Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэч ад «Газпрому»! — Украіна распрацоўвае свае радовішчы прыроднага газу


©Shutterstock
©Shutterstock

Ва Ўкраіне, у Львоўскай вобласьці, у прамысловых аб’ёмах пачалі здабываць прыродны газ яшчэ на адным радовішчы — Каладніцкім.

Паводле прагнозаў, ужо налета тры адкрытыя на гэтай плошчы сьвідравіны будуць дабаўляць да газавага балянсу 30 тысяч кубамэтраў блакітнага паліва штодзённа. У цырымоніі афіцыйнага адкрыцьця радовішча і запальваньні сымбалічнага факела пачатку газавай здабычы ўзяў удзел і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Шлях ад экспартэра да імпартэра

Ілюстрацыйнае фота. Газаправод «Дашава» (Стрыйскі раён, Украіна)
Ілюстрацыйнае фота. Газаправод «Дашава» (Стрыйскі раён, Украіна)

У мінулым стагодзьдзі, ад 50-х да сярэдзіны 70-х гадоў, Украіна была адной зь вядучых газаздабыўных краінаў рэгіёну і экспартэркай газу. Украінскі газ выкарыстоўваўся для патрэб унутраных спажыўцоў, а таксама ішоў у Расейскую Фэдэрацыю, Беларусь, Малдову, тагачасную Чэхаславаччыну, Аўстрыю, Вугоршчыну, Румынію, Баўгарыю і Польшчу.

У 1975 годзе сумарны абʼём здабычы з радовішчаў на захадзе, усходзе Ўкраіны і ў Крымскай вобласьці дасягнуў гістарычнага максымуму — больш як 68 мільярдаў кубамэтраў прыроднага газу.

Аднак зь цягам часу газавыя радовішчы, адкрытыя ў савецкі пэрыяд, былі вычарпаныя, а з павелічэньнем спажываньня Ўкраіна паступова ператварылася з экспартэра газу ў імпартэра, і ўжо на пачатку ХХІ стагодзьдзя практычна цалкам стала залежнаю ад паставак з Расеі, якая ўсё часьцей выкарыстоўвала газавую тэму для палітычнага ціску. А гэта стала новым штуршком, каб актывізаваць уласную здабычу прыроднага газу.

Хто здабывае газ ва Ўкраіне

Ілюстрацыйнае фота. Газаправод «Дашава» (Стрыйскі раён, Украіна)
Ілюстрацыйнае фота. Газаправод «Дашава» (Стрыйскі раён, Украіна)

Здабыча газу — адзін з найбольш прыбытковых бізнэсаў ва Ўкраіне. Да гэтай сфэры дзейнасьці дапушчаныя ня толькі дзяржаўныя (іх каля 20), але і прыватныя кампаніі. Што праўда, доступ на гэты рынак хутчэй атрымлівалі кампаніі гэтак званых «праўладных» бізнэсоўцаў: у часы прэзыдэнцтва Віктара Януковіча — расейскага алігарха з украінскім грамадзянствам Вадзіма Навінскага (цяпер Генэральная пракуратура мае намер пазбавіць яго дэпутацкай недатыкальнасьці і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці); тагачаснага міністра экалёгіі Міколы Злачэўскага, Дзьмітрыя Фірташа, выдачы якога дабіваецца Ўкраіна ад Аўстрыі; данецкага алігарха і адначасова галоўнага спонсара Партыі рэгіёнаў Рыната Ахметава, а ў гады прэзыдэнцтва Віктара Юшчанкі — Пятра Парашэнкі, Ігара Каламойскога, Давіда Жваніі ды іншых.

Усяго больш як 100 прадпрыемстваў маюць ліцэнзіі на здабычу прыроднага газу.

Львоўскі газ

Ілюстрацыйнае фота. Газаправод «Дашава» (Стрыйскі раён, Украіна)
Ілюстрацыйнае фота. Газаправод «Дашава» (Стрыйскі раён, Украіна)

Апошнія два гады геолягі найбольш актыўна вывучаюць нетры Львоўскай вобласьці, хоць традыцыйна лічылася, што найбольшыя запасы газу знаходзяцца ў Харкаўскай, Днепрапятроўскай, Палтаўскай, Сумскай і Чарнігаўскай абласьцях. Летась на Львоўшчыне пачалі распрацоўваць Крэхіўскае радовішча (Жыдачыўскі раён), і сёлета — Каладніцкае (Стрыйскі раён). Абодва гэтыя праекты ажыцьцяўляюць кампаніі львоўскага бізнэсоўца Зіновія Казіцкага (на некаторых форумах у інтэрнэце яго імя зьвязваюць зь Віктарам Медведчуком — кумам расейскага прэзыдэнта). Сваю працоўную дзейнасьць Зінові Казіцкі пачынаў псыхатэрапэўтам у раённай бальніцы, а на пачатку 90-х гандляваў мэдыкамэнтамі і мэдычным абсталяваньнем, нават адкрыў прыватную клініку. Але потым пачаў займацца газавым бізнэсам і крыху альтэрнатыўнай энэргетыкай — летась разам са сваімі сынамі ён адкрыў першую чаргу найбуйнейшай ва ўкраінскіх Карпатах ветраэлектрастанцыі.

Цяпер на Каладніцкім радовішчы штодня здабываецца 10 тысяч кубамэтраў газу. Да канца году аб’ём плянуецца павялічыць да 30 тысяч, у наступным годзе — да 100 тысяч кубічных мэтраў.

Здабыча расьце, і тарыфы — таксама

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Летась Украіна скараціла імпарт газу да 17 мільярдаў кубамэтраў, прычым пастаўкі з краін Эўразьвязу перавысілі 74 адсоткі гэтага аб’ёму.

У даваенным 2013 годзе імпартавалася 28 мільярдаў кубамэтраў газу. Іншыя патрэбы пакрываліся ўласнай здабычай. Ці паўплывае адкрыцьцё новага радовішча на газавы балянс Украіны і на фармаваньне коштаў на газ для ўнутраных спажыўцоў, Свабода запытала ў дырэктара энэргетычных праграмаў Цэнтру сусьветнай эканомікі і міжнародных адносін Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Валянціна Зямлянскага.

— На гэтым радовішчы плянуецца павялічыць дэбіт з 30 да 100 тысяч кубамэтраў — практычна ў тры разы. Як гэта будзе ажыцьцяўляцца — паглядзім, наколькі рэалістычныя гэтыя пляны. Такое павелічэньне абʼёму газу ўласнай здабычы азначае, што мы атрымліваем досыць значную дабаўку — амаль 300 мільёнаў кубамэтраў у год. Пытаньне ў часе і ўкладаньнях. Але на самым галоўным пытаньні, якое тычыцца тарыфаў, баюся, што на дадзеным этапе гэта ніяк не адабʼецца, таму што цэнавая палітыка фармуецца без прывязкі да абʼёмаў унутранай здабычы. Прывязка ідзе да парытэту з вартасьцю імпартнага газу, таму бліжэйшым часам ніякага ўплыву на ўнутраныя тарыфы для ўнутраных спажыўцоў ня будзе.

— А які абʼём уласнага газу цяпер здабывае Ўкраіна?

— Летась абʼём унутранай здабычы дзяржаўнымі кампаніямі, паводле дадзеных кампаніі «Укргазвидобування», склаў 14,5 мільярда кубамэтраў, а агульная здабыча (з улікам здабычы прыватных кампаніяў. — РС) — 19 мільярдаў кубамэтраў.

— Расейскія СМІ паведамляюць, што Ўкраіна пачала здабываць сланцавы газ. Наколькі гэты кірунак пэрспэктыўны для краіны?

— Верагодней, гаворка ішла пра здабычу традыцыйнага газу мэтадам фрэкінгу з выкарыстаньнем гідраразрываў. Такія рэчы выкарыстоўваліся яшчэ ў Савецкім Саюзе з канца 50-х гадоў, і, адпаведна, той жа «Чарнаморнафтагаз» пры распрацоўцы шэльфавых радовішчаў выкарыстаў гэты мэтад. Так што, хутчэй за ўсё, размова ідзе не пра сланцавы газ, а пра павелічэньне дэбіту сьвідравін з выкарыстаньнем гідраўлічных разрываў для павелічэньня газаздабычы. Пакуль гаворка пра здабычу сланцавага газу не ідзе, таму што гэта вельмі дарагая прыемнасьць, і пры сёньняшнім узроўні цэнаў — эканамічна нерэнтабэльная. Трэба разумець, што эканоміка працэсу пачынаецца ад колькасьці сьвідравін, якія выкарыстоўваюцца, гэта па-першае. А па-другое, сабекошт здабычы сланцавага газу ва Ўкраіне, паводле папярэдніх ацэнак, складае ад 180 да 250 даляраў за тысячу кубамэтраў на сьвідравіне. Гэта толькі сабекошт. Так што пакуль гэта не пытаньне сёньняшняга парадку дня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG