Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ва Ўкраіне Сьвяты Мікалай змагаецца зь Дзедам Марозам


У рэзыдэнцыі Дзеда Мароза ў парку «Кіеўская Русь»
У рэзыдэнцыі Дзеда Мароза ў парку «Кіеўская Русь»

Ці ёсьць у гэтым змаганьні пераможца і пераможаны?

У кожнага – свая рэзыдэнцыя

У Нацыянальным запаведніку «Кіева-Пячэрская лаўра» адкрылася найбольшая ва Ўкраіне рэзыдэнцыя сьвятога Мікалая, а 19 сьнежня ў галоўным памяшканьні «Укрпошты» ў цэнтры Кіева — і ягоная пошта.

Адсюль навагоднія прывітаньні і пажаданьні ўкраінцаў будуць накіроўвацца ў розныя краіны сьвету, у тым ліку і ў Беларусь — для гэтага тут ёсьць спэцыяльная скрыня «Белпошты».

Для віншаваньняў з Новым годам – скрыні суседніх дзяржаваў, у тым ліку Беларусі
Для віншаваньняў з Новым годам – скрыні суседніх дзяржаваў, у тым ліку Беларусі

Дзед Мароз разьмясьціў сваю галоўную рэзыдэнцыю ў 45 кілямэтрах ад Кіева – на тэрыторыі парку «Кіеўская Русь». Але ён прымае лісты не ў паштовую скрыню, а ў чароўную шкатулку.

Між тым афіцыйнага загаду, з кім сустракаць Новы год — зь Дзедам Марозам ці Сьвятым Мікалаем – няма. Кожная ўстанова мусіць самастойна вызначацца з навагоднім сымбалем. Але афіцыйныя сьвяты другі год запар у Кіеве праводзіць Сьвяты Мікалай.

Мікалай, Мікалай, ты да нас завітай!

«Віншую! Са сьвятам! Няхай збываюцца вашы мары! Зычу вам шчасьця, каханьня!». Так Сьвяты Мікалай сустракае ўсіх наведнікаў галоўнага паштамта на Храшчаціку. Ягоная місія, як і Дзеда Мароза, будзе доўжыцца да 8 студзеня.

У жыцьці Сьвяты Мікалай — Уладзімер Міхайлаў. Ён скончыў Кіеўскую вайсковую акадэмію супрацьпаветранай абароны, але ўсё жыцьцё марыў здымацца ў кіно. Пасьля звальненьня з войска мара рэалізавалася.

Сьвяты Мікалай — Уладзімер Міхайлаў
Сьвяты Мікалай — Уладзімер Міхайлаў

— Я стаў мастаком: пішу не калі хочацца, а калі грошай няма. Потым я паралельна стаў паэтам, кніжак шмат напісаў. Здымаўся ў кіно, у рэкляме.

— А як людзі рэагуюць, калі сустракаюць у вашай асобе Сьвятога Мікалая?

— Часьцей шарахаюцца. Хоць шмат і шчырых асобаў. Нядаўна я прыняў 29 дзетак, частаваў іх гарбатаю, каваю. У нас можна адправіць паштоўкі ў сіроцкія будынкі ці інтэрнаты за кошт прадпрыемства «Укрпошта». Тут ёсьць вялізная белая скрыня, у якую ўсе кідаюць свае лісты. Потым яны трапляюць да мяне, і я даю адказы на гэтыя лісты. Там вышэй знаходзяцца паштовыя скрыні суседніх з намі краінаў. Ёсьць і паштовая скрыня Беларусі. Шмат замежнікаў зьвяртаецца.

— А беларусам чаго пажадаеце?

— Як і ўсім. Здароўя, шчасьця, любові. Каб яны сьвядома ставіліся да сваіх мараў і памкненьняў, якія тычацца Эўразьвязу.

Нашу размову, якая раптам перайшла на палітычныя тэмы, перарываюць кіяўляне – Натальля Аркадзеўна прывяла ў госьці да Сьвятога Мікалая сваю адзінаццацігадовую ўнучку Кацю. Пакуль дзяўчынка сьпявае песьні, каб атрымаць падарунак, запытваюся ў бабулі, які навагодні сымбаль ёй больш падабаецца — Дзед Мароз ці Сьвяты Мікалай.

— Усё ж такі мы прывыклі і да Дзеда Мароза са Сьнягуркаю. Мне здаецца, што ня варта ад іх адмаўляцца. Трэба, каб былі і яны, і Сьвяты Мікалай. І мая ўнучка верыць і ў Дзеда Мароза, і ў Сьвятога Мікалая, і падарункаў яна чакае і ад аднаго, і ад другога.

Сытуацыю незадаволена назірае сталы мужчына.

— Сьвяты Мікалай – гэта не легенда, ня этнас, і нават ня міт. Вось Дзед Мароз – гэта славянскія традыцыі. А гэтым Мікалаем улада хоча адцягнуць увагу ад таго, што яна робіць, – перакананы ён.

На адпраўленьнях да Новага году на «Украпошце» ставяць пячатку: «Пошта Дзеда Мароза»
На адпраўленьнях да Новага году на «Украпошце» ставяць пячатку: «Пошта Дзеда Мароза»

— Я стаўлюся выключна станоўча да сьвяткаваньня Новага году са Сьвятым Мікалаем, таму што вырасла на гэтай традыцыі. У нас у сям’і падарункі прыносіў менавіта ён. Прыходзіў аўтэнтычны, барадаты, у кажусе, з кіем, з памочнікам або без, але са званочкамі, мяшком з падарункамі. І кожнае дзіця разумела, што ў залежнасьці ад сваіх паводзін атрымае або пугу, або прыемны падарунак. Мы заўсёды намагаліся выглядзець сані або лесьвіцу, пры дапамозе якіх Мікалай спускаўся зь неба. А Дзед Мароз для нас — гэта школьнае сьвята, пазбаўленае зачараваньня і сьвятасьці. Ад яго максымум чаго можна было чакаць, дык гэта зялёных мандарынак, — кажа Мар’яна Ўтарушына.

Алена Кузьменка, яка выхоўвае дзьвюх дачок, Аню і Аляксандру, кажа, што ейныя дзеці чакаюць і Дзеда Мароза, і Сьвятога Мікалая.

— Пакуль што ў дзіцячыя садкі да дзяцей прыходзіць менавіта Дзед Мароз. І бярэ нядрэнныя грошы. Напрыклад, за сёлетнюю навагоднюю выставу для дзяцей сярэдняй групы, якую наведвае мая меншая Саша, бацькі мусяць заплаціць 2,5 тысячы грыўняў. Але сапраўды апошнім часам Сьвяты Мікалай пачаў выцясьняць Дзеда Мароза. Мая суседка раней казала сваёй дачцэ, калі тая ня слухалася, што Дзед Мароз усё запісвае і можа не прынесьці падарункаў. Цяпер жа дзеці баяцца, што менавіта Сьвяты Мікалай не прынясе падарункаў і яны атрымаюць пугу. Што да маіх дзяцей, то яны пакуль проста трохі заблыталіся — каталікі сьвяткуюць Мікалая 6 сьнежня. І мы менавіта да гэтай даты рыхтуем падарункі, але сьвяткуем яшчэ і 19 сьнежня, а потым яшчэ рыхтуем падарункі на Каляды і на Новы год. То бок цэлы месяц падарункі, — сьмяецца Алена.

— Вяртаньне да Сьвятога Мікалая — ня толькі вяртаньне да традыцыяў ці, як апошнім часам кажуць, дэкамунізацыя Дзеда Мароза. Гэта яшчэ і добры маркетынгавы ход, які дазваляе гандлю атрымаць дадатковыя прыбыткі ад продажу падарункаў, — далучаецца да размовы кіяўлянін Алег.

Канкурэнцыя трывае завочна

Дзень Сьвятога Мікалая — першы ў чарадзе навагодніх сьвятаў. Мяркуецца, што ў ноч з 18 на 19 сьнежня ён прыходзіць да дзяцей з падарункамі — мікалайчыкамі — і кладзе іх пад падушку. Украінцы актыўна падтрымліваюць легенду, што Мікалай клапатліва назірае за дзецьмі на працягу году, і калі яны паводзяцца добра, той радуецца, а калі дрэнна — засмучаецца, але ў сваю адмысловую кнігу запісвае ўсе добрыя і кепскія ўчынкі.

Ва Ўкраіну Сьвяты Мікалай вярнуўся яшчэ ў 2004 годзе. Менавіта тады на захадзе, у Івана-Франкоўскай вобласьці, зьявілася ягоная першая афіцыйная рэзыдэнцыя, а праз тры гады, у 2007-м, Сьвяты Мікалай нават наведаў зь візытам ветлівасьці Усьцюг – рэзыдэнцыю расейскага Дзеда Мароза. Але з тае пары кантакты не падтрымліваюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG