Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На запыт МУС і КДБ «падазроных» грамадзян прымусяць падаць дэклярацыю аб даходах


Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў палажэньне аб ажыцьцяўленьні кантролю ў сфэры дэкляраваньня фізычнымі асобамі даходаў і маёмасьці на патрабаваньне падатковых органаў. Адпаведнае рашэньне замацавана ўрадавай пастановай № 516, якая набудзе сілу 15 ліпеня.

Згодна з новай рэдакцыяй закону падатковы орган можа запатрабаваць дэклярацыю, калі мае інфармацыю аб перавышэньні кошту маёмасьцi, якая належыць фiзычнай асобе, і расходаў над даходамі, атрыманымі з законных крыніц, ня менш чым на 250 базавых велічынь (5750 рублёў, або каля 3000 даляраў у эквіваленце).

Падставай можа быць запыт органаў КДК, МУС, КДБ, пракуратуры і Сьледчага камітэту.

Патрабаваньне аб прадстаўленьні дэклярацыі складаецца ў пiсьмовай форме ў двух экзэмплярах. Першы асобнік уручаецца адрасату пад подпіс або накiроўваецца па пошце заказным лістом. Другі захоўваецца ў падатковым органе.

Калі фізычная асоба ня можа падаць дэклярацыю ў тэрмін, вызначаны законам, прадстаўленьне дэклярацыі можа быць перанесена рашэньнем міністра па падатках і зборах, яго намесьнікаў, начальнікаў інспэкцый. Прычыны — часовая непрацаздольнасьць, знаходжаньне за межамі Беларусі ці іншае. Адтэрміноўка ня можа перавышаць больш як тры месяцы ад моманту атрыманьня адпаведнага патрабаваньня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG