Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Пятровіч: Ня трэба баяцца, што загучыць слова «прымус», іначай загучыць «генацыд»


Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч

4 сакавіка ў менскім Палацы мастацтва праходзіць чарговы XVII справаздачна-выбарчы зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Са справаздачай выступіў старшыня СБП Барыс Пятровіч (Сачанка). Ён зазначыў, што нацыя, якая адной зь першых у сьвеце займела друкаваную Біблію на сваёй мове, знаходзіцца ў цяжкай моўнай сытуацыі.

Толькі кожная дзявятая кніга ў кнігарнях надрукаваная на беларускай мове, 69,7% беларусаў у апытаньні 2014 году не змаглі назваць ніводнага пісьменьніка, а на беларускай чытаюць толькі 27,7%. Толькі 13% вучняў сёньня маюць магчымасьць навучацца на беларускай мове — ды й тыя, кажа ён, па-за навучэньнем размаўляюць часьцей на трасянцы праз расейскамоўнае асяродзьдзе. Ён адзначыў зьяўленьне праектаў кшталту курсаў «Мова нанова», але заявіў, што адных толькі грамадзянскіх праектаў недастаткова — патрэбны ўдзел дзяржавы.

Ён заклікаў улады вярнуць мову на вуліцы гарадоў і дзяржаўныя газэты, вярнуць у Беларусь Коласаўскі ліцэй і стварыць Беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт, дазволіць беларускамоўныя этыкеткі. І ня трэба баяцца слова «прымýс», якое абавязкова загучыць пры выкананьні гэтых умоваў, кажа Барыс Пятровіч: калі не загучыць той «прымýс», гучаць будзе слова «генацыд».

Барыс Пятровіч назваў дасягненьнем СБП ужо тое, што ён застаўся і нават пашырыў свае шэрагі, нягледзячы на пазбаўленьне дзяржаўнай падтрымкі і будынку, спробу ліквідаваць СБП праз суд. Таксама дасягненьнем ён назваў тое, што СБП выдае кнігі і праводзіць імпрэзы, што ня здрадзіў сваім прынцыпам.

Ён пажартаваў, што хацеў прывітаць удзельнікаў зьезду: «Вітаю вас, дарагія мае дармаеды». Ён назваў дэкрэт № 3, пад які патрапілі ў тым ліку сябры СБП, ганебным. У сувязі зь ім і з новым пэнсійным заканадаўствам пісьменьнікі робяцца «двойчы дармаедамі», ім не залічваецца творчы стаж да пэнсіі.

Таксама Сачанка згадаў, што за апошнія 5 гадоў ня толькі не адбываўся адток сяброў СБП у праўладны СПБ, а адбываўся адваротны працэс — вяртаньне з праўладнага ў незалежны саюз, нягледзячы на тое, што ўдзел у СБП можа несьці праблемы ва ўзаемадзеяньні зь дзяржаўнымі структурамі.

4 сакавіка ў менскім Палацы мастацтва праходзіць чарговы XVII справаздачна-выбарчы зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, што праводзіцца раз на пяць год. Саюз беларускіх пісьменьнікаў утварыўся з Саюзу пісьменьнікаў БССР у 1991 годзе. У 2005 годзе ад СБП адкалолася група, якая затым утварыла праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі на чале зь Мікалаем Чаргінцом. На сёньня ў незалежны СБП уваходзяць больш за 450 пісьменьнікаў. Ён дзейнічае як дабраахвотная няўрадавая арганізацыя з мэтамі абароны творчых правоў, прафэсійных і сацыяльных інтарэсаў літаратараў, забесьпячэньня ўмоваў для практычнай рэалізацыі свабоды слова і друку, аховы творчай спадчыны. Ад 2011 году СБП узначальвае Барыс Пятровіч (Сачанка).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG