ад сквэру Кірылы Тураўскага пачалася гістарычная экскурсія, зьвязаная зь Першым Усебеларускім зьездам у сьнежні 1917 году, а таксама складаным лёсам гораду над Сожам у часы абвяшчэньня беларускай дзяржаўнасьці. Першы адрас экскурсіі — побач, гэта фабрыка «Палесдрук», дзе ў 1917 годзе была гарадзкая дума. Яна накіравала сваіх дэлегатаў на Ўсебеларускі зьезд у Менск, дзе вырашаўся будучы лёс Беларусі. Вядзе экскурсію гомельскі гісторык і журналіст Яўген Меркіс. Экскурсантаў больш за два дзясяткі.

Прэзыдэнт Польшчы павіншаваў беларусаў зь юбілеем БНР

Прэзыдэнт Анджэй Дуда зьвярнуўся зь віншавальным лістом да беларусаў з нагоды 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
У паведамленьні, разьмешчаным на сайце галавы польскай дзяржавы, гаворыцца:

«25 сакавіка 1918 году была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. У 100 гадавіну гэтай падзеі ўсім Беларусам, якіх з Польскім Народам яднае супольная гісторыя і культура – перадаю сардэчныя пажаданьні ўсяго найлепшага і посьпехаў у разьвіцьці іх Бацькаўшчыны».

Анджэй Дуда стаў першым прэзыдэнтам дзяржавы, які зьвярнуўся да беларусаў зь віншавальным лістом з нагоды Дня Волі. Аляксандар Лукашэнка праігнараваў гэтую дату.

Амбасадарка Вялікай Брытаніі павіншавала са 100-годзьдзем БНР: «Спадзяюся, што ўсе беларусы аб’яднаюцца»

«Канцэпцыя беларускай дзяржаўнасьці бярэ пачатак яшчэ ад ІХ-Х стагодзьдзяў, — адзначыла Фіёна Гіб. — А таму ўсе пэрыяды гісторыі маюць выключную ролю ў фармаванні сучаснай дзяржавы — пачынаючы ад Полацкага Княства, ВКЛ і Рэчы Паспалітай, да Расейскай імпэрыі і БССР. 25 сакавіка 1918 году ёсьць часткай беларускай гісторыі, днём, калі была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі».

Тым часам у Берасьці

Як і ў Менску, Горадні і Слуцку, у Берасьці ўлады дазволілі правесьці мітынг-канцэрт. Там выступаюць :B:N:, Re1ikt і іншыя. На сьвята прыходзяць сем’ямі.

На Нямізе хапаюць за сымболіку

На вуліцы Няміга ў цэнтры Менску людзі ў цывільным пачалі кропкава «адлоўліваць» мінакоў, якія трымаюць нацыянальную сымболіку — стужкі, сьцяжкі, балёнікі.

Сярод затрыманых — аўтарка Радыё Свабода Галіна Абакунчык. Паводле словаў журналісткі, яе скруцілі два мужчыны без апазнавальных знакаў на вопратцы і заштурхнулі ў сіні мікрааўтобус. Патлумачылі, што ёсьць неабходнасьць праверыць яе асобу на прадмет «учыненага злачынства». Яна спрабавала паказаць пашпарт, але дакумэнт міліцыянтаў не цікавіў.

Па тэлефоне Галіна Абакунчык пасьпела сказаць, што гэтаксама гвалтоўна затрымалі некалькі чалавек са сьцяжкамі. Празь нейкі час яе і іншых перасадзілі ў легкавы аўтамабіль і павезьлі ў Цэнтральны РУУС Менску. Мікрааўтобус вярнуўся на Нямігу «паляваць» на іншых мінакоў.

Віцебскія актывісты і простыя жыхары, якія далучыліся па дарозе, дайшлі ад помніка Альгерду да помніка Караткевічу, усклалі кветкі. Прагучалі кароткія віншавальныя прамовы.

Раней віцебскім актывістам далі дазвол на мітынг з нагоды #БНР100 у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў, але яны ад яго адмовіліся: прычына ў адсутнасьці вялікай сумы грошай, якую запатрабавалі міліцыянты за паслугі па ахове правапарадку падчас мітынгу.

БХД зьбірае на менскім «Сьвяце Незалежнасьці» подпісы за тое, каб 25 сакавіка стала дзяржаўным сьвятам, расказаў Свабодзе сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

У Менску сямейнае сьвята

На «Сьвята Незалежнасьці» пад менскім Опэрным тэатрам прыходзяць цэлымі сем’ямі, зь дзецьмі — сярод іншага там дзейнічаюць дзіцячыя пляцоўкі.

Мітынг-канцэрт у Менску. ФОТАГАЛЕРЭЯ

У Менску пачалі выпускаць затрыманых на Якуба Коласа

Пачалі выпускаць затрыманых, якіх даставілі ў Першамайскі РАУС Менска. Як паведаміў «пасажыр» аднаго з аўтазакаў Багуслаў Цыганкоў, агулам у аддзяленьне прывезьлі больш за 20 чалавек. Палову праз некалькі гадзін вызвалілі, некалькі яшчэ застаюцца ў чаканьні працэдуры высьвятленьня асобы. Таксама затрыманых адвозілі ў Савецкі РУУС. Агулам па сталіцы затрымана ад 30 да 50 чалавек, яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек — у іншых гарадах.

Заснавальнік Tut.by выступіў на «Сьвяце Незалежнасьці»

Бізнэсовец Юры Зісер выступіў з прамовай на мітынгу-канцэрце ля менскага Опэрнага тэатру. Ён параўнаў сьвята з 7 лістапада: кажа, тут людзі ўсьміхаюцца, не такія сур’ёзныя, як на гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён таксама казаў, што нацыянальная ідэя ня можа дзяліць людзей па прыкметах мовы, па пагонах і пасадах або крыніцах даходаў: «прыватызаваць» яе нельга, як нельга абвяшчаць кагосьці «правільнымі» ці «няправільнымі» беларусамі. Маўляў, галоўнае ў Беларусі цяпер – разьвіваць грамадзтва сіламі сваіх грамадзянаў, паляпшаць сваё жыцьцё. Гэта, казаў ён, самая актуальная нацыянальная ідэя.

Віцебск сьвяткуе

У Віцебску каля помніка Альгерду сабралася пару дзесяткаў жыхароў — з кветкамі, са сьцягам, віншуюць адно аднаго.​

Раней віцебскім актывістам далі дазвол на мітынг з нагоды #БНР100 у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў, але яны ад яго адмовіліся: прычына ў адсутнасьці вялікай сумы грошай, якую запатрабавалі міліцыянты за паслугі па ахове правапарадку падчас мітынгу.

20 000

Адзін з арганізатараў менскага «Сьвята Незалежнасьці», старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч кажа Свабодзе, што на пляцоўцы на Траецкай гары сабралася каля 20 тысяч чалавек. Заяўку падавалі на мітынг-канцэрт на 25 тысяч чалавек, месца яшчэ ёсьць.

Кіраўнік беларускага Касьцёлу, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 25 сакавіка ўзначачліў імшу прысьвечаную 100-й гадавіне абвяшчэньня БНР, у менскай архікатэдры, піша Catholic.by. Там чыталі малітву за Беларусь, адмыслова напісаную пад 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Сьвята адзначаюць таксама грэка-каталікі, асобныя пратэстанты і праваслаўныя. Паўгадзіны таму на сцэне менскага «Сьвята Незалежнасьці» выступіў прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG