Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў абурыўся адсутнасьцю слова «патрабуем» у рэзалюцыі незалежнага Саюзу пісьменьнікаў


Уладзімер Някляеў на зьезьдзе
Уладзімер Някляеў на зьезьдзе

4 сакавіка ў Менскім Палацы мастацтваў праходзіць XVII справаздачна-выбарчы зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

На зьезьдзе сабраўся 251 чалавек з 470 сяброў СБП, у іх ліку тры ляўрэаты дзяржаўнай прэміі СССР, 15 ляўрэатаў дзяржаўнай прэміі Беларусі. У СБП таксама ўваходзіць ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч, якая не змагла прысутнічаць на зьезьдзе.

Немесьнік старшыні СБП Алесь Пашкевіч пачаў зьезд з хвіліны маўчаньня па сябрах СБП, якія пакінулі гэты сьвет за пяць гадоў, у іх ліку якіх апошнія Народныя паэты Беларусі Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін.

Пісьменьнік Уладзімер Някляеў зрабіў жорсткую заяву наконт праекту рэзалюцыі СБП, дзе не пабачыў ніводнага слова «патрабуем». Ён заявіў, што ў рэзалюцыі маюць быць напісаныя патрабаваньні вярнуць забраную маёмасьць СПБ і пусьціць незалежных пісьменьнікаў назад на тэлевізію і радыё:

«Місія пісьменьніка ў гэтым сьвеце — пісаць. Але калі перад Беларусьсю стаіць пытаньне „быць ці ня быць?“, Саюз беларускіх пісьменьнікаў павінен цьвёрда заявіць сваю грамадзянскую пазыцыю. То нас не прызнаюць творчай арганізацыяй, то патрабуюць даказаць, што ўсе, хто тут сабраўся, што мы пісьменьнікі. А пісьменьнікі — тыя, хто атабарыўся ў міліцэйскім саюзе Чаргінца».

Саюз беларускіх пісьменьнікаў утварыўся з Саюзу пісьменьнікаў БССР у 1991 годзе. У 2005 годзе ад СБП адкалолася група, якая затым утварыла праўладны Саюз беларускіх пісьменьнікаў на чале зь Мікалаем Чаргінцом. На сёньня ў незалежны СБП уваходзяць больш за 450 пісьменьнікаў. Ён дзейнічае як дабраахвотная няўрадавая арганізацыя з мэтамі абароны творчых правоў, прафэсійных і сацыяльных інтарэсаў літаратараў, забесьпячэньня ўмоваў для практычнай рэалізацыі свабоды слова і друку, аховы творчай спадчыны. Ад 2011 году СБП узначальвае Барыс Пятровіч (Сачанка).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG