Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не для нас ананас-11». Прадуктовы кошык патаньнеў на 25 капеек ад пачатку году


У лістападзе падаражэлі праезд у грамадзкім транспарце, а таксама хлеб і яйкі — тавары, цана на не зьмянялася цягам усяго году.

Радыё Свабода працягвае штомесячны маніторынг цэнаў у Беларусі на самыя неабходныя тавары. Мы адсочваем, колькі каштуюць у пачатку кожнага месяца 7 прадуктаў харчаваньня (сьвініна, бульба, яйкі, хлеб, малако, алей і цукар), а таксама аўтамабільнае паліва, праезд у грамадзкім транспарце і квіток у кінатэатар.

Вынікі замераў у студзені, лютым, сакавіку, красавіку, траўні, чэрвені, ліпені, жніўні, верасьні і лістападзе.

Сьвініна

Мяса добрай якасьці (мы бяром шыйную частку сьвініны) у студзені каштавала 11,99 BYN, пасьля цягам некалькіх месяцаў таньнела. З траўня цана стала павышацца ў і кастрычніку склала 11,49 BYN, амаль дасягнуўшы студзеньскага максымуму. У лістападзе цана нязначна зьмянілася зноў у меншы бок — 10,89 BYN.

Яйкі

Мы бяром самы бюджэтны варыянт «Разумны выбар» С-1. У студзені дзясятак каштаваў 1,95 BYN. Цана нязначна вагалася, яйкі пэрыядычна траплялі на акцыі. Але толькі ў лістападзе цана перавысіла 2 рублі і склала 2,09 BYN.

Алей

У лістападзе алею расейскай вытворчасьці «Золотая семечка» ў продажы не было. Літар яго аналягу — расейскага алею «Затея» — каштуе 2,49. У студзені за літар «Золотой семечки» мы аддалі 2,99 BYN.

Цукар

Цягам экспэрымэнту ад месяца да месяца мы фіксавалі цану на беларускі цукар гарадзейскай альбо скідзельскай вытворчасьці (у залежнасьці ад таго, які быў у наяўнасьці і які каштаваў найменей). У студзені цана аднаго кіляграму складала 1,69 BYN, у лістападзе — 1,49.

Бульба

Любімая агародніна беларусаў значна патаньнела ў параўнаньні з папярэднімі восеньскімі месяцамі, калі яна каштавала 0,69 BYN. У лістападзе кошт склаў 0,49 BYN, што, відаць можна патлумачыць добрым ураджаем караняплоду.

Хлеб

Паўкіляграмовы бохан бяздрожджавога хлеба «Добры» каштаваў 0,91 BYN у пачатку студзеня, а ў пачатку лістапада — 1 BYN роўна.

Малако

Малако (мы бяром «Савушкин продукт» 2,5% тлустасьці) каштавала 1,3 BYN у студзені, у лістападзе — 1,38 BYN.

Квіток на праезд

Цана не зьмянялася цягам 10 месяцаў экспэрымэнту — 0,55 BYN. Зь 1 лістапада цана павысілася на 5 капеек — 0,6 BYN.

Аўтамабільнае паліва

У пачатку году літар AІ-95 каштаваў 1,19 BYN, у лістападзе адбылося чарговае падаражаньне — 1,27 BYN.

Кіно

Квіток на вечаровы сэанс у кінатэатры «Беларусь» у пачатку году каштаваў 5,5 BYN, у лістападзе — 6,5 BYN (мы выбралі фантастычны баявік «Геашторм»).

Такім чынам, у параўнаньні з пачаткам году кошык прадуктаў патаньнеў на 25 капеек (у студзені — 28,45 BYN, у верасьні — 28,20 BYN) у рублёвым вымярэньні і на 20 цэнтаў у даляравым вымярэньні (у студзені — $ 14,44, у лістападзе — $ 14,24).

***

Свабода фіксуе цэны на адны і тыя ж тавары на пачатку кожнага месяца на працягу году ў адной і той жа менскай сеткавай краме, якая знаходзіцца ў сярэднім цэнавым сэгмэнце.

У якасьці адзінкі мы бяром кіляграм ці літар.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG