Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільскі журналіст Шымон Брыман: Зь беларускіх габрэяў, якія перажылі Галакост, патрабуюць падатак на дабрачыннасьць


«Тысячы габрэйскіх старых Беларусі — атрымальнікаў гуманітарнай дапамогі ад амэрыканскай арганізацыі «Джойнт» — нядаўна атрымалі паведамленьні аб неабходнасьці заплаціць падаходны падатак з кошту дабрачынных паслугаў, якія ім аказалі па лініі «Хэсэдаў» — рэгіянальных аддзяленьняў «Джойнт» у справе аказаньня дапамогі, у якой маюць патрэбу габрэі, якія перажылі Галакост».

Пра гэта піша ізраільскі журналіст Шымон Брыман, які надрукаваў сваё расьсьледаваньне ў выданьні «Габрэйскі сьвет».

Паводле яго, у красавіку старым былі прысланыя патрабаваньні аплаціць падатак з дабрачынных паслугаў за студзень-люты-сакавік 2017 году. Пры гэтым сума налічанага за тры месяцы падатку складала палову месячнай пэнсіі сярэднестатыстычнага пэнсіянэра Беларусі. Вось што распавёў у інтэрвію Свабодзе ізраільскі журналіст Шымон Брыман.

— Я даведаўся пра патрабаваньне выплаты падатку на дабрачынную дапамогу ад сваякоў, якія жывуць у Беларусі ў Гомельскай вобласьці. Жанчына сталага ўзросту была вельмі зьдзіўленая і ўстрывожаная як былы савецкі чалавек, калі атрымала тры страшныя лісты. Там было напісана, што калі вы не заплаціце падаткі, то згодна зь беларускімі законамі з вамі зробяць тое і тое. Гэта ўсе падштурхнула мяне расьсьледаваць гэтую сытуацыю.

улады Беларусі напісалі, што яны цяпер успрымаюць атрыманьне старымі дабрачыннай дапамогі як атрыманьне старымі дадатковага прыбытку

Як журналіст я добра ведаю, што гэтая дабрачынная дапамога ажыцьцяўляецца ў Беларусі і былых краінах былога СССР праз амэрыканска-габрэйскі разьмеркавальны камітэт «Джойнт». Адпаведна «Джойнт» мае вялікае фінансаваньне на дабрачынныя мэты, на дапамогу старым, на дапамогу тым, хто перажыў Галакост. Мяне вельмі зьдзівіла, чаму яны, маючы мільёны даляраў ад заходніх спонсараў, патрабуюць яшчэ і падаткі ад сваіх жа падапечных.

Сканаваны ліст з патрабаваньнем падатку, які надрукавала выданьне "Габрэйскі сьвет".
Сканаваны ліст з патрабаваньнем падатку, які надрукавала выданьне "Габрэйскі сьвет".

Я зьвярнуўся з запытам у галоўны штаб разьмеркавальнага камітэту «Джойнт». Учора яны мне прыслалі вельмі падрабязны адказ, што гэта ня іх ініцыятыва, што яны гэта робяць па патрабаваньні беларускіх падатковых органаў, і што апошнія два месяцы яны шмат разоў зьвярталіся да падатковых інстанцый Беларусі з просьбай патлумачыць, чаму ўзьнікла неабходнасьць такіх падаткаў, як іх выплачваць і як вызваліцца ад іх.

У сваіх адказах улады Беларусі напісалі, што яны цяпер успрымаюць атрыманьне старымі дабрачыннай дапамогі ўключна з патранажнай дапамогай па доглядзе за хворымі ці ляжачымі ў іх кватэрах, як атрыманьне старымі дадатковага прыбытку. Што на мой погляд проста абсурдна. Але да беларускай падатковай сыстэмы паняцьце лёгікі не падыходзіць. У выніку і ўзьнікла сытуацыя, што беларускія падатковыя органы патрабуюць аплаты падатку на прыбытак з гэтых няшчасных старых, якім 80 і болей гадоў, нібыта яна атрымліваюць дадатковы прыбытак ад таго, што да іх некалькі гадзінаў на тыдзень прыходзіць сядзелка і дапамагае ім па дому.

— Ці абкладаецца падаткам дапамога старым, якія перажылі Галакост, ва Ўкраіне, Расеі, Малдове і іншых постсавецкіх краінах?

— Я ведаю, што ў пералічаных краінах гэтая дапамога не абкладаецца падаткам. Атрымальнік дапамогі ня плаціць падатак на прыбытак з атрыманай дапамогі. Гэта навацыя, якую спрабуе рэалізаваць толькі Беларусь.

— Якая рэакцыя была на вашу публікацыю?

Гэтая публікацыя выклікала цэлы шквал абураных камэнтароў у сацсетках. Я ведаю, што дыпляматы амбасады Беларусі ў Ізраілі накіравалі ў Менск інфармацыю пра тое, што ёсьць такая незадаволенасьць. Сёньня я атрымаў паведамленьне ад дэпутаткі Кнэсэту Талі Плоскаў, кіраўніцы міжпарлямэнцкай групы Ізраіль-Беларусь. Яна была нядаўна ў Менску, кантактавала зь міністрамі. Дэпутатка напісала мне, што яна абураная патрабаваньнем падатку са старых, якія перажылі Галакост, і паспрабуе паведаміць пра гэта афіцыйнаму Менску, каб патрабаваньне падатку было зьнятае ці скасаванае.

Мне паведамілі, што гэтыя патрабаваньні аб выплаце падатку былі разасланыя ў частку гарадоў Беларусі, але яшчэ не ва ўсе гарады і пакуль ня ўсім атрымальнікам дапамогі.

калі мы ня можам «наехаць» на сам «Джойнт», бо гэта вялікая міжнародная структура, то можам «наехаць» і патрабаваць грошы з кожнага канкрэтнага старога

Важна разумець, як усё адбываецца. Ёсьць галоўная дахавая структура, якая называецца Claims Conference, якая ўпаўнаважаная ад імя габрэйскага народу атрымліваць усе кампэнсацыі, а таксама і матэрыяльныя прэтэнзіі ад пацярпелых габрэяў да Нямеччыны. Менавіта яна, атрымліваючы мільёны ад сучаснай Нямеччыны, пераводзіць гэтыя грошы ў той жа самы «Джойнт» на кропкавыя, мэтавыя праграмы тым, хто мае патрэбу ў дапамозе. Атрымліваецца, што многія гады беларуская сыстэма глядзела на гэтае фінансаваньне, якое атрымлівае «Джойнт» на дабрачынныя мэты старым, як на тлустую авечку, зь якой цяжка было стрыгчы воўну. І зьявілася ідэя: калі мы ня можам «наехаць» на сам «Джойнт», бо гэта вялікая міжнародная структура, то можам «наехаць» і патрабаваць грошы з кожнага канкрэтнага старога.

Па маім дадзеным гэтая бабулька з Гомельскай вобласьці ў страху пасьля гэтых лістоў дысцыплінавана пайшла і заплаціла вялікую суму, якую зь яе запатрабавалі, каб ад яе адсталі. Пры гэтым яна ў два з паловай разы скараціла гадзіны дапамогі на будучыню, каб не плаціць далей гэтых вялікіх падаткаў. Такім чынам гэта ўдарыла па старым.

***

Болей інфармацыі пра падатак на дабрачынную дапамогу для старых, якія перажылі Галакост, а таксама камэнтар падатковых ворганаў пазьней на нашым сайце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG