Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея заблякавала расьсьледаваньне прымяненьня хімічнай зброі ў Сырыі


Архіўнае фота. Дзіця, якое стала ахвярай хімічнай атакі ў Хан-Шэйхуне, Сырыя. 4 красавіка 2017 году
Архіўнае фота. Дзіця, якое стала ахвярай хімічнай атакі ў Хан-Шэйхуне, Сырыя. 4 красавіка 2017 году

Расея ў чацвер заблякавала ў Радзе Бясьпекі ААН амэрыканскую рэзалюцыю пра падаўжэньне мандату для працы ў Сырыі Арганізацыі па забароне хімічнай зброі.

Адзінаццаць чальцоў Рады Бясьпекі прагаласавалі за рэзалюцыю, Расея і Балівія галасавалі супраць, Кітай і Эгіпет устрымаліся.

У выніку рашэньня Расеі міжнародныя экспэрты арганізацыі зь пятніцы спыняюць сваю дзейнасьць, зьвязаную з расьсьледаваньнем выпадкаў прымяненьня хімічнай зброі ў Сырыі.

Расея прад’явіла вялікія прэтэнзіі да нядаўняй высновы экспэртаў, у якой ускладаецца віна на сырыйскае войска за прымяненьне сёлета 4 красавіка нэрвова-паралітычнага газу зарыну падчас апэрацый вакол паселішча Хан-Шэйхун на поўначы краіны, што прывяло да гібелі больш як 90 мірных жыхароў. Камісія ў сваіх высновах абапіралася на гутаркі зь відавочцамі, фота- і відэаматэрыялы, аналіз узораў глебы. Расьсьледаваньне на месцы падзей не праводзілася зь меркаваньняў бясьпекі.

Дэмарш Масквы выклікаў рэзка нэгатыўную рэакцыю Вашынгтону і яго саюзьнікаў. Паводле пастаяннай прадстаўніцы ЗША пры ААН Нікі Гэйлі, Расея фактычна дае зялёнае сьвятло прымяненьню баявых атрутных рэчываў у Сырыі, што зьяўляецца ваенным злачынствам. «Наступны выпадак выкарыстаньня хімічнай зброі будзе на вашым сумленьні», — заявіла Гэйлі, зьвяртаючыся да расейскай дэлегацыі.

Пастаянны прадстаўнік Расеі Васілій Нябензя на пасяджэньні Рады Бясьпекі абвінаваціў ЗША ў незбалянсаваным падыходзе да расьсьледаваньня ваенных злачынстваў у Сырыі, а пазьней заявіў журналістам, што справаздача АЗХЗ «была багатая на прынцыповыя недахопы» і проста «сьмяхотная».

Расея дзясяты раз накладвае вэта на рэзалюцыі Рады Бясьпекі, якія датычацца сырыйскага крызісу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG