Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Без сваёй мовы нацыя згарае, як дровы ў печы...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Дамагацца выкананьня сваіх грамадзянскіх правоў шляхам публічных дэманстрацыяў і пратэстаў у Беларусі, як вядома, небясьпечна: вынікам амаль гарантавана будзе арышт альбо буйны грашовы штраф. Адзіным шырокадаступным спосабам змаганьня за свае правы для многіх беларускіх грамадзянаў застаюцца звароты ў розныя ўстановы і скаргі ды просьбы, адрасаваныя высокім начальнікам. У гэтым стыхійным руху ўдзельнічаюць дзясяткі, калі ня сотні тысяч жыхароў Беларусі.

Адзін зь іх — Валеры Ласіцкі зь Менску, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову. Багаты досьвед ліставаньня з рознымі ўстановамі прымусіў спадара Валера зрабіць наступныя высновы:

«Сярод беларускіх чыноўнікаў шырока ўкаранілася наступная практыка: даваць на канкрэтныя пытаньні няўцямныя, абцякальныя адказы. А потым, калі чалавек працягвае настойваць, патрабуючы канкрэтыкі, зь ім проста спыняюць ліставаньне, спасылаючыся на тое, што адказ ужо дадзены раней. І што з такімі чыноўнікамі зробіш? Ды нічога. Ніякага органа, які б кантраляваў адказы на звароты грамадзянаў — няма. Не вядзецца ні аналіз зваротаў, ні статыстыка, ні ўлік эфэктыўнасьці рэагаваньня.

Ведаючы пра сваю беспакаранасьць, многія чыноўнікі налаўчыліся пісаць тыпавыя адказы — нібы пад капірку: адно і тое ж, незалежна ад таго, пра што ў іх пытаюць альбо просяць.

З трыбунаў прыгожых слоў кажуць шмат. Сам Лукашэнка неяк наракаў на тое, што, маўляў, прыходзіць чалавек на прыём — а чыноўнік адкрыта плюе яму ў твар. Ды вось толькі словы застаюцца словамі. Чыноўнікаў простыя людзі не выбіраюць і не кантралююць, вось тыя і робяць што хочуць, захіліўшыся ад народа глыбока эшалянаванай сыстэмай адпісак».

Гэта яшчэ што, спадар Валеры! Некалькі дзён таму стала вядома, што чыноўнікі імкнуцца яшчэ больш адгарадзіцца ад асабліва актыўных грамадзянаў. У Палаце прадстаўнікоў распрацоўваюць закон аб зваротах, у якім плянуецца ўвесьці сыстэму штрафаў для тых аўтараў лістоў, якія (цытую дэпутата Натальлю Кучынскую) «адцягваюць ад працы чыноўнікаў, якія ў выніку адрываюцца ад дзяржзадачы». А што, вельмі эфэктыўнае рашэньне. Не падабаецца начальніку скарга — аштрафаваў скаржніка на пару мільёнаў за празьмерную актыўнасьць, той і замоўкне...

✉ ✉ ✉

Аўтара наступнага ліста Міколу Канаховіча з Пружанаў, як і многіх іншых нашых слухачоў, даўно турбуе крытычны стан беларускай мовы ў грамадзтве:

«Вы на Свабодзе павінны тлумачыць слухачам, што войнамі немагчыма зьнішчыць нацыю. А вось калі забаронены мова народа, ягоная гістарычная памяць, нацыянальная культура — нацыя згарае, як дровы ў печы. Вось чаму вам у кожнай перадачы варта было б нагадваць, што рэфэрэндум 1995 году быў злачыннай акцыяй, якая па сваёй маштабнасьці ня мае аналягаў у сьвеце.

Калі ў краіне пад прымусам нахабна, насуперак Канстытуцыі ўведзена дзьвюхмоўе, дык гэта ўжо не незалежная дзяржава, а калёнія Расеі. Ініцыятарам рэфэрэндуму 1995 году і тым грамадзянам, якія галасавалі за тое злачынства, хоць бы раз на тыдзень варта было б чытаць у эфіры верш Ніла Гілевіча „Праклён“, адрасаваны здараднікам-злачынцам і манкуртам Беларусі».

Але ці будуць тыя, як вы пішаце, «здраднікі» ды «манкурты» слухаць гэтыя вершы — нават калі іх паўтараць кожны тыдзень?

14 траўня сёлета — 20-я гадавіна таго сумнапамятнага рэфэрэндуму. Да гэтай даты ў нашым эфіры будзе нямала адмысловых перадачаў — успамінаў, аналітычных развагаў, дыспутаў. Тады, у 1995 годзе, было абсалютна відавочна, да якіх наступстваў прывядзе ўвядзеньне так званага «дзьвюхмоўя». Ніякага рэальнага раўнапраўя моў у Беларусі не было і няма: Лукашэнка сваёй ініцыятывай вярнуў у Беларусь палітыку татальнай русыфікацыі, якая ажыцьцяўлялася Расейскай імпэрыяй апошнія два стагодзьдзі. І сёньня, калі ачмурэлыя ад імпэрскіх амбіцыяў крамлёўскія кіраўнікі распачалі змаганьне за так званы «русский мир», стала асабліва выразнай і відавочнай уся недальнабачнасьць і заганнасьць рашэньня, прынятага Лукашэнкам у 1995 годзе.

✉ ✉ ✉

І на заканчэньне — кароткі ліст-падзяка і адначасова ліст-просьба ад Валянціны Богуш зь Менску:

«Толькі ад вас мы своечасова даведваемся праўдзівыя навіны пра падзеі ў Беларусі, а таксама ў нашых суседзяў і ва ўсім сьвеце. Вось гэта сапраўдны патрыятызм! Шчыра дзякуем за самаадданую працу для нас і для нашай Беларусі.

Ведаю, што нядаўна Свабода выдала кнігу Сяргея Навумчыка „Дзевяноста чацьвёрты“. Вельмі хацелася б атрымаць яе, калі ў вас ёсьць такая магчымасьць».

Сапраўды, у нашай кніжнай сэрыі нядаўна выйшла чарговая кніга — успаміны непасрэднага ўдзельніка знакавых для сучаснай Беларусі падзеяў 1994 году Сяргея Навумчыка. У гэтыя дні рэдакцыя атрымлівае нямала падобных заявак і просьбаў аб гэтым выданьні. На жаль, наклад кнігі ня надта вялікі: абсалютна ўсім ахвотным выслаць яе не абяцаем, але аўтары найбольш цікавых лістоў на Свабоду атрымаюць яе абавязкова.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG