Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна нацыяналізуе найбуйнейшы камэрцыйны банк, які належыць алігарху Каламойскаму


Кабінэт Міністраў Украіны ад 19 сьнежня пачынае працэдуру нацыяналізацыі найбуйнейшага камэрцыйнага «ПрыватБанку», што належыць былому кіраўніку Днепрапятроўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі алігарху Ігару Каламойскаму.

Такое рашэньне ўхваленае апоўначы 18 сьнежня з мэтаю «забесьпячэньня стабільнасьці ў фінансавай сыстэме краіны» як выкананьне адпаведнай пастановы Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны на прапанову Нацыянальнага банку Ўкраіны.

Прадугледжваецца, што дзяржава ў асобе Міністэрства фінансаў стане ўладальніцай 100 адсоткаў акцыяў «ПрыватБанку».

А 8:30 раніцы 19 сьнежня пра дэталі прынятых рашэньняў на супольнай прэс-канферэнцыі раскажуць міністар фінансаў Аляксандр Данілюк і кіраўнік Нацбанку Валерыя Гонтарава.

Раніцай асобныя заявы з гэтай нагоды зробяць прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і прэм'ер-міністар Украіны Ўладзімер Гройсман, які скасаваў напярэдадні візыт у Брусэль, каб правесьці пасяджэньне ўраду ды ухваліць пастанову пра нацыяналізацыю «ПрыватБанку».

Паводле GFK Ukraine, з «ПрыватБанкам» супрацоўнічае 51,4% грамадзян, старэйшых за 16 гадоў, 42,6% фізычных асоб – карыстальнікаў банкаўскіх паслуг лічаць яго асноўным банкам. У банку больш як 18,4 мільёна укладчыкаў — фізічных асобаў (каля 40 % насельніцтва краіны), больш як 2 мільёны — юрыдычных асобаў.

Ужо ад пятніцы 16 сьнежня банкаматы «ПрыватБанку» не папаўняліся грашыма, а тыдзень таму людзі пачалі забіраць банкаўскія дэпазыты.

Ігар Каламойскі, архіўнае фота
Ігар Каламойскі, архіўнае фота

Паводле некаторых крыніц, Ігар Каламойскі, рыхтуючыся да магчымай нацыяналізацыі, пра якую ўжо месяц дыскутавалі, вывеў з актыву больш як 100 мільярдаў грыўняў. Каб утрымаць банк, Нацыянальны банк Украіны плянуе выпусьціць аблігацыі ўнутранай пазыкі прыкладна на такую ж суму.

У той жа час дырэктар ў пытаньнях інфармацыйных тэхналёгіяў «ПрыватБанку» Дзьмітры Дубілет сёньня напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што нацыяналізацыя банку зьяўляецца вынікам трывалых інфармацыйных атак і што для яго асабіста навіна стала нечаканай.

«З тых часоў, як пачалася вайна, наш банк перажыў сем інфармацыйных нападаў. Любы іншы банк не перажыў бы, любы зь іх. Але апошняя атака, якая пачалася тыдзень таму, была цяжкай. Кожны дзень мы абнаўлялі рэкорды па колькасьці сродкаў, што выдаваліся кліентам у банкаматах і аддзяленьнях», — напісаў банкір.

Паводле Дзьмітрыя Дубілета, апошняй атакай, якая адыграла ключавую ролю, быў выпуск навін на «Інтэры», у якім гаварылася пра тое, што ў 19 сьнежня «ПрыватБанк» прыпыніць усе плацяжы.

«Уласна, рашэньне пра добраахвотную і мірную перадачу банку ў валоданьне дзяржавы было прынятае роўна ў той момант, калі мы зразумелі, што гэтую інфармацыйную атаку мы можам не перажыць і пад пагрозай могуць апынуцца нашы кліенты», — адзначыў ён.

Банкір таксама запэўніў, што ўсе сродкі на бягучых і дэпазытных рахунках ўсіх фізычных і юрыдычных асоб будуць захаваныя. «Хвалявацца ня трэба», — напісаў Дзьмітры Дубілет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG