Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не для нас ананас — 3. Бульба падаражэла, мяса патаньнела


Свабода працягвае штомесячны маніторынг цэнаў у Беларусі на самыя неабходныя тавары. Мы адсочваем, колькі каштуюць у пачатку кожнага месяца 7 прадуктаў харчаваньня (сьвініна, бульба, яйкі, хлеб, малако, алей і цукар), а таксама аўтамабільнае паліва, праезд у транспарце і квіток у кінатэатар.

Параўнаўшы вынікі першага і другога «замеру», мы зрабілі выснову, што ў лютым кошык зь 10 прадуктаў падаражэў на 0,49 рубля. Прычым цана на сьвініну, малако, алей, а таксама паліва і праезд у грамадзкім транспарце не зьмянілася.

Цяпер параўноўваем вынікі першага, студзеньскага і сакавіцкага замераў цэнаў.

Так, на пачатку сакавіка цэны ў параўнаньні з пачаткам студзеня не зьмяніліся на аўтамабільнае паліва і талёнчык на праезд у грамадзкім транспарце (1,19 і 0,55 рубля адпаведна).

Сярод таго, што ў пачатку сакавіка каштуе таньней, чым у пачатку студзеня, — кіляграм шыйнай часткі сьвініны (у студзені было 11,99 рубля, у сакавіку — 10,39) і літар алею расейскай вытворчасьці «Золотая семечка» (у студзені было 2,99 рубля, у сакавіку — 2,39).

У пачатку сакавіка ў сеткавай, краме, якою мы выбралі для экспэрымэнту, вялікі асартымэнт мяса прадаецца «на акцыі» — са значнай зьніжкай. Магчыма, гэта зьвязана з пачаткам Вялікага посту, калі попыт на мясныя вырабы падае. Алей «Золотая семечка» таксама на зьніжцы, яго прадаюць на 20% таньней у межах акцыі, якую праводзіць крама.

Астатнія прадукты ў параўнаньні з пачаткам году падаражэлі. Кіляграм цукру прадаецца за 1,75 рубля (у студзені было 1,69), літар малака «Савушкин продукт» тлустасьцю 2,5% — 1,36 (у студзені каштаваў 1,3), кіляграм бульбы беларускай вытворчасьці прадаецца за 0,49 рубля (у студзені было 0,38), дзясятак яек «Разумны выбар» С-1 прадаюць за 2,05 рубля, а не за 1,91, як у студзені. Падаражэла і кіно: квіток на блёкбастар «Логан: Расамаха» ў бюджэтным кінатэатры «Беларусь» каштуе 6,5 рубля, у той час як у студзені мы там жа глядзелі «Елкі-5» за 5 рублёў.

Агулам наш кошык тавараў у сакавіку каштаваў 27,62 рубля. Гэта менш, чым у студзені, калі яго цана склала 28,45. З улікам умацаваньня беларускага рубля ў даляравым вымярэньні кошык нязначна падаражэў і склаў 14,46 даляры (у студзені было 14,44). Паводле афіцыйнага курсу Нацбанку Беларусі, 5 сакавіка даляр ЗША каштаваў 1,91 беларускага рубля, а 5 студзеня — 1,97 рубля.

Такім чынам, дэфляцыя ў межах нашага спажывецкага кошыка за першыя два месяцы 2017 году склала 2,92%.

Цяпер параўнаем сярэднія цэны на харчовыя тавары, апублікаваныя Белстатам за студзень, і кошт нашага кошыка ў студзені. Атрымліваецца, што набор зь сямі прадуктаў (толькі харчы: мяса, алей, цукар, малако, бульба, яйкі і хлеб), паводле Белстату каштуе 19,03 рублі, а ў нашым экспэрымэнце — 21,21 рубля. Розьніца — 2,18 рубля.

Паводле афіцыйнага прагнозу беларускіх уладаў, інфляцыя за 2017 год мае скласьці 9%. МВФ жа прагназуе 12,1%.

***

Свабода фіксуе цэны на адны і тыя ж тавары на пачатку кожнага месяца на працягу году ў адной і той жа менскай сеткавай краме, якая знаходзіцца ў сярэднім цэнавым сэгмэнце.

У якасьці адзінкі мы бяром кіляграм ці літар.

XS
SM
MD
LG