Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўны брытанец: Мяне зьдзіўляюць міліцэйскія трактары і каровы ў горадзе


Ужо праз два месяцы жыцьця ў Беларусі брытанец Оўэн Броўн пачаў размаўляць па-беларуску. Дасьледаваўшы мясцовую альтэрнатыўную культуру, пабываўшы на палітычных акцыях ды падпольных канцэртах, ён, аднак, зьехаў зь Беларусі, таму што не знайшоў тут «сапраўднай дзьвіжухі».

Пра Беларусь ведаў, што тут бабёр забіў чалавека

Мяне завуць Оўэн Броўн, мне 25 гадоў, я родам з горада Лестэр у Вялікай Брытаніі, гэта невялікі горад у цэнтральнай Англіі. Чатыры гады таму я зьехаў зь Вялікай Брытаніі ў Нарвэгію, потым — у Польшчу, потым — у Беларусь.

Ужо пасьля першага году ўнівэрсытэту я зразумеў, што не хацеў займацца тым, што вывучаў — Interactive Media. Гэта дызайн нейкі. А хацеў я проста катацца па Эўропе, вывучаць мовы.

Калі я жыву за мяжой, зарабляю на жыцьцё тым, што выкладаю ангельскую мову ў дзіцячых садках ды на моўных курсах.

Першай была Нарвэгія, дзе я вывучаў мову. Потым пазнаёміўся там з палякамі, пачаў вывучаць польскую, зьехаў у Польшчу і там працаваў год. Потым, у чэрвені 2013 году, прыехаў у Беларусь.

Чаму ў Беларусь? Ёсьць такая гісторыя. Калі я жыў у Польшчы, у мяне была сяброўка з Украіны, яе завуць Жанна, і яна вельмі файная. Яна пачала арганізоўваць расейскамоўныя сустрэчы ў нейкім пабе ва Ўроцлаве. Я пайшоў туды, вырашыў, што ўжо ад першага разу буду старацца размаўляць па-расейску, хаця ані слова ні сказаў раней па-расейску. Пайшоў, сядзеў, такі: «При́вет!». І ў мяне пачало атрымлівацца, бо я тады ўжо шмат разоў глядзеў «Чабурашку».

Я пачаў размаўляць зь людзьмі. Пасьля нейкіх часоў ужо размаўляў на ламанай расейскай мове. Я зразумеў, што мне цікавая расейская мова, і хацеў пераехаць у расейскамоўную краіну, але не ў Расею. Там, у Польшчы, ёсьць шмат турыстаў, якія едуць праз Польшчу ва Ўкраіну. І я думаў, што калі ўсе едуць ва Ўкраіну, я лепей у Беларусь паеду. Вырашыў, што Беларусь мне цікавая.

Дагэтуль я ня ведаў аніводнага беларуса. Першых беларусаў я сустрэў у аўтобусе з Варшавы ў Менск.

Да таго як я прыехаў, я ведаў хіба толькі чатыры рэчы пра Беларусь з мас-мэдыяў: пра прэзыдэнта, пра выбары, пра цэны на ежу, якія ўзьляцелі ўверх, і яшчэ пра тое, што бабёр забіў чалавека ў Берасьці.

Мову вучыў па Купалу і шыльдах на вуліцы

Я ведаў, што ёсьць беларуская мова, але палякі, якія ўжо былі ў Беларусі, мне сказалі, што ўсе там па-расейску размаўляюць, што ты пачуеш беларускую толькі ў мэтро і тралейбусе.

Калі я ўжо быў тут, я пачаў чытаць трохі: Янку Купалу, шыльды на вуліцах. Тады пачаў разумець, якія літары на якія зьмяняюцца з расейскай у беларускую мову. Вось як «Челюскинцев» — «Чалюскінцаў». Пачаў трохі разумець гэтыя схемы. А потым я трапіў на сустрэчу ў Доме культуры «Ля Мора» ў Грушаўцы і пачаў размаўляць па-беларуску.

Цяпер, напэўна, польскую і расейскую ведаю лепей, чым беларускую. Але гэта толькі таму, што я не выкарыстоўваў беларускую так шмат, як іншыя мовы.

Бывае, часамі нязручна гаварыць па-беларуску, бо некаторыя людзі ня хочуць пераходзіць на мову ці зьдзіўлена глядзяць на цябе. Я не заўсёды размаўляю па-беларуску, на вуліцах і ў крамах. Толькі часамі, калі вельмі хачу.

На Дзень Волі амончык... чалавек з АМОНа. Я яму сказаў «до свидания», калі пакідаў мітынг, а ён мне сказаў — «да пабачэньня»

Але заўсёды можна знайсьці людзей, якія любяць размаўляць па-беларуску. У мяне цяпер іх шмат. Учора госьці прыехалі да мяне, і мы размаўлялі па-беларуску. Адна сяброўка, якая ніколі не размаўляла па-беларуску са школы, пачала з намі. Першы раз за шэсьць гадоў. І добра размаўляла — хутчэй, чым я. У беларусаў ёсьць у гэтым перавага.

Людзі на вуліцы нячаста размаўляюць па-беларуску. Але вось аднаго разу жанчына на Камароўскім рынку сказала мне «да пабачэньня», але я тады зь ёй размаўляў па-расейску, і ў мяне не было часу, каб рэагаваць. Яна хіба зразумела, што я замежнік, хацела паказаць, што ў беларусаў ёсьць уласная мова.

Нядаўна на Дзень Волі амончык... чалавек з АМОНа. Я яму сказаў «до свидания», калі пакідаў мітынг, а ён мне сказаў — «да пабачэньня». Гэта было нечакана.

У ЖЭСе давай хабар — шакалядку

Я раней жыў у Грушаўцы, дзе захаваліся раёнчыкі, падобныя да вёскі — з прыватнымі дамамі, з садамі. Такога немагчыма ўбачыць у Брытаніі, нават у Польшчы ня бачыў такіх раёнаў.

Я таксама бачыў шмат зьвяроў у Менску. Раз карову на Грушаўцы, раз курэй, тут шмат бяздомных коцікаў і сабак. Я нават зрабіў фотаальбом са здымкамі бяздомных катоў, якія жывуць пад маім домам.

Бровар «Аліварыя» — вельмі важнае для мяне месца. Я тут блізка жыў — праз дарогу. Калі вырабляюць піва, гэта звычайна ўвечары, то на бровары грэюць кашу, зь якой робяць ячменны хмель. А ён так пахне!.. Сапраўды, кожны раз, калі я праходзіў увечары, я чуў такія пахі. Гэта як сьвежы салодкі квас, які лётае ў паветры. У мяне шмат добрых успамінаў, зьвязаных з гэтым пахам тут.

Калі мне трэба было зрабіць візу і дазвол на часовае знаходжаньне, былі праблемы. Усё скончылася тым, што ў апошні дзень, калі трэба было падаваць дакумэнты, мы пайшлі зьмяніць фіктыўную рэгістрацыю ў ЖЭС, і мне трэба было даць шакалядны хабар. Гэта быў мой першы ў жыцьці хабар. У Польшчы мне ня трэба было нічога даваць. Толькі тут і толькі шакаляд.

Маё месца — ва Ўсходняй Эўропе

Я зь сябрамі быў на вакзале, калі Бяляцкі прыехаў з турмы. Вось на папярэднім тыдні я хадзіў на Дзень Волі. Мне гэта цікава, але нават у сваёй краіне я не магу шмат займацца палітыкай, таму што я адчуваю, што гэта нэгатыўна ўплывае на маё жыцьцё. Мне становіцца сумна, калі зашмат думаю пра палітыку.

Зараз выбарчая кампанія ў Вялікай Брытаніі, таму я зьехаў. Але мне і без таго не падабацца там жыць. Там ёсьць цікавыя рэчы і шмат замежнікаў. А я вельмі люблю быць разам з замежнікамі, займацца мовамі, вучыцца. Але ўсё адно, у нейкім сэнсе гэта мая краіна, але гэта не маё.

Мне больш падабаецца ва Ўсходняй Эўропе. Тут я адразу адчуваю, калі прыяжджаю ў Польшчу ці ў Беларусь, што гэта маё месца. Адчуваю сябе вельмі добра тут.

Зараз я пляную зьяжджаць зь Беларусі ва Ўкраіну на некалькі месяцаў. Пабуду там, паразмаўляю зь людзьмі, буду займацца рознымі рэчамі, толькі не палітыкай. І потым хачу яшчэ ў Эстонію, у Літву. Мне вельмі падабаюцца ўсе гэтыя краіны.

Увогуле мне вельмі падабаецца жыцьцё ў Польшчы, дзе я жыў год. Людзі вельмі актыўныя, займаюцца рознымі рэчамі кожны дзень, ходзяць на працу, а потым ходзяць кудысьці яшчэ, сустракаюцца зь сябрамі.

Калі па вуліцы ехалі танкі, у мяне пачалася паніка

У Беларусі ціха. Усе так кажуць, і ёсьць праўда ў гэтым. Тут людзі ў большай ступені ідуць дамоў пасьля працы і ня робяць асабліва нічога. Тут таксама шмат маладых людзей, якія жывуць з бацькамі. Бацькі тут, па-мойму, увесь час стараюцца кантраляваць сваіх дзяцей.

Я зусім ня бачыў гэтага ў іншых краінах, каб мама кожны дзень правярала: «Дзе мой малы?» Нават калі бацькі жывуць у суседнім горадзе. Да таго ж яшчэ ўсялякія сацыяльныя рэклямы паўсюль: «С кем твой малыш играет? Твой ребенок не на дороге?». Мне не падабаецца гэта. Мне проста падаецца, што беларускія бацькі і без таго досыць строгія.

Я не кажу, што гэта дрэнна, што тут жыцьцё ціхае. Тое, што нядобрае для мяне, для маладога чалавека, які хоча больш «дзьвіжухі», гэта можа быць вельмі добра для іншых. Для тых, хто хоча ціхага жыцьця, хто хоча нараджаць дзяцей.

Я ішоў ля краю дарогі з паднятымі рукамі, каб паказаць, што я супраць танкаў

Тут вельмі бясьпечна. Тут няма такіх вар’ятаў, якіх кожны дзень бачыш на вуліцах у нас. Але проста ў маім выпадку — мне падабаюцца дзіўныя і нечаканыя рэчы.

Але раз мне было страшна. Хіба ў чэрвені ў мінулым годзе, перад Днём Незалежнасьці, я быў на працы, калі па вуліцы пачалі ехаць танкі і ракеты. Гэта было першы раз у жыцьці, калі я бачыў танкі і ракеты. Такога ня можа быць у нас. Я ўвогуле ня мог размаўляць са сваімі студэнтамі, бо не было чутно нічога. Калі скончыліся заняткі, я пайшоў да мэтро. Але я так баяўся, што ў мяне пачалася паніка. Я ішоў ля краю дарогі з паднятымі рукамі, каб паказаць, што я супраць танкаў. Там стаялі ўсе такія міліцыянты й глядзелі на мяне. Але нічога не рабілі, усьміхаліся. Таксама з танкаў глядзелі на мяне, хіба зразумелі паведамленьне.

Нават у Польшчы лепей з талерантнасьцю, чым у Беларусі

У Беларусі шмат незвычайнага. Тут міліцыянты езьдзяць на трактарах, тут увогуле трактары паўсюль у Менску. Я кожны дзень бачу трактары, часамі лічу — бачу тры-чатыры трактары на дзень.

Часам хадзіў на канцэрты андэграўндныя зь сябрамі, я ўвогуле жыў зь вельмі цікавымі людзьмі, якія займаюцца рознымі рэчамі андэграўнднымі. Яшчэ быў разы тры-чатыры на «Свабодным тэатры». Мне ён вельмі падабаецца. Яны малайчынкі. Яшчэ быў раз на закрытай гей-паці ў нейкім бары, там было вельмі цікава. Такога не пабачыш на вуліцы, таму што ў Беларусі небясьпечна быць адкрытым геем, але там было шмат вельмі цікавых людзей.

Мяне больш за ўсё расчаравала, што я вельмі хутка пазнаёміўся ў Беларусі зь вельмі неталерантнымі людзьмі. Ня раз было так, калі я жыў у гостэле, проста размаўляў з кiмсьцi, з нармальным чуваком, а ён раптам кажа: «О, ты з Брытаніі, а там аднаполавыя шлюбы. Гэта хіба вельмі дрэнна, не? Гэтыя геі такія... як вы можаце з гэтым жыць?» Мне пофiг, каго ты кахаеш, з кім сустракаесься.

Я ніколі ня бачыў такой адкрытай нянавісьці ў іншых краінах. Нават у Польшчы нашмат лепей з талерантнасьцю, чым у Беларусі. Я таксама лічу, што ў Беларусі мала расізму толькі таму, што тут вельмі мала замежнікаў. Нават расейскамоўных.

У Беларусі жыве няшмат замежнікаў. Але тыя, хто вырашае сюды прыехаць, гэта асаблівыя людзі. Яны маюць больш досьведу, бо каб ехаць у Беларусь, трэба знайсьці энэргію на ўсе гэтыя візы, на арганізацыю вандроўкі. Людзям трэба шмат матывацыі для гэтага. Замежнікі, якія тут ёсьць, зь якімі я пазнаёміўся, яны звычайна вельмі адрозныя, у добрым сэнсе, вельмі нечаканыя. Мне падаецца, больш цікавыя людзі выбіраюць ехаць у Беларусь, самыя рашучыя.

Оўэн Броўн: пра хабар, піва, зьвяроў, трактар, АМАП, талерантнасьць і магічную палачку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:18:38 0:00

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG