Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прыняў у Сочы Башара Асада. Размаўлялі пра канец вайны з тэрарыстамі


Уладзімір Пуцін (у цэнтры) прымае Башара Асада (зьлева) 20 лістапада

Кіраўнік Сырыйскай Арабскай Рэспублікі Башар Асад наведаў Расею з працоўным візытам і 20 лістапада ў Сочы правёў перамовы з Уладзімірам Пуціным.

Паводле афіцыйнай стэнаграмы, Уладзімір Пуцін павіншаваў Асада з набліжэньнем «непазьбежнай перамогі» над тэрарыстамі (частку тэрыторыі Сырыі кантралююць тэрарысты «Ісламскай дзяржавы») і заявіў, што пасьля перамогі галоўным пытаньнем будзе мірнае ўрэгуляваньне канфлікту ў краіне, які трывае ад 2011 году (яшчэ частку тэрыторыі Сырыі кантралюе памяркоўная антыасадаўская апазыцыя, частку — аб’яднаньні народу курдаў, частку — турэцкія войскі). Паводле Пуціна, Расея разьлічвае на ўрэгуляваньне сырыйскага канфілкту пад эгідай ААН. Ён дадаў, што ў неўзабаве правядзе перамовы зь лідэрамі краінаў рэгіёну і прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Башар Асад жа заявіў, што апэрацыі супраць тэрарыстаў паспрыялі і палітычнаму ўрэгуляваньню канфлікту. Ён падзякаваў Пуціну за тое, што «нам удалося адстаяць тэрытарыяльную цэласнасьць і незалежнасьць краіны», і заявіў, што разьлічвае на дапамогу Расеі ў забесьпячэньні «неўмяшаньня вонкавых гульцоў у палітычны працэс».

За шэсьць з паловай гадоў вайны ў Сырыі, паводле зьвестак ААН, загінулі больш за 450 тысяч чалавек, мільёны жыхароў краіны сталі ўцекачамі. Расея заяўляе, што ваюе ў Сырыі з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы», але Крэмль падазраюць у тым, што ён падтрымлівае ў сырыйскай грамадзянскай вайне сілы Асада. Расея нядаўна заблякавала ў Радзе бясьпекі ААН расьсьледаваньне меркаванага ўжываньня сіламі Асада хімічнай зброі ў Сырыі. Расею таксама назвалі галоўным пастаўшчыком замежных наймітаў для «Ісламскай дзяржавы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG