Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адзначылі 25-годзьдзе ўсталяваньня дыпляматычных дачыненьняў Беларусі і Ўкраіны


Сьвяткаваньне 25-годзьдзя дыпляматычных дачыненьняў Беларусі і Ўкраіны ў Менску
Сьвяткаваньне 25-годзьдзя дыпляматычных дачыненьняў Беларусі і Ўкраіны ў Менску

У канцы сьнежня Ўкраіна адзначае адразу некалькі значных датаў: 22 сьнежня 1917 году была створаная Ўкраінская Народная Рэспубліка. Роўна праз год, 22 сьнежня 1918 году, заснаванае Міністэрства замежных справаў Украіны.

Таму менавіта ў гэты дзень – 22 сьнежня – адзначаецца Дзень украінскай дыпляматыі. А 27 сьнежня 1991 году былі завязаныя дыпляматычныя дачыненьні паміж незалежнымі Ўкраінай і Беларусьсю.

«Двухбаковыя дачыненьні паміж нашымі краінамі былі заўсёды добрасуседзкімі і безупынна ўмацоўваюцца. Прэзыдэнты абедзьвюх краінаў Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка рэгулярна сустракаюцца і вядуць тэлефонныя размовы. Нядаўна Кіеў наведаў міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей, на сустрэчу «нармандзкай чацьвёркі» міністраў замежных справаў у Менск прыяжджаў кіраўнік украінскага замежнапалітычнага ведамства Паўло Клімкін. Літаральна сёньня, 22 сьнежня, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прыняў былога прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучму.

Але цягам апошніх двух гадоў Менск стаў пляцоўкай мірных перамоваў. І літаральна ўчора менавіта ў Менску была прынятая сумесная заява аб спыненьні агню ў Данецкай і Луганскай абласьцях з 24 сьнежня», — адзначыў часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Валерый Джыгун.

Валерый Джыгун
Валерый Джыгун

На ўрачыстасьцях, што адбыліся ў менскім Доме дружбы, выступіў начальнік аддзелу Ўкраіны, Малдовы і Закаўказьзя беларускага МЗС Ігар Заламай. Ён падкрэсьліў, што Беларусь і Ўкраіна змаглі ў складаныя часы захаваць сяброўства, а Менск надаў сваю пляцоўку для перамоваў у справе ўрэгуляваньня канфлікту ў Данецкай і Луганскай абласьцях:

«Беларусы і ўкраінцы падобныя мэнталітэтам, у нас падобныя мовы. Украіна ёсьць другім паводле значнасьці гандлёва-эканамічным партнэрам Беларусі. У лепшыя часы тавараабарот паміж нашымі краінамі дасягаў 8 мільярдаў даляраў у год. Але і нас крануў усясьветны крызіс, у апошнія пару гадоў быў спад. Спадзяемся, што сёлета мы выйдзем на лічбу ў 3,5 мільярда даляраў».

Народная дыпляматыя таксама прабівае шлях да ўсіх далейшых дзеяньняў. Праз два месяцы грамадзкае аб’яднаньне ўкраінцаў «Ватра» адзначыць 25-годзьдзе. Старшыня аб’яднаньня «Ватра» Віктар Гутоўскі кажа, што ўся ўкраінская дыяспара ў Беларусі вельмі балюча перажывае трагедыю, што адбываецца на ўсходзе Ўкраіны:

«Цягам двух гадоў ва Ўкраіне ліецца кроў, плачуць бацькі і дзеці. Дай Божа нам усім розуму, дай Божа нам усім сумленьня, гонару і годнасьці, каб ва Ўкраіне наступіў мір. Гісторыю ня трэба і нельга перапісваць».

Па-ўкраінску выступілі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прафэсар Раман Матульскі, паэт, ляўрэат шматлікіх літаратурных прэміяў Мікола Мятліцкі. А саліст ансамблю ўкраінскай песьні «Ватра» Аляксандар Валодчанка, акрамя надзвычай мэлядычных украінскіх песень, прасьпяваў беларускія «Спадчыну», «Касіў Ясь канюшыну», «Каля Чырвонага касьцёлу».

Аляксандар Валодчанка
Аляксандар Валодчанка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG