Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падатковая спытае, адкуль грошы, калі выдаткі перавысілі даходы на 3000 даляраў


Ад 15 ліпеня набыла сілу пастанова Савету міністраў, згодна зь якой падатковы орган можа запатрабаваць дэклярацыю, калі мае інфармацыю ад КДБ, МУС, Камітэту дзяржкантролю, пракуратуры ці сьледчых аб перавышэньні кошту ўласнасьці фiзычнай асобы, і расходаў над даходамі, атрыманымі з законных крыніцаў.

Сума «перавышэньня» — ня менш як 250 базавых велічынь (5750 рублёў – каля 3000 даляраў на момант публікацыі). Такое «перавышэньне» роўнае 7,2 сярэдняга заробку беларуса паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Патрабаваньне аб дэклярацыі (за мінулы каляндарны год або мінулыя месяцы бягучага году) будуць даваць пад подпіс «падазраванаму». Калі той цягам 30 дзён з атрыманьня патрабаваньня не прадставіць дэклярацыю, на суму перавышэньня (падлічанага паводле ўласных зьвестак падаткавікоў) налічаць падаходны падатак (па змаўчаньні 13%).

Прадстаўленьне дэклярацыі можа быць перанесенае на ня больш як тры месяцы паводле рашэньня начальнікаў інспэкцыяў, міністра па падатках і зборах або яго намесьнікаў. Прычынамі могуць быць, напрыклад, часовая непрацаздольнасьць або знаходжаньне за межамі Беларусі.

У дэклярацыі ня трэба пазначаць асабістыя рэчы цаной да 2000 базавых велічыняў (46 тысяч рублёў або 23,4 тысячы даляраў). Але паводле новай рэдакцыі закону дэкляраваць трэба нават маёмасьць, што яшчэ будуецца, машынамесцы ў паркінгах жылых дамоў і долі ў статутных фондах на суму больш за 2000 базавых велічыняў.

XS
SM
MD
LG