Беларусь можа ў любы момант выслаць у Туркмэністан Чары Анамурадава — журналіста, які зазнаваў там катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне.
Грамадзянін Швэцыі і Расеі ўжо амаль два месяцы чакае экстрадыцыі ў Туркмэністан у менскім СІЗА № 1, што на Валадарскага. Рашэньне аб экстрадыцыі прымае Генэральная пракуратура Беларусі, якая цяпер зьбірае і вывучае адпаведныя дакумэнты. Напярэдадні Ўсясьветнага дня салідарнасьці журналістаў беларускія калегі Анамурадава зьбіраюць подпісы, каб Анамурадава не выдавалі туркмэнскім уладам.
18 ліпеня 2016 году Чары Анамурадаў быў затрыманы беларускімі памежнікамі ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» пры ўезьдзе ў Беларусь. Прычына затрыманьня — Чары ў міждзяржаўным вышуку, які абвешчаны ўладамі Туркмэністану ў 2006 годзе. З 19 ліпеня яго ўтрымліваюць у СІЗА на Валадарскага ў Менску. Справай Анамурадава займаецца Генэральная пракуратура Беларусі, якая ўжо амаль два месяцы зьбірае і вывучае дакумэнты і будзе вырашаць, выдаваць Анамурадава ў Туркмэністан ці не.
Літаральна ў апошні момант, калі сканчаўся 30-дзённы тэрмін чаканьня пацьверджаньня, што туркмэнскія ўлады па-ранейшаму цікавяцца былым суайчыньнікам і патрабуюць выдачы Анамурадава, дакумэнты з Туркмэністану прыйшлі. Туркмэнскія ўлады пацьвердзілі, што па-ранейшаму патрабуюць экстрадыцыі Анамурадава. Але менавіта з-за перасьледу на радзіме швэдзкія ўлады ў 2003 годзе далі туркмэнскаму журналісту і яго сямʼі палітычны прытулак у Швэцыі, а пазьней ён атрымаў і швэдзкае грамадзянства. Да таго ж у Анамурадава ёсьць і расейскае грамадзянства і расейскі пашпарт, па якім ён і спрабаваў уехаць у Беларусь, каб не рабіць беларускай візы. Гэта туркмэнскага журналіста і падвяло, бо па швэдзкіх дакумэнтах ён — Шэрыф Клыч.
Адвакаты і сябра Мурад Ханаліеў, які запрасіў Чары ў Беларусь, зьбіраюць дакумэнты, якія могуць пераканаць Генпракуратуру не выдаваць Анамурадава Туркмэністану. Упраўленьне Вярхоўнага камісара па справах уцекачоў даслала афіцыйнае пацьверджаньне, што Анамурадаў сапраўды мае статус уцекача па палітычных матывах. Швэдзкая амбасада ў Беларусі перадала афіцыйны дакумэнт ад МЗС Каралеўства Швэцыя, што Анамурадаў атрымліваў гэты статус, а потым і грамадзянства, і просіць беларускія ўлады абараніць свайго грамадзяніна.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch таксама патрабуе ад уладаў Беларусі вызваліць туркмэнскага дысыдэнта Чары Анамурадава.
Цяпер Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікае калегаў і ўсіх неабыякавых людзей падпісаць зварот у абарону Анамурадава і пералічвае факты перасьледу — у сябе на радзіме ён пісаў пра карупцыю, праводзіў журналісцкае расьсьледаваньне пра факты наркатрафіку ў краіне, якія пакрываліся ўладамі Туркмэністану:
«У 1993 годзе ён тры дні правёў у турэмным зьняволеньні і быў вымушаны выйсьці з Саюзу журналістаў. У 1996 годзе, у пэрыяд працы ў якасьці акрэдытаванага журналіста расейскай „Независимой газеты“ ў Аўганістане, быў арыштаваны, а ў 1997 па сфальсыфікаваных абвінавачаньнях асуджаны на 18 гадоў. У туркмэнскай турме зазнаваў катаваньні і жорсткае абыходжаньне, пра што распавёў пазьней. У 1999 годзе яго памілавалі.
У 2000 годзе пасьля чарговых выкрыцьцяў карупцыі ў вышэйшых эшалёнах улады Туркмэністану Чары быў зноў затрыманы і зьбіты супрацоўнікамі службы бясьпекі», — такія аргумэнты прыводзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Пасьля гэтага Чары Анамурадаў назаўсёды зьехаў зь сямʼёй з Туркмэністану, некаторы час жыў у Беларусі, працаваў у Празе ў Туркмэнскай службе Радыё Свабода. А ў 2003 годзе пераехаў у Швэцыю. І вось летам 2016 году паспрабаваў прыехаць у Беларусь на запрашэньне старога сябра і земляка Мурада Ханаліева, які стала жыве ў Беларусі з 1980-х гадоў.
Мурад прыкладае ўсе намаганьні, каб не дапусьціць экстрадыцыі Чары, наняў двух адвакатаў, сам робіць запыты, зьбірае дакумэнты, носіць перадачы на «Валадарку». Кажа, што арыштант на ўмовы ўтрыманьня ня скардзіцца, мужна чакае. Мурад хацеў падтрымаць Чары і маральна: даслаў у канвэрце раздрукоўкі матэрыялаў — што пісалі беларускія СМІ пра затрыманьне і лёс Анамурадава. Ліст да адрасата не дайшоў, турэмная цэнзура не прапусьціла з тлумачэньнем, што пісаць вязьням можна толькі пра асабістае.
Цяпер лёс незалежнага журналіста, які можа зазнаць перасьлед у сябе на радзіме ў Туркмэністане, — у руках уладаў Беларусі.
Восьмага верасьня адзначаецца Ўсясьветны дзень салідарнасьці журналістаў. БАЖ заклікае калегаў выказаць салідарнасьць з Чары Анамурадавым, далучыцца да звароту да Генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь з просьбай адмовіць у выдачы журналіста, якога ў Туркмэністане чакаюць перасьлед і катаваньні, — гаворыцца ў звароце БАЖ.