Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13% зь бясплатных пампэрсаў. Беларускія ахвяры Галакосту — пра падатак на гуманітарную дапамогу


Жыхарцы Менску Ірыне Рукляцовой было ўсяго 4 гады, калі ў гета загінула яе маці. Жанчына памятае, як сама трапіла ў канцлягер у Слуцку.

«Прыходзілі ў дзяцей бралі кроў, — успамінае Ірына Міхайлаўна. — Я была ўся абсыпаная струпамі, таму, калі другі раз прыходзілі, мяне выхавальнікі хавалі пад ложак, таму што такіх дзяцей ужо зьнішчалі».

У грамадзкай дабрачыннай арганізацыі «Хэсэд-Рахамім» Ірына Міхайлаўна не толькі сама атрымлівае дапамогу, але і працуе валанцёрам, клапоціцца пра іншых людзей, якія перажылі Галакост.

Адна з падапечных Ірыны Міхайлаўны — Вера Іосіфаўна. Яна бясплатна сілкуецца ў клюбе «Хэсэд», праводзіць тут час, атрымлівае падарункі. Але нядаўна падапечныя гэтай арганізацыі выявілі, што на ўсю атрыманую дапамогу павінны плаціць падатак у памеры 13%.

«Дапусьцім, мне падарылі ложак, таму што да гэтага часу я спала на паламанай раскладанцы. Ложак — новы, — распавядае Вера Гофман. — Я заплачу гэты падатак, разумееце? Таму што на ложку лепш, чым на раскладанцы. Я ўжо амаль год як сплю на роўным ложку, вельмі задаволена ».

Згодна з беларускім законам, падатак з дапамогі для былых вязьняў канцлягераў належыць спаганяць нават за... бясплатныя пампэрсы.

«Мы ня можам самі за іх заплаціць падаходны падатак, — распавядае Рыгор Левін, дырэктар грамадзкай дабрачыннай габрэйскай арганізацыі „Хэсэд-Рахамім“. — Атрымаўшы гэтыя пампэрсы на 40 рублёў, пэнсіянэр павінен заплаціць 13% падаходнага падатку. І ў нас, дапусьцім, у Барысаве 50% нашых падапечных адмовіліся ад пампэрсаў».

Скандал з падаткаабкладаньнем ахвяраў Галакосту ў Беларусі аказаўся такім гучным, што Міністэрству па падатках і зборах прыйшлося тлумачыць усё на афіцыйным сайце.

«Сытуацыя не прадугледжвае вызваленьня ад падаткаабкладаньня тавараў (работ, паслуг), набытых са сродкаў замежнай бязвыплатнай дапамогі», — заявілі беларускія чыноўнікі. Усё, што набыта на замежныя сродкі, падлягае падаткаабкладаньню. Падаткам пакуль вырашылі не абкладаць толькі паслугі патранажнага дагляду за старымі.

Дапамогу ахвярам Галакосту ў Беларусі ў асноўным аказвае амэрыканскі габрэйскі разьмеркавальны камітэт «Джойнт». Арганізацыя са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку займаецца дабрачыннасьцю больш за сто гадоў і дзейнічае больш чым у 70-і краінах. Але ў падобнай сытуацыі апынуліся і іншыя недзяржаўныя арганізацыі, ня толькі тыя, хто працуюць са старымі.

Міжнароднае грамадзкае абʼяднаньне «Разуменьне» абараняе дзяцей ад гвалту. Калі выйшаў «дэкрэт № 5» аб падатку на гуманітарную дапамогу, у ім вырашылі наогул адмовіцца ад дапамогі з-за мяжы. У выніку абʼяднаньне апынулася на мяжы выжываньня.

«Нашы бюджэты ў 5 разоў зьменшыліся, — падкрэсьлівае Андрэй Маханько, член праўленьня абʼяднаньня» Разуменьне «. — Але мы працуем па 12-14 гадзін, і таму ў нас больш-менш прыстойныя вынікі, якія дазволілі захаваць арганізацыю».

На думку сацыёляга Натальлі Рабавай, мэты падатковай ініцыятывы беларускіх уладаў — зусім не фінансавыя.

«Не было бы» дэкрэта № 5 — быў бы нейкі іншы дакумэнт, які рэгулюе атрыманьне замежнай дапамогі, — упэўненая Рабава. — Як я разумею, лібэралізаваць гэтую сфэру і дазволіць атрымліваць дапамогу на некамэрцыйныя мэты дзяржава не гатовая. Але яно хоча кантраляваць гэтую сфэру з прычыны страху непадкантрольнага ўліваньня грошай у тое, што яны лічаць небясьпечным і непатрэбным ".

Колькі дзяржава зможа атрымаць грошай ад былых вязьняў канцлягераў — пакуль незразумела. Але першыя падаткі за гуманітарную дапамогу старыя плаціць ужо пачалі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG