Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны заклікаюць тэрмінова прызначыць амбасадара ў Беларусь


Народны дэпутат Украіны Андрэй Ільленка
Народны дэпутат Украіны Андрэй Ільленка

Народны дэпутат Украіны Андрэй Ільленка заклікаў кіраўніцтва краіны тэрмінова прызначыць кіраўнікоў дыпляматычных місіяў у шэраг краін, у тым ліку і ў Беларусь, каб узмацніць міжнародную пазыцыю краіны ў барацьбе з агрэсіяй Расеі.

«У нас няма нашага афіцыйнага прадстаўніка пры НАТО, у нас няма амбасадара ў суседняй Славаччыне, няма амбасадара ў Чэхіі, у Беларусі, у Казахстане, і ў многіх іншых краінах. Гэта трэба тэрмінова выпраўляць, таму што, калі мы не будзем працаваць, выкарыстоўваць нават дыпляматычныя магчымасьці, то гэтым будзе карыстацца наш вораг і, уласна, мы будзем аслабляць сваю вонкавую палітыку. Гэта трэба выправіць», — заявіў Андрэй Ільленка.

Народны дэпутат перакананы, што менавіта з-за адсутнасьці ўкраінскіх дыпляматаў і іхнай працы, у прыватнасьці, у краінах ААН Расея мае дадатковыя магчымасьці ўзмацняць свой уплыў на прыняцьце рашэньняў. «Трэба працаваць не толькі ў тых краінах, якія ёсьць нашымі суседзямі або зь якімі ў нас шмат сувязяў. Напрыклад, у той жа Афрыцы ў нас усяго шэсьць амбасадараў на ўвесь кантынэнт, а там знаходзяцца краіны, якія таксама галасуюць у ААН. А там Украіна не працуе, там працуе Расея, амаль у кожнай краіне мае там амбасаду і яны потым могуць ствараць такія кааліцыі на сваю падтрымку», — патлумачыў ён.

Ва ўмовах расейскай агрэсіі, гэта проста жыцьцёва неабходна для нашай краіны.

«Зразумела, у нас меншыя фінансавыя магчымасьці, але мы павінны знаходзіць гэтыя рэсурсы і праводзіць гэтую працу. Мы павінны знаходзіць моцных кваліфікаваных дыпляматаў, якія будуць працаваць па ўсім сьвеце і абараняць нашые інтарэсы. Я заклікаю прызначыць паслоў у краіны, дзе іх цяпер няма, пачаць там актыўную працу, і быць ініцыятыўнымі ў нашай вонкавай працы, бо ва ўмовах вайны, ва ўмовах расейскай агрэсіі, гэта проста жыцьцёва неабходна для нашай краіны», — заявіў Андрэй Ільленка.

Сёлета 24 жніўня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што пасол Украіны ў Беларусі будзе прызначаны ў найбліжэйшы час.

Да траўня 2015 году амбасаду Ўкраіны ў Беларусі ўзначальваў экс-міністр абароны Ўкраіны Міхайла Ежаль, прызначаны на гэтую пасаду ў красавіку 2013 году тагачасным прэзыдэнтам Віктарам Януковічам.

Пятро Парашэнка падпісаў указ пра адстаўку Міхаіла Ежаля з пасады Надзвычайнага і Паўнаважнага пасла Ўкраіны ў Беларусі 11 траўня 2015 году — праз год пасьля Рэвалюцыі годнасьці і зьмены ўлады ва Ўкраіне.

У сакавіку 2016 года ваенная пракуратура Украіны высунула Міхаілу Ежалю абвінавачаньне ў неналежным выкананьні службових абавязкаў пры ўзгадненьні ў 2011 годзе пераліку вайсковай маёмасьці Ўзброеных сіл Украіны, якая падлягала адчужэньню. Цяпер праваахоўныя органы Украіны абвясьцілі яго ў міжнародны вышук, а 22 жніўня 2016 года Пячэрскі раённы суд Кіева дазволіў Генэральнай пракуратуры Украіны праводзіць завочнае дасудовае расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць Міхаіла Ежаля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG