Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці павінны настаўнікі беларускай гімназіі гаварыць паміж сабой па-беларуску


Стэнд у менскай гімназіі №4
Стэнд у менскай гімназіі №4

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Цыганкоў: Вось ужо некалькі месяцаў працягваецца канфлікт Гэніка Лойкі з кіраўніцтвам гімназіі № 4. Цяпер падзеі разгарнуліся шырэй, зьбіраюцца подпісы бацькоў, кіраўніцтва гімназіі пагражае звольніць настаўніцу, якая зьбірае гэтыя подпісы. Сутнасьць у тым, што вядомы скульптар Гэнік Лойка даволі даўно незадаволены ўзроўнем беларусізацыі ў гэтай беларускамоўнай гімназіі. Выклікае незадавальненьне тое, што, як сьцьвярджае сп. Лойка, многія настаўнікі не валодаюць беларускай мовай. Прынамсі, у 2016 годзе ў гімназію ўзялі шасьцёх настаўнікаў фізкультуры, якія не валодаюць беларускай мовай.

З гэтага пункту гледжаньня патрабаваньні сп. Лойкі вельмі абгрунтаваныя. Гімназія беларускамоўная, і бацькі якраз аддаюць сваіх дзяцей туды, каб там яны атрымлівалі адукацыю на роднай мове. Адпаведна, каб гэтая мова гучала з вуснаў настаўнікаў і каб на ёй праходзілі заняткі.

У беларускай дзяржаве беларуская мова дагэтуль не дастаецца без барацьбы. Нават у тых структурах, якія нібыта павінны дбаць пра гэтую мову.

Гэнік Лойка сьцьвярджае, што на некаторых прадметах гэтага няма, настаўнікі не гавораць па-беларуску. Больш за тое, што ў гімназіі вынішчаецца беларушчына, паколькі беларуская мова існуе фармальна, а самі настаўнікі пасьля званка, паміж сабой і на пераменах гавораць па-расейску.

Па-першае, сапраўды ў беларускай дзяржаве беларуская мова дагэтуль не дастаецца без барацьбы. Нават у тых структурах, якія нібыта павінны дбаць пра гэтую мову. Часта беларуская мова прысутнічае чыста фармальна. У мяне таксама вучыўся сын у такой беларускамоўнай гімназіі № 23. Там сытуацыя нашмат лепшая, але таксама нельга сказаць, каб усе настаўнікі былі беларускамоўнымі па-за ўрокамі.

Зь іншага боку, як кажуць крытыкі сп. Лойкі, ці мае ён права патрабаваць ад настаўнікаў, каб яны былі беларускамоўнымі пасьля ўрокаў? Пра гэта кажа дырэктар школы, які даў інтэрвію «Нашай Ніве».

Але Гэнік Лойка тлумачыць, што ён не прэтэндуе на прыватнае жыцьцё настаўнікаў. Ён хоча, каб яны гаварылі па-беларуску ў рамках школы, падчас навучальнага працэсу. І гэта, як мне здаецца, абгрунтаванае патрабаваньне. Бо калі дзеці бачаць, што настаўнік скончыў урок па-беларуску і пасьля званка адразу ж пераходзіць на расейскую, то гэта сапраўды выклікае адпаведнае стаўленьне да мовы як да нейкай абавязалаўкі. Дзеці бачаць, што для настаўніка яна не каштоўная, што ён адпрацоўвае павіннасьць.

Гэта кажа і пра ўзровень грамадзтва. Дзеці, якіх аддаюць у беларускамоўныя гімназіі, часьцей за ўсё з расейскамоўных сямей. Але цікава, што гэтыя сем’і вельмі ахвотна аддаюць дзяцей у беларускамоўныя школы. Дырэктар гімназіі № 4 кажа, што ў іх перабор, чарга — на 112 месцаў прэтэндуюць звыш 200 вучняў. Ясна, што гэтыя вучні ня ўсе зь беларускамоўных сямей. Бацькі хочуць, каб іхнія дзеці валодалі беларускай мовай, бачаць пэрспэктыву. І таму, калі да гэтай беларускай мовы стаўленьне фармальнае, то, натуральна, узьнікаюць крыўда і непаразуменьне.

Карбалевіч: Сапраўды, гэтая гісторыя сьведчыць пра стаўленьне дзяржавы да беларускай мовы — пра тое, што яна ў андэграўндзе, недзе на пэрыфэрыі, у гета. Няма запыту на беларускую мову.

Як казаў Лукашэнка, усе дзяржслужачыя — гэта вайсковыя людзі. Вось па прынцыпе ваенізаванай арганізацыі і працуе школа.

Але мне падаецца, што гэтая гісторыя можа даць падставу паглядзець на беларускую школу шырэй. То бок у чым палягае функцыя школы? Зусім ня ў тым, каб фармаваць беларускі дух. Функцыя школы — не выхаваньне творчай асобы. Яна палягае ў тым, каб ажыцьцяўляць кантроль за палітычнай і ідэалягічнай ляяльнасьцю падрастаючага пакаленьня. Гэтая сытуацыя з подпісамі, якія зьбіраюць бацькі, спроба звольніць настаўніцу, якая іх зьбірала, вельмі нагадвае тую гісторыю, якую мы нядаўна абмяркоўвалі — сытуацыю ў Крычаўскім РУУС, дзе група міліцыянтаў напісала скаргу ў вышэйшыя ўстановы, а скончылася тым, што скаржнікаў пазвальнялі з пасадаў. Прыкладна па такой жа схеме разьвіваецца сытуацыя і цяпер.

То бок школа — гэта такая самая герархічная структура, як любая іншая дзяржаўная ўстанова ў Беларусі. Тут пануе ня творчая атмасфэра, а звычайны прынцып бюракратычнай установы: я начальнік — усе астатнія дурні. Як казаў нядаўна Лукашэнка, усе дзяржслужачыя — гэта вайсковыя людзі. Ну вось па прынцыпе ваенізаванай арганізацыі і працуе школа.

Глод: Я разумею Гэніка Лойку. Ягоныя патрабаваньні абгрунтаваныя. Фармальна гімназія беларускамоўная, але сапраўднай атмасфэры беларушчыны тут няма. Падобна, што беларуская мова прысутнічае ў школе фармальна. Глядзіце, гімназія беларускамоўная, аднак пэдагогі са званком аб заканчэньні ўрока пераходзяць на расейскую мову. А дзеці гэта ж і бачаць, і чуюць. Дома яны пра гэта расказваюць родным. Ня дзіва, што некаторыя бацькі пратэстуюць супраць русыфікацыі.

Усё, што робіцца ў гімназіі — гэта адлюстраваньне стаўленьня дзяржавы да беларускай мовы.

Адсюль і непаразуменьні, і канфлікты. Але яны, як слушна казаў Віталь Цыганкоў, ёсьць ні што іншае, як адлюстраваньне стаўленьня дзяржавы да роднай мовы. І тут Валер Карбалевіч мае рацыю, калі кажа, што гімназія стала структурай дзяржаўнай сыстэмы.

Ужо мінуў навучальны год, як гімназіяй кіруе Андрэй Гоцман. Да яго дырэктарскае месца займаў Юры Бандарэнка, які трапіў у турму за хабар. Тады былі спадзяваньні, што сытуацыя зьменіцца да лепшага. Але гэтага, як цьвердзяць некаторыя настаўнікі і бацькі, не адбылося. Я думаю, гэта былі марныя спадзяваньні, хоць часам і адзін чалавек, тым болей калі ён кіраўнік, можа выйсьці за межы сыстэмы.

У менскай гімназіі № 4 такога не адбылося. Усё, што тут цяпер робіцца, — гэта адлюстраваньне стаўленьня дзяржавы да беларускай мовы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG