Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не для нас ананас-10». Прадуктовы кошык падаражэў на 1,3 рубля ад пачатку году


У параўнаньні з пачаткам году ў кастрычніку падаражэлі малако, бульба, хлеб, яйкі. Сьвініна і цукар патаньнелі.

Радыё Свабода працягвае штомесячны маніторынг цэнаў у Беларусі на самыя неабходныя тавары. Мы адсочваем, колькі каштуюць у пачатку кожнага месяца 7 прадуктаў харчаваньня (сьвініна, бульба, яйкі, хлеб, малако, алей і цукар), а таксама аўтамабільнае паліва, праезд у грамадзкім транспарце і квіток у кінатэатар.

Вынікі «замераў» у студзені, лютым, сакавіку, красавіку, траўні, чэрвені, ліпені, жніўні і верасьні.

Сьвініна

Мяса добрай якасьці (мы бяром шыйную частку сьвініны) у студзені каштавала 11,99 BYN, пасьля пачало таньнець, дасягнуўшы мінімуму ў красавіку (9,99 BYN). Але ўжо з траўня цана стала павышацца і ў кастрычніку склала 11,49 BYN.

Яйкі

Мы бяром самы бюджэтны варыянт — «Разумны выбар» С-1. У студзені дзясятак каштаваў 1,95 BYN. У кастрычніку — 1,99 BYN. Трэба адзначыць, што гэты гатунак яек цягам нашага экспэрымэнту неаднаразова трапляў на акцыі і каштаваў менш капеек на 20 менш.

Алей

Алей расейскай вытворчасьці «Золотая семечка» ў кастрычніку каштуе дакладна столькі ж, колькі каштаваў у студзені — 2,99 BYN. Як і ў сытуацыі зь яйкамі, цягам году яго цана зьмяншалася (найменей было летам — 2,19 BYN), а пасьля зноў расла.

Цукар

Цягам экспэрымэнту штомесяц мы фіксавалі цану на беларускі цукар гарадзейскай альбо скідзельскай вытворчасьці (у залежнасьці ад таго, які быў у наяўнасьці і які каштаваў найменей). У студзені цана аднаго кіляграму складала 1,69 BYN, у кастрычніку — 1,49. Прычым у наяўнасьці быў яшчэ цукар расейскай вытворчасьці па 1,35 BYN, але для чысьціні экспэрымэнту мы купілі беларускі аналяг.

Бульба

Як і любая іншая сэзонная гародніна, бульба каштавала па-рознаму ў залежнасьці ад сэзону — ваганьні дасягалі 300-400%. Так, за кіляграм трэба было аддаць: у студзені — 0,38 BYN, у лютым — 0,37 BYN, у сакавіку — 0,49 BYN, у красавіку — 0,54 BYN, у траўні — 0,99 BYN, у чэрвені — 1,09 BYN, у ліпені — 1,59 BYN і ў жніўні — 0,99 BYN. У пачатку верасьня — 0,69 BYN. Нягледзячы на добры ўраджай, такой цана захоўваецца і ў кастрычніку.

Хлеб

Паўкіляграмовы бохан бездражджавога хлеба «Добры» каштаваў 0,91 BYN у пачатку студзеня, але ўжо з наступнага месяца цана вырасла да 0,95 BYN. Такой яна застаецца і ў кастрычніку.

Малако

Малако (мы бяром «Савушкин продукт» 2,5% тлустасьці) падаражэла ў пачатку году, і больш яго цана не зьмянялася (у студзені было 1,3, пачынаючы з сакавіка — 1,34 BYN).

Квіток на праезд

Цана не зьмяняецца цягам 10 месяцаў экспэрымэнту — 0,55 BYN.

Аўтамабільнае паліва

У пачатку году літар AІ-95 каштаваў 1,19 BYN, пачынаючы з чэрвеня — 1,25 BYN.

Кіно

Квіток на вячэрні сэанс у кінатэатры «Беларусь» у пачатку году каштаваў 5,5 BYN, у кастрычніку — 7 BYN (мы выбралі фантастычны трылер «Бягун па лязе 2049»). Праўда, гэты варыянт — у ЗD.

Такім чынам, у параўнаньні з пачаткам году кошык прадуктаў падаражэў на 1,3 BYN (у студзені — 28,45 BYN, у верасьні — 29,74 BYN) у рублёвым вымярэньні і на 0,66 цэнта ў даляравым вымярэньні (у студзені — $ 14,44, у верасьні — $ 15,1).

У жніўні міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі заявіў, што ў Беларусі ня варта чакаць росту цэнаў.

«Мы для сябе плянку паставілі, што цэны ня будуць расьці наўскач і наагул ня будуць расьці бяз пэўнай неабходнасьці, бо павінна быць канкурэнцыя на рынку. Так і ў нас цэны... Мы вельмі за гэтым назіраем, у нас МАРГ (Міністэрства гандлю. — РС) добра працуе ў пляне цэнаўтварэньня, даецца жорсткая ацэнка, калі нехта раптам парушае заканадаўства. Ня трэба чакаць росту, будзе добры ўраджай і будуць прадукты ў тым дыяпазоне цэнаў, у якім ён ужо склаўся», — казаў Зіноўскі.

***

Свабода фіксуе цэны на адны і тыя ж тавары на пачатку кожнага месяца на працягу году ў адной і той жа менскай сеткавай краме, якая знаходзіцца ў сярэднім цэнавым сэгмэнце.

У якасьці адзінкі мы бяром кіляграм ці літар.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG