Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пэкіне скончыўся міжнародны форум «Адзін пояс — адзін шлях», у якім бралі ўдзел лідэры 29 краін, а ўсяго туды прыбылі дэлегацыі з больш як 130 дзяржаў. У сусьветных, а асабліва ў беларускіх дзяржаўных мэдыях ён атрымаў шмат гучных ацэнак. Канцэпцыя стварэньня Эканамічнага пояса Шаўковага шляху была названая самой буйной эканамічнай ініцыятывай у сьвеце, галоўным драйвэрам сусьветнай эканомікі, асноўным праектам ХХІ стагодзьдзя, які перакроіць геапалітычную мапу сьвету, і інш.

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы са старшынём КНР Сі Цзіньпінам з усходняй лісьлівасьцю сыпаў камплімэнты гаспадару:

«Самым яркім і самым магутным (я за 20 зь лішнім гадоў працы прэзыдэнтам такога ня бачыў) было ваша ўступнае слова. Мы ўзялі гэтае выступленьне і прааналізуем яго дома. Гэта навука для любога кіраўніка дзяржавы. Гэта быў маштабны і вельмі канкрэтны выступ...»

Але вось форум завяршыўся, госьці разьехаліся, баль скончаны, пагасьлі сьвечкі. Цяпер можна трохі вярнуцца зь нябёс на зямлю і паспрабаваць разабрацца, што мы маем у сухім астатку.

Гэта ня так лёгка зрабіць, бо кітайскія таварышы ўсяляк пазьбягаюць пэўнасьці і канкрэтыкі. Яны настойліва падкрэсьліваюць, што канцэпцыя «Адзін пояс — адзін шлях» — гэта не праект, а ініцыятыва. У яе няма дакладнага бізнэс-пляну, нейкай «дарожнай мапы», дзе былі б дакладна прапісаныя абʼекты, сумы, крыніцы фінансаваньня, тэрміны рэалізацыі. Усе афіцыйныя дакумэнты ці заявы з кітайскага боку ў рамках гэтага праекту — хутчэй дэклярацыі аб намерах.

Кітайскія мэдыі настойліва падкрэсьліваюць, што для фінансаваньня гэтай ініцыятывы створаныя адмысловыя фонды і банкі зь вялізнымі капіталамі. А вось канкрэтныя лічбы. Азіяцкі банк інфраструктурных інвэстыцый у 2016 годзе выдаў усяго 1,7 млрд даляраў на дзевяць праектаў, шэсьць зь якіх суфінансаваў Сусьветны банк і іншыя структуры. Мізэр.

Не хачу сказаць, што ўсё гэта вялікі блеф, аднак мэдыйны шум вакол згаданай ініцыятывы шматкроць перавышае рэальныя крокі па яе ажыцьцяўленьні. Праблема ў тым, што ідэя Шаўковага шляху ўзьнікла ў момант, калі ў эканоміцы Кітая ўпершыню за апошнія дзесяцігодзьдзі выявіліся крызісныя зьявы. Справа ня толькі ў тым, што тэмпы яе росту сталі відавочна зьмяншацца.

Праблема ў тым, што ідэя Шаўковага шляху ўзьнікла ў момант, калі ў эканоміцы Кітая ўпершыню за апошнія дзесяцігодзьдзі выявіліся крызісныя зьявы

Цяпер шмат замежных экспэртаў даводзяць, што кітайскі эканамічны цуд быў у значнай ступені штучны. Вось амэрыканскі эканаміст Джэймс Рыкардс адзначае, што каля 45% эканамічнага росту Кітая забясьпечвалі інвэстыцыі. У разьвітых краінах гэты паказчык знаходзіцца на ўзроўні 30%. Але праблема яшчэ і ў тым, што, па-першае, гэтыя інвэстыцыі адбываліся за кошт банкаўскіх крэдытаў. А па-другое, інвэставаліся ня столькі камэрцыйныя праекты, колькі інфраструктурныя. Добра вядомым пабочным вынікам кітайскага эканамічнага цуду сталі «мёртвыя гарады», у якіх ніхто не жыве. Таму цяпер Кітай перажывае даўгавы крызіс, прычым гэтыя даўгі з дапамогай розных штучных фінансавых інструмэнтаў размазаныя па ўсёй эканоміцы. Як вынік, адбываецца адток капіталу з краіны ў памеры каля 100 млрд даляраў у месяц.

Яшчэ адна праблема палягае ў росьце сярэдняга заробку ў Кітаі да 700 даляраў, што вышэй, чым у Беларусі і Расеі. Гэта разбурае галоўны чыньнік, які забясьпечваў дасюль экспансію кітайскага экспарту ў сьвеце: нізкі кошт рабочай сілы, а значыць, і сабекошт тавараў.

З усяго гэта вынікае, што Кітай сёньня ня можа дазволіць сабе выдаткоўваць у ранейшых памерах буйныя інвэстыцыі за мяжу. Бо вялізная крэдытная піраміда можа абрынуцца. Таму цяпер кітайцы будуць прадʼяўляць яшчэ больш жорсткія рынкавыя патрабаваньні па забесьпячэньні пазык. У прыватнасьці, большасьць пабудаваных Кітаем інфраструктурных абʼектаў у Пакістане і Мʼянме пасьля здачы будуць ад 30 да 50 гадоў знаходзіцца ва ўласнасьці КНР. Інакш кажучы, ніякай «халявы» — кітайцы жорстка і пасьлядоўна ахоўваюць свае інтарэсы.

Ніякай «халявы» — кітайцы жорстка і пасьлядоўна ахоўваюць свае інтарэсы

А ўвесь гэты патас і шум зь цяперашнім форумам у Пэкіне мае больш геапалітычны і сымбалічны сэнс. Ён закліканы прадэманстраваць веліч і моц Кітая, адрадзіць статус Паднябеснай імпэрыі, стаць трыюмфам зьнешняй палітыкі старшыні КНР Сі Цзіньпіна напярэдадні важнага XIX зьезду Кампартыі Кітая, прызначанага на восень 2017 году.

З гэтага зусім не вынікае, што ня трэба супрацоўнічаць з Кітаем. Усе краіны змагаюцца за кітайскія інвэстыцыі, і Беларусь робіць тое самае. Вось шмат пішуць пра тое, што ў Беларусі вялікае адмоўнае сальда ў гандлі з Кітаем. Але ці шмат краін у сьвеце маюць станоўчае сальда ў эканамічных стасунках з КНР?

А вось чаго ня трэба рабіць, дык гэта падмяняць рэальны аналіз і ацэнкі выгад супрацоўніцтва з новай звышдзяржавай прапагандысцкім блефам. Бо, як звычайна пасьля такіх візытаў, беларускія афіцыйныя асобы апавядаюць пра вялізныя грошы, якія нібыта прыйдуць з Кітая ў Беларусь. Але пакуль усе праекты, якія агучаныя, — гэта дэклярацыі аб намерах, абяцаньні, на якія кітайцы вялікія мастакі. Далёка ня ўсе яны будуць рэалізаваныя. Але нават калі гэтыя крэдыты і прыйдуць, то на ўмовах, больш выгадных Кітаю, чым Беларусі.

Усё ж ацэньваць беларуска-кітайскае сяброўства варта па выніках, а не па намерах.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG