Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль Расея забараняе беларускія прадукты, Беларусь выходзіць на харчовы рынак Кітаю


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Кітая Сі Цзіньпін падчас сустрэчы ў Пэкіне. Пэкін, 16 траўня 2017 году

У Менску прайшла канфэрэнцыя «Бізнэс з Кітаем: інструкцыя экспартэра».

Паўтара дзясятка экспэртаў падзяліліся практычнымі парадамі, як наладзіць гандаль з адной з найбольш дынамічных эканомік сьвету.

Запрошаныя ўдзельнікі расказалі, як шукаць партнэраў у бізнэсе, прасоўваць тавар на кітайскі рынак, арганізаваць лягістыку і мытнае афармленьне. Былі прадэманстраваныя прыклады пасьпяховай працы беларускіх кампаній.

Дабрабыт кітайцаў паляпшаецца, гэтым трэба скарыстацца

Падчас канфэрэнцыі неаднаразова гучала: у той час, як Расея ўсё часьцей выказвае незадаволенасьць якасьцю беларускай прадукцыі, Кітай гасьцінна адкрывае свой вялізны рынак.

Яўген Увядзенскі, дырэктар прадпрыемства «Белінтэрэкспа» Беларускай гандлёва-прамысловай палаты:

«Кітай зьяўляецца ня толькі вядучым усясьветным экспартэрам, але і другой краінай у сьвеце паводле аб’ёму імпарту. Тавары мясцовай вытворчасьці ў Кітаі па-ранейшаму лічацца недастаткова высокага клясу, імпарт лічацца больш прэстыжным. Палова насельніцтва Кітаю жыве ў гарадах, матэрыяльнае становішча няўхільна паляпшаецца, яны могуць сабе дазволіць замежную прадукцыю. Пазыцыі імпарту, якія дэманструюць рост ад 30 да 150% — антыкварыят, касмэтыка, мяса; аб’ём імпарту склаў летась 10 мільярдаў даляраў. Можна толькі парадавацца за дасягнутыя дамоўленасьці аб доступе на кітайскі рынак прадукцыі беларускіх мясакамбінатаў, вырабаў з малака, льнянога адзеньня, абутку, цацак, мэдычных прэпаратаў».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, экспарт Беларусі ў Кітай у 2016 годзе склаў 468 мільёнаў даляраў і істотна зьнізіўся адносна папярэдніх гадоў — усяго 0,03% ад кітайскага імпарту. Асноўныя пазыцыі — калійныя ўгнаеньні, капраляктам, праграмнае забесьпячэньне, прадукцыя машынабудаваньня. Тым ня менш чакаецца, што 2017-ы стане «прарыўным»: паколькі кітайскі рынак разьвіваецца, беларускія вытворцы могуць знайсьці ў ім сваю нішу.

Загрузіць кітайскія вагоны, якія вяртаюцца з Эўропы паражняком

Георгі Баркоўскі, дырэктар і заснавальнік прадпрыемства «Усход прагрэс сэрвіс», прадстаўнік Канфэдэрацыі прадпрымальніцтва ў Кітаі:

«Сёньня адкрыліся вялікія магчымасьці для вытворцаў прадуктаў харчаваньня — гэтая група тавараў мае ўсе шанцы заваяваць кітайскі рынак і атрымаць вялікія аб’ёмы. У 2016-м аб’ём імпарту прадуктаў харчаваньня ў Кітай дасягнуў 50 мільярдаў даляраў. Праблема адна — тэрмін захоўваньня: неабходна закладаць мінімум 90 дзён паміж адпраўкай тавару зь Беларусі і пападаньнем яго на паліцы ў кітайскай краме. Таму мінімальны тэрмін прыдатнасьці тавараў, якія можна экспартаваць у Кітай, — 12 месяцаў. Чым вышэйшы тэрмін захоўваньня, тым больш упэўнена сябе адчуваюць імпартэры».

Экспэрты раяць зьвярнуць увагу на дастаўку прадукцыі чыгуначным транспартам, які Кітай актыўна разьвівае ў рамках маштабнага праекту «Адзін пояс і адзін шлях». Цяпер у Эўропу ідуць караваны цягнікоў з кітайскім таварам, якія назад рухаюцца загружанымі на 25-30%. І хоць такія выдаткі істотна даражэйшыя, чым марскім шляхам, але чыгунка ўдвая хутчэйшая.

Савет Міністраў зацьвердзіў выкананьне штогадовых заданьняў у экспарце тавараў і паслуг у Кітай да 2020 году ў якасьці ключавых паказьнікаў эфэктыўнасьці працы. Так, у 2017 годзе экспарт у КНР павінен скласьці 653 мільёны даляраў, на 2018-ы заданьне — 806 мільёнаў, на 2019-ы — 1 мільярд 60 мільёнаў, на 2020-ы — 1,5 мільярда.

Накарміць кітайцаў беларускай ялавічынай, напаіць малаком

Аляксандар Субоцін, намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі, дырэктар Дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду:

«Праведзена сэртыфікацыя 34 беларускіх вытворцаў малака, для якіх рынак КНР адкрыты фактычна ад 2016 году. Па сутнасьці, сэртыфікаваная ўся малочная галіна, у тым ліку „Беллакт“ па дзіцячым харчаваньні. Калі ў 2015 годзе пастаўкі ацэньваліся ў аб’ёме некалькіх сотняў тысяч даляраў, за ўвесь мінулы год — крыху больш за мільён даляраў, то за першыя месяцы 2017-га — ужо 600 тысяч даляраў. Экспартуюцца найперш сухое і натуральнае малако, кісламалочныя прадукты. Працягваецца сэртыфікацыя яшчэ трох малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў, і цяпер ідзе праца для падпісаньня кантрактаў агулам на 10 мільёнаў даляраў».

Паводле чыноўніка, на фінальным этапе знаходзіцца сэртыфікацыя прадпрыемстваў у вытворчасьці ялавічыны і вырабаў зь яе. Усе папярэднія ўзгадненьні завершаныя, прынятыя інспэкцыі кантролю з боку вэтэрынарных службаў. Усяго заяўкі на сэртыфікацыю падалі больш за два дзясяткі беларускіх прадпрыемстваў, чатыры зь іх атрымалі самыя высокія ацэнкі і могуць пачынаць экспарт ялавічыны ў Кітай.

Пасьля таго, як скончыцца сэртыфікацыя мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў, ёсьць дамоўленасьць аб пачатку аналягічнай працы датычна прадпрыемстваў у вытворчасьці мяса птушкі. Пакуль жаданьне экспартаваць прадукцыю ў Кітай выказалі 5 прадпрыемстваў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG