Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар эканомікі Беларусі паабяцаў, што цэны ня будуць расьці. А яны растуць


Ілюстрацыйнае фота. Цэны на бульбу ў Беларусі, чэрвень 2017

У Беларусі ня варта чакаць росту цэнаў, заявіў міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1».

«Мы для сябе плянку паставілі, што цэны ня будуць расьці наўскач, і наагул ня будуць расьці бяз пэўнай неабходнасьці, бо павінна быць канкурэнцыя на рынку, — казаў Зіноўскі. — Так і ў нас цэны... Мы вельмі за гэтым назіраем, у нас МАРГ (Міністэрства гандлю. — РС) добра працуе ў пляне цэнаўтварэньня, даецца жорсткая ацэнка, калі нехта раптам парушае заканадаўства. Ня трэба чакаць росту цэнаў, будзе добры ўраджай і будуць прадукты ў тым дыяпазоне цэнаў, у якім ён ужо склаўся».

Раней Зіноўскі заяўляў, што сытуацыя «дазваляе чакаць», што гадавая інфляцыя будзе ня большая за 7%, і што ён упэўнены ў тым, што інфляцыю можна зьнізіць і да 5%. Дзяржава ж прагназавала інфляцыю ў 9% на 2017 год, а за 2016 год фіксавала інфляцыю ў 11,8% (амаль як ва Ўкраіне).

Тымчасам цэны ў Беларусі амаль не спыняюць росту, хоць рост цэнаў і павольны — максымум 0,8% за месяц (зьвесткі за студзень-чэрвень, ліпеньскія лічбы яшчэ не публікаваліся), але 3,38% за паўгодзьдзе.

Цэны на прадукты харчаваньня вырасьлі за паўгоду на 4,2%. Садавіна і гародніна падаражалі ў сярэднім на чвэрць, у 3,8 раза даражэйшай стала капуста, у 2,6 — бульба, у 2,1 — морква, у 1,8 — цыбуля, у 1,75 — буракі. Абед у сталоўцы падаражаў на 14%. Камунальныя паслугі сталі даражэйшымі на 8,4% (у тым ліку ацяпленьне на 15%, амаль напалову даражэйшай стала халодная вада, на тры чвэрці — карыстаньне ліфтам).

Затое за паўгоду ўтрая патаньнелі агуркі, на пятую частку — памідоры, на 15% патаньнела грэчка, на 10% — курыныя яйкі і сьвініна.

Цэны на рытуальныя паслугі зьнізіліся на 7,38%.

XS
SM
MD
LG