Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама, Пуцін, доктар Ліза і палітолягі — 10 цытат з выступу Бялкоўскага ў Менску


Станіслаў Бялкоўскі
Станіслаў Бялкоўскі

26 студзеня адбылося другое паседжаньне інтэлектуальнага клюбу Сьвятланы Алексіевіч, госьцем якога стаў расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі.

Прадстаўляючы госьця, Сьвятлана Алексіевіч патлумачыла свой выбар. На яе думку, «прагнозы Бялкоўскага заўсёды спраўджваюцца», і ў наш час, калі «абрынаецца старая будова сьвету», беларусам неабходныя адказы на складаныя пытаньні:

«Станіслаў Бялкоўскі — гэта прафэсіянал высокай якасьці ў наш час упадку прафэсіяналізму. Станіслаў Бялкоўскі — гэта бляск розуму і прагнозы, якія заўсёды спраўджваюцца. Чаму менавіта Станіслаў сёньня? Таму што мы жывём у такі час, калі стары парадак уладкаваньня сьвету разбураецца — я маю на ўвазе перамены ў ЗША, у Расеі. Таму я вырашыла, што трэба запрашаць людзей, якія могуць адказаць на нашы пытаньні. Сьвет незразумелы, а мы шукаем адказы. Адказы вельмі цяжка знайсьці», — сказала Сьвятлана Алексіевіч.

Свабода сабрала самыя цікавыя выказваньні палітоляга, які ў сваёй лекцыі «Чацьвёртая сусьветная вайна. Апошні выхад для посткаляніяльнага сьвету» гаварыў, чым падобныя Пуцін і Трамп і чаму ў Беларусі ня зьявяцца крамлёўскія «зялёныя чалавечкі».

Станіслаў Бялкоўскі, Сьвятлана Алексіевіч, Юры Дракахруст
Станіслаў Бялкоўскі, Сьвятлана Алексіевіч, Юры Дракахруст

Пра Абаму

Абаму, я бачыў адзін раз — яшчэ да таго, як ён стаў прэзыдэнтам. Летам 2008 году ён выступаў у Бэрліне, і я там прысутнічаў сярод 200 тысяч гледачоў. Тады расейскі істэблішмэнт быў перакананы, што Абама прайграе — расейцы ня верылі, што чарнаскуры можа стаць прэзыдэнтам ЗША. Але гэта спрацавала як закляцьце. Калі я быў на выступе Абамы ў Бэрліне, я зразумеў, што ён будзе прэзыдэнтам, — ён запаліў тыя 200 тысяч чалавек, уключна са мной, мы слухалі з адкрытым ротам. Тады я пазваніў у Маскву і сказаў, што Маккейн ня будзе прэзыдэнтам. Абама стаў стваральнікам новага сьвету. Калі ў мяне пытаюцца, ці правільна, што Абама атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру, практычна нічога для гэтага не зрабіўшы, я кажу: так, гэта правільна. Таму што ён зламаў усе стэрэатыпы сучаснага сьвету. Да таго ж ён сфармаваў пазыцыі, якія і вызначаюць вэктар разьвіцьця сучаснага сьвету — гэта сьвет, у якім ідэі і тэхналёгіі пераважаюць над грубай фізычнай сілай. Гэта сьвет, у якім грубая фізычная сіла нічога ня значыць, дзе ёсьць прымат ідэяў і тэхналёгіяў«.

Пра Пуціна

Калі я кажу, што Абама стварыў новы сьвет з прыматам ідэяў і тэхналёгіяў, гэта ня значыць, што стары сьвет зьнік. Зусім не. Наадварот, ён супраціўляецца і ня хоча паміраць і сваёй кашчавай рукой хоча ўхапіць новы сьвет. Самы клясычны прыклад гэтай кашчавай рукі — Уладзімір Пуцін, які хоча даказаць, што няма ніякага сьвету ідэяў і тэхналёгіяў, а ёсьць толькі сьвет фізычнай сілы. Больш за тое, Пуцін даволі пасьпяхова рэалізуе гэтую тактыку.

Пра палітолягаў

Я абсалютна фэйкавы палітоляг. Ня ведаю, як у Беларусі, але ў Расеі палітолягам называюць любога публічнага камэнтатара на палітычныя тэмы. То бок, калі журналісты ня ведаюць, як тытраваць чалавека, яны пішуць «палітоляг». Вось я менавіта такі палітоляг. Праўда, я ня ведаю, ці існуюць сапраўдныя палітолягі і чым яны адрозьніваюцца ад несапраўдных. Паліталёгія — гэта фэйк. Няма такой навукі.

Пра Ту-154

Чаму ён зваліўся? Давайце ўзновім карціну. Я вам раскажу сваю вэрсію. Самалёт вылятаў з вайсковага аэрапорту «Чкалаўскі». Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён садзіўся у аэрапорце «Адлер» на дазапраўку. Але любы спэцыяліст пацьвердзіць, што самалёту Ту-154 не патрэбна дазапраўка для адлегласьці ад Масквы да Сырыі. Для чаго ён садзіўся? Для таго, каб узяць на борт дывэрсыйна-выведную групу з выбухоўкай, якая ляцела таксама ў Сырыю. А праз тое, што адным з важным фэномэнаў расейскага жыцьця ёсьць «бардак», выбухоўку загрузілі на борт ня вельмі пасьпяхова — пры ўзьлёце яна здэтанавала. Усе размовы пра тое, што самалёт разьбіўся, бо ўдарыўся аб ваду, цалкам абвяргаюцца афіцыйнай статыстыкай — у большасьці выпадкаў, калі прывадняецца такі вялікі самалёт, увогуле ніхто ня гіне. У выпадку са сьнежаньскай катастрофай вельмі доўгі час зьбіраюць целы і рэшткі самалёта — відавочна, што быў выбух. Зразумела, што гэта старанна ўтойваецца расейскімі ўладамі — у іншым выпадку давядзецца прызнаць, што там ляцела ДВГ з выбухоўкай.

Пра доктара Лізу

Расейская грамадзкая думка моцна мяне крытыкуе за спробу абʼектыўнай ацэнкі Лізаветы Глінкі — я лічу, што яна памагатая забойцаў і піярніца вайны ў Сырыі і ва Ўкраіне. У грамадзкай сьвядомасьці яна — чалавек, які займаўся дабрачыннасьцю. Але такія рэчы ня робяцца ў жывым эфіры. Дабрачыннасьць ня робіцца ў жывым эфіры. Калі ты робіш гэта публічна, то гэта забівае сам матыў дабрачыннасьці.

Лізавету Глінку хваляць за тое, як яна працавала з бадзягамі. Прычым рабіла гэта на камэру. Я сам вельмі актыўна працую з бяздомнымі. Я жыву каля мэтро «Пушкінская», так склалася, што там іх вельмі шмат. Розьніца паміж Глінкай і мной у тым, што раніцай я выходжу і раздаю гэтым бамжам па сто рублёў — на пахмел. Бяз камэраў. Без прэтэнзіі на дабрачыннасьць.

Пра чацьвёртую сусьветную вайну

Яшчэ нядаўна я думаў, што вайна на тэрыторыі NATO немагчымая, што няма той сілы ў сьвеце, якая асьмелілася б уварвацца на тэрыторыю NATO. Я памыляўся. Гэта ўжо здарылася. Проста мы павінна пашырыць разуменьне вайны. Вайна ў сучасным разуменьні — гэта ня тое самае, што было ў ХХ стагодзьдзі, калі афіцыйна абʼяўлялася вайна і войскі адной дзяржавы ўводзіліся на тэрыторыю іншай. Цяпер вайна — гэта гібрыдная вайна. Калі РФ арганізавала кібэратакі на амэрыканскія сайты — гэта акт вайны. Таксама мы ведаем, што пры ўдзеле РФ летась была зробленая спроба перавароту ў Чарнагорыі і замах на прэмʼер-міністра Сэрбіі Аляксандра Вучыча. Прычым ніякага практычнага сэнсу гэтыя акцыі ня мелі, яны ніякім чынам не паўплывалі на палітычную сытуацыю ў гэтых краінах — яна ўсё роўна рухаюцца ў бок Эўропы і Эўраатлянтычнага зьвязу. Мэта гэтых акцыяў — паказаць, што гэта можна зрабіць, што так бывае. З пункту гледжаньня Пуціна гэта пасьпяховыя спробы, гэта можна паўтарыць. Таму чацьвёртая сусьветная вайна ўжо ідзе — гэта вайна амбіцыяў і вайна псыхалёгіяў. Атрымліваецца, што новы сьвет скаланаюць канвульсіі старога сьвету. Больш за тое, стары сьвет тактычна аказаўся даволі эфэктыўным. Але гэта тактычная параза, не стратэгічная. Стратэгічна, я перакананы, новы сьвет пераможа.

Пра Трампа

Перамога Трампа — акурат праява тактычнай перамогі старога сьвету над новым. Гэта перамога местачковай філязофіі. Таму з гэтым давядзецца некалькі гадоў пражыць. Сымпатыя Пуціна да Трампа не зьвязана з прагматычнымі перакананьнямі, таму што каманда Трампа напоўненая антыпуцінскімі кадрамі. Няма ніякіх падстаў думаць, што пры Трампу адбудзецца разварот у бок Расеі. Не. Сымпатыя Пуціна да Трампа выкліканая тым, што гэта перамога старога сьвету, прадстаўніком якога ёсьць і Пуцін.

Пра нацыянальную ідэю

Кожная дзяржава павінна сфармуляваць сваё заданьне. Адказаць на пытаньне, для чаго патрэбная гэтая дзяржава? Адарваньне ад імпэрыі можа быць такім заданьнем. Добры прыклад — гэта Ўкраіна, якая цяпер імкнецца ўсімі шляхамі адмежавацца ад Расеі. Такім чынам, у дадзены гістарычны прамежак часу задача Ўкраіны — даказаць, што яна не Расея. Тое самае датычыцца і іншых краінаў, якія ўзьніклі на постсавецкай прасторы.

Пра Расею

Расея ня можа адмовіцца ад імпэрскага ўкладу жыцьця. Я за тое, каб прызнаць Расею нацыянальнай дзяржавай, а не імпэрыяй. Расейскі народ пакуль ня згодны ісьці на такое. Любы вынік зьяўляецца вынікам утоптваньня ў гразь свайго ж народу. І каб гэта спыніць, трэба новы лідэр. Такі, які прынёс бы сябе ў ахвяру. Але я веру, што такое здарыцца. У мяне ніколі не было жаданьня пакінуць Расею. Але я не хачу гэтага. Прытым, што краіна Расея ніколі не была асабліва добрая да мяне.

Пра Беларусь

Беларусь ужо даўно сыходзіць з расейскай арбіты. Яна ня можа дэкляраваць гэта дэманстратыўна, таму што ёсьць эканамічныя інтарэсы, якія гэтаму перашкаджаюць. Пуцін не пачне прамой вайны зь Беларусьсю, таму што гэта будзе парушэньнем Эўразійскага эканамічнага саюзу, якія для Пуціна важны ў сымбалічным сэнсе — гэта доказ прадукцыйнасьці Пуціна як рэканструктара СССР. Пры гэтым Пуцін не давярае Лукашэнку і ня лічыць яго сваім сябрам. Гэта ўзаемна. Станаўленьне Беларусі магчыма толькі пры ўмове дыстанцыяваньня ад Расеі. І я перакананы, што Беларусь ня стане часткай «русского мира». Цяпер шмат кажуць пра тое, што Пуцін скарыстаецца вучэньнямі АДКБ 2017 году і пакіне на тэрыторыі Беларусі войскі і тэхніку. Што я думаю на гэты конт? Я думаю, што без дазволу Лукашэнкі гэтага ня здарыцца. Ці дазволіць Лукашэнка? На маю думку, у яго няма падстаў гэта дазваляць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG