Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы тут дабраахвотна-прымусова». Каля «Мінск-Арэны» адсьвяткавалі «Апошні званок»


Сталічныя выпускнікі расказалі Свабодзе, чаму яны адзначаюць заканчэньне школы на канцэрце расейскіх поп-зорак і якія маюць пляны на будучыню.

Пляцоўка ля «Мінск-Арэны» увечары 30 траўня запоўненая падлеткамі. Іх тут некалькі тысяч. Адны стаяць ланцужкамі насупраць уваходаў на «Арэну», іншыя рассыпаныя па ўсёй пляцоўцы. Тут жа сцэна зь вялікім надпісам «Апошні званок 2017», некалькі імправізаваных пляцовак для тэнісу, баскетболу і ролікавых канькоў. Падыходжу да аднаго з ланцужкоў, пытаюся ў дзяўчат:

— Добры дзень, чарга рухаецца?

— Не.

— Чаму?

— Толькі ў 18.20 пачнуць запускаць.

— Але ж яшчэ 40 хвілін. Чаму вы тут стаіце?

— Настаўніца сказала стаяць і не адыходзіць.

— Вы квіткі самі куплялі?

— Настаўніца сказала купіць.

Дзяўчаты прыйшлі да «Мінск-Арэны» на сумесны канцэрт расейскіх зорак Ягора Крыда і гурту MBAND. За некалькі тыдняў да імпрэзы ў інтэрнэце пачалі зьяўляцца чуткі, што выпускнікоў змушаюць арганізавана набываць сюды квіткі. Дарэчы, нятанныя — да 45 рублёў. За некалькі гадзін да канцэрту ў продажы заставаліся толькі самыя дарагія.

Распытваю, ці добраахвотна яны сюды прыйшлі. Высокі хлопец, які прадстаўляецца Дзімам, адразу адказвае: «Ды не, канечне. Змусілі нас».

У размову ўмешваецца яго аднаклясьніца: «Ня слухайце вы яго! Ён жартуе! Мы ўсе самі купілі квіткі, мы любім Крыда».

Прашу нешта працытаваць з тэкстаў рэпэра. Дзяўчына адразу ж хаваецца за сьпінамі аднаклясьнікаў.

Пытаюся ў выпускнікоў:

— Што пасьля зьбіраецеся рабіць, якія пляны?

— Ну... Пойдзем некуды, відаць. Адзначым. Толькі мы вам гэтага не казалі!

— Я пра пляны на жыцьцё, вучобу.

— А-а-а-а... Паступаць будзем.

— Куды?

— Пакуль ня вырашылі. Толькі ён вось (паказваюць на самага дужага з выгляду аднаклясьніка) вырашыў. У Акадэмію міліцыі хоча.

— А вы, відаць, праграмістамі марыце стаць?

— Не.

— Чаму? Усе хочуць быць праграмістамі. Добрая праца, добры заробак.

— Мы пра гэта ня думалі.

Ідзем з фатографам бліжэй да сцэны. Вядучы ў блакітным гарнітуры абвяшчае, што зараз пачнецца выступ гурту «Се Мачкі» ад прадусэрскага цэнтру «Супер Пупер». На сцэну выходзяць чацьвёра дзяцей, на выгляд гадоў дзесяці, і пускаюцца ў скокі. Натоўп іх вітае воплескамі.

— Хлопцы, вы адкуль? — падыходзім да групы падлеткаў, якія нудзяцца бліжэй да праспэкту.

— Шостая гімназія.

— У вас таксама апошні званок?

— Не зусім. Мы 9 кляс скончылі.

— Вы сюды самі прыйшлі, добраахвотна?

— Так. Нам сказалі, і мы пагадзіліся.

— За квіткі вы плацілі?

— Не. Квіткі бясплатна.

— Як гэта?

— Нам бясплатна далі. Бацькоўскі камітэт аплаціў.

Хлопцы кажуць, што большасьць зь іх зьбіраецца вучыцца далей у гімназіі. Толькі некалькі чалавек паспрабуюць паступаць у ліцэі. Пасьля канцэрту абяцаюць «адразу ісьці дадому», бо «будзе ўжо позна».

На суседняй лаве група дзяўчат. На выгляд адзінаццаціклясьніцы. Яны, мабыць, больш раскажуць пра тое, як цяпер прынята адзначаць апошні званок:

— Дзяўчаты, добры дзень!

— Добры!

— Можна вас сфатаграфаваць? Мы журналісты.

— А фоткі потым нам прышляце?

— Так. Вы тут добраахвотна?

— Добраахвотна-прымусова.

— Гэта як?

— Ну, мы б не адмовіліся схадзіць. А тут нам усё арганізавалі. Чаму б не.

— Колькі квіткі каштавалі?

— 30 рублёў, здаецца.

— Апошні званок адзначаць будзеце пасьля канцэрту?

— Якое там. Заўтра ўжо да экзамэнаў трэба рыхтавацца.

Адзінаццаціклясьніцы расказваюць, што яшчэ ня вырашылі, куды хочуць паступаць. «Магчыма, у БНТУ. Магчыма, яшчэ куды». Усё будзе залежаць ад вынікаў тэставаньня.

За сцэнай — вялікі намёт з рэклямай бровару «Аліварыя». Замест піва ў намёце гандлююць марожаным. Па два рублі за шарык. Чэргаў няма, выпускнікам і так весела. Каля сцэны шалёныя танцы, паўсюль пазытыў і сьмех. З напружанымі тварамі праз натоўп падлеткаў прасоўваюцца адно настаўнікі ў строгіх гарнітурах ды міліцыянты.

Падыходзім да групы дзяўчат з чырвонымі стужкамі «Выпускнік». Дзяўчаты сядзяць на высокіх парэнчах і назіраюць за вядучым на сцэне:

— Дзяўчаты, можна з вамі пагаварыць?

— Канечне!

— Адкуль вы?

— 136 школа!

— Выпускніцы?

— Выпускніцы!

— Падабаецца вам тут?

— Так!

— Квіткі на канцэрт самі куплялі?

— Ну... Нам сказалі купіць!

— Зразумела. А паступаць куды будзеце?

— У лінгвістычны. На англійскую мову.

— Зьехаць з краіны хочаце?

— Ня хочам! Але калі прапануюць, то чаму не?

Выпускніцы просяць сфатаграфаваць іх яшчэ раз «на памяць», даюць адрас пошты для фатаздымкаў.

Да пачатку канцэрту расейскіх зорак застаецца паўгадзіны, і менскіх выпускнікоў паступова пачынаюць запускаць у Арэну. Яны стаяць у чэргах, перакрыкваюцца паміж сабой, шумяць і весяляцца. Пляцоўка перад «шайбай» «Мінск-Арэны» паступова пусьцее.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG