Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыяналізацыя ці рэйдэрства? Ва Ўкраіне абмяркоўваюць падрабязнасьці зьмены формы ўласнасьці «Прыватбанку»


Найбуйнейшы ўкраінскі камэрцыйны «Прыватбанк», які абслугоўваў больш як 20 мільёнаў грамадзян, нацыяналізаваны, а пасьля аздараўленьня ягонай дзейнасьці будзе выстаўлены на продаж.

Улада абяцае, што працэс зьмены ўласьнікаў банку не адабʼецца на інфляцыйных працэсах, а ўсе дэпазыты грамадзян будуць абароненыя дзяржаваю.

Крах вялікай карпарацыі

Банк заснаваны ў 1992 годзе Генадзем Багалюбавым і Ігарам Каламойскім для абслугоўваньня фінансавай дзейнасьці іхнай бізнэс-групы «Прыват», але зь цягам часу стаў найпасьпяховаю банкаўскаю ўстановаю, якая першай ва Ўкраіне ўвайшла ў міжнародную сыстэму VISA International.

Папулярнасьць банку сярод фізычных асобаў забясьпечыла паслуга інтэрнэт-банкінгу «Прыват24», празь якую зручна было ажыцьцяўляць любыя выплаты — камунальныя, крэдытныя, гандлёвыя і нават дабрачынныя: даволі сказаць, што большасьць валянтэраў, якія дапамагаюць войску на Данбасе, карыстаюцца менавіта гэтым банкам.

За 24 гады дзейнасьці паводле аб’ёму паслугаў доля «Прыватбанку» дасягнула на банкаўскім рынку Ўкраіны 25%. Дасюль структура абслугоўвала траціну дэпазытных укладаў насельніцтва краіны.

Брэнд «Прыватбанк» абʼядноўвае шэраг замежных банкаў — AS PrivatBank (Латвія) і яго філіі ў Партугаліі ды Італіі. Ёсьць філія на Кіпры, а таксама прадстаўніцтвы ў Пэкіне і Алма-Аце. Даччыная структура «Прыватбанку» працавала і ў Расеі, абслугоўваючы ўкраінска-расейскі гандлёвы абарот. Але ў 2014 годзе, калі пачалася вайна на Данбасе, а Ігар Каламойскі ўзначаліў Днепрапятроўскую абласную дзяржаўную адміністрацыю, Цэнтральны банк Расеі ўвёў часовую адміністрацыю, а зь цягам часу «Москомприватбанк» выкупілі Міхаіл Шышханаў ды Міхаіл Гуцэрыеў. Пасьля анэксіі Крыму «Прыватбанк» вымушаны быў закрыць 337 сваіх аддзяленьняў на паўвысьпе.

Ігар Каламойскі
Ігар Каламойскі

Праз паўтара году інспэкцыяй Нацыянальнага банку Ўкраіны (а яны пачаліся адразу пасьля адстаўкі Ігара Каламойскага з пасады кіраўніка Днепрапятроўскай вобласьці) выявілася, што банкаўская імпэрыя Ігара Каламойскага — няплатаздольная.

«Пераход банку ў дзяржаўную ўласнасьць — адзіная магчымасьць зьберагчы кошты ўкладальнікаў і ўратаваць фінансавую сыстэму. Такім чынам мы абараняем больш як 20 мільёнаў грамадзян Украіны, якія абслугоўваюцца і трымаюць свае сродкі ў гэтым банку, і ў першую чаргу гаворка йдзе пра 3,2 мільёна пэнсіянэраў, больш як 500 тысяч студэнтаў і 1,6 мільёна іншых сацыяльна не абароненых грамадзян», — заявіла сёньня кіраўніца Нацыянальнага банку Ўкраіны Валерыя Гонтарава.

Доўгія перамовы

У верасьні Ўкраіна падпісала зь Міжнародным валютным фондам мэмарандум пра супрацу, у якім прадугледжана вылучэньне Нацыянальным банкам 166 мільярдаў грыўняў на дакапіталізацыю праблемных банкаў. Менавіта гэтая акалічнасьць падштурхнула эканамістаў да дыскусіяў пра пляны нацыяналізаваць «Прыватбанк».

«Гэта разумелі ўсе і ня мог не разумець „Прыватбанк“. Гэтыя грошы прадугледжваліся абсалютна канкрэтна на вялікі ўкраінскі сыстэмны банк, які не выконваў рэкапіталізацыі. Гэта не было і не магло быць нечаканасьцю для асноўных удзельнікаў працэсу», — перакананая Марыя Рэпко, фінансавы экспэрт кааліцыі грамадзкіх арганізацыяў «Рэанімацыйны пакет рэформаў».

Яшчэ летась інспэкцыя галоўнага рэгулятара выявіла «дзірку» ў 113 мільярдаў грыўняў у капітале банкаўскай установы, што належала вядомаму ўкраінскаму алігарху Ігару Каламойскаму. Нацыянальны банк Украіны рэкамэндаваў акцыянэрам правесьці тэрміновую дакапіталізацыю, але замест гэтага ўласьнікі толькі павялічвалі крэдытаваньне кампаніяў, зьвязаных зь бізнэс-імпэрыяю Ігара Каламойскага.

Разбураны будынак «Прыватбанку» ў Марыюпале
Разбураны будынак «Прыватбанку» ў Марыюпале

«Калі паглядзець на галіновую разьбіўку крэдытнага партфэлю «Прыватбанку», у якім каля 32 мільярдаў грыўняў крэдытаў выдаваліся фізычным асобам і больш як 200 мільярдаў грыўняў — карпарацыям, 70–80 адсоткаў зь якіх — гэта гандаль нафтапрадуктамі, футбольны клюб, горналыжны курорт, фэрасплавы і авіяцыя. Дапускаць настолькі значны аб’ём крэдытаў зьвязаным асобам — гэта небясьпечна, таму што коштам мільёнаў людзей уласьнік банку крэдытаваў свой бізнэс», — адзначыла экспэрт.

Нацыяналізацыя ці рэйдэрства?

Уласьнік банку Ігар Каламойскі адразу ж пасьля начнога рашэньня ўладаў пра нацыяналізацыю ягонага дзецішча напісаў на сваёй старонцы Facebook: «Што ж, нас усё ж такі даціснулі. Не нацыяналізацыя, гэта клясычнае рэйдэрства. Просьба да кліентаў — не панікаваць, з грашыма ўсё будзе ў парадку. Пацярпелі толькі ўласьнікі. І інвэстыцыйны клімат у краіне. Зрэшты, яго больш няма».

Некаторыя крыніцы сьцьвярджаюць, што Ігар Каламойскі адразу пасьля сваёй адстаўкі з пасады кіраўніка Днепрапятроўскай вобласьці ў сакавіку 2015 году пачаў выводзіць свае сродкі з Украіны. А на разьвітаньне з уладаю ўкраінскі алігарх заявіў, што трапіў «пад удар» таму, што адмовіўся ад угоды з прэзыдэнтам, як іншыя найбуйнейшыя бізнэсмэны Ўкраіны. І кінуў усьлед некалькі рэзкіх выказваньняў непасрэдна ў адрас Пятра Парашэнкі, што, маўляў, той адрозьніваецца ад былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча толькі «лепшаю адукацыяй, добраю ангельскаю і адсутнасьцю судзімасьці».

Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Напэўна, таму і нельга казаць, што рашэньне пра нацыяналізацыю «Прыватбанку» было выключна эканамічным, як запэўніваюць украінскія ўлады — ад раніцы ўсе яе прадстаўнікі (Міністэрства фінансаў, Нацыянальны банк і прэзыдэнт) палічылі сваім абавязкам растлумачыць грамадзянам свае крокі што да банку.

«Праблемы «Прыватбанку» назапашваліся гадамі. Ва ўмовах вайны і эканамічнага крызысу яны яшчэ больш абвастрыліся. Акцыянэры не знайшлі рэсурсаў для выкананьня абавязковай праграмы дакапіталізацыі, а дзейная бізнэс-мадэль, відавочна, сябе вычарпала. Паўстала наўпроставая пагроза як самому банку, гэтак і ўсёй банкаўскай сыстэме Ўкраіны. З гэтай нагоды на працягу апошніх шасьці месяцаў сурʼёзную занепакоенасьць безупынна выказвалі нашы ключавыя фінансавыя партнэры — Міжнародны валютны фонд, Усясьветны банк, Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця», — заявіў Пятро Парашэнка.

Паводле яго, для кіраваньня банкам нанятая новая высокапрафэсійная група адмыслоўцаў, да фармаваньня якой далучыўся ў тым ліку і Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, а для ўзмацненьня абароны ўкладальнікаў «Прыватбанку» у парлямэнт унесены законапраект пра дадатковыя гарантыі ўкладам грамадзян у гэтай установе.

Уладзімер Гройсман
Уладзімер Гройсман

Прэм’ер-міністар Уладзімір Гройсман падкрэсьліў, што менавіта ўласьнікі «Прыватбанку» ініцыявалі яго нацыяналізацыю. «Наша агульная задача сёньня — забясьпечыць бесьперабойную працу банку на гэтым пераходным этапе, а надалей — забясьпечыць яго разьвіцьцё. Грошы кліентаў банку з гэтага часу пераходзяць пад 100-адсоткавыя гарантыі дзяржавы. Нацбанк у гэты пэрыяд падтрымае стабільнасьць нацыянальнай валюты і мае для гэтага абсалютна ўсе неабходныя інструмэнты», — заявіў кіраўнік ураду.

Міністар фінансаў Аляксандар Данілюк запэўніў, што ўсе ўкладальнікі маюць доступ да сваіх грошай. «З працэдурнай прычыны часова на 1 дзень будзе прыпынена абслугоўваньне кліентаў — юрыдычных асобаў. Але ўжо прымаюцца крокі, каб гэта мела мінімальны ўплыў на іх бізнэс. Іншых абмежаваньняў для кліентаў цяпер не прадугледжана і не адбываецца», — падкрэсьліў міністар.

Кіраўніца Нацыянальнага банку Ўкраіны Валерыя Гонтарава мяркуе, што нацыяналізацыя найбуйнейшага банку ня выкліча нэгатыўных наступстваў як для банкаўскага сэктара, гэтак і для спажывецкага рынку. «Ні на інфляцыю, ні на курс грыўні гэта не будзе мець ніякага ўплыву», – запэўніла яна, адзначыўшы, што аб’ём рэзэрваў у больш як 15 мільярдаў даляраў дазваляе ўтрымаць курс нацыянальнай валюты.

Нацыяналізацыя «Прыватбанку» — нэгатыўны сыгнал інвэстарам

Палітоляг Аляксандар Палій мяркуе, што нацыяналізацыя «Прыватбанку», які мае найбуйнейшыя актывы і абавязаньні перад кліентамі, дадасьць стабільнасьці банкаўскай сыстэме Ўкраіны, хаця можа і вельмі шмат каштаваць дзяржаве.

«Гэтая гісторыя стала сьледзтвам рашэньняў 90-х гадоў, калі ў нас два дзесяцігодзьдзі не пускалі або абмяжоўвалі заходнія банкі, у выніку чаго мясцовыя банкі расслабіліся і прызвычаіліся да неканкурэнтнага асяродзьдзя, прывыклі раздаваць вялікія і не заўсёды абгрунтаваныя абяцаньні», – адзначыў ён.

На думку адмыслоўца ў пытаньнях замежнаэканамічнай палітыкі Алега Бойкі, рашэньне ўладаў адносна «Прыватбанку» – нэгатыўны сыгнал інвэстарам.

«Сурʼёзны інвэстар успрыме гэта як апрыёры няроўныя ўмовы на рынку шляхам наданьня дзяржавай непразрыстых і неабгрунтаваных бізнэс-прычынамі перавагаў асобным бізнэсам. Наагул, гэтая гісторыя з «Прыватам» – індыкатар слабасьці дзяржавы пры наяўных дзяржаўных дзеячах. Замест утаймаваньня алігархаў і прымусу да бізнэсу па правілах – каго ціскам, каго перакананьнем, а каго, можа, і на нары – абраны шлях чаканьня, калі іхны капітал сам сабой зьменшыцца настолькі, што іхны ўплыў выпарыцца. Капіталы іх скарачаюцца, але праблемы нарастаюць хутчэй. І алігархі дагэтуль маюць магчымасьць перакласьці іх на нашы плечы», – мяркуе Алег Бойка.

«Дзірка ў балянсе «Прыватбанку» не была сакрэтам, яна пачала фармавацца не ў 2014–2015 годзе, а, думаю, недзе ў 2008–2009-ым. І пры такіх умовах, пытаньне палягала толькі ў тым, ці не адбудзецца каляпс усёй банкаўскай сыстэмы, калі банк пачаў зьнішчацца і дзяржава постфактум пачала рэагаваць. Таму крок да нацыяналізацыі быў вымушаны, з аднаго боку, а зь іншага боку – уявіце, што такое 150 мільярдаў грыўняў для краіны. Гэта велічэзныя кошты, якія фактычна нам, усім грамадзянам Украіны, давядзецца заплаціць за тое, што гэты банк шмат гадоў быў кішэнным банкам уласьнікаў, якія выкарыстоўвалі яго для выратаваньня ўласнага бізнэсу», – мяркуе эканаміст Барыс Кушнірук.

XS
SM
MD
LG