Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва Мінфіну: адмяніць ільготы, каб павялічыць прыбытковую частку бюджэту


«Павялічыць бюджэт Беларусі ў 2017 годзе за кошт узрастаньня падатковай нагрузкі немагчыма, паколькі само павелічэньне падаткаў забароненае дырэктыўнымі ўказаньнямі. Таму застаюцца толькі два шляхі рашэньня: паляпшэньне працы рэальнага сэктару эканомікі і адмена льготаў», — заявіў намесьнік міністра фінансаў Юры Сілівёрстаў у Палаце прадстаўнікоў.

Камэнтуючы для Свабоды гэтае выказваньне чыноўніка, доктар эканамічных навук прафэсар Барыс Жаліба патлумачыў:

«Каб наша эканоміка запрацавала лепей, яе трэба тэрмінова ставіць на рынкавыя рэйкі. А льготы сапраўды трэба ліквідаваць. Бо глядзіце, што атрымліваецца. Банкі даюць прадпрыемствам ільготныя крэдыты. Я думаю, прыкладна 40% прадпрыемстваў карыстаюцца такой формай крэдытаваньня. Але ж банкі атрымліваюць за свае крэдыты кампэнсацыю зь бюджэту. Гэта тое, што ў эканамічнай навуцы завецца квазібюджэтным фінансаваньнем. І тут намесьнік міністра мае рацыю — ад гэтага трэба пазбаўляцца. І яшчэ ў нас ёсьць прадпрыемствы, якія маюць узаконеныя фінансавыя льготы: калі мы з вамі плацім падаходны падатак у памеры 13%, то там толькі 9%».

На пытаньне дэпутатаў, ці можна павялічыць прыбытковую частку бюджэту яшчэ і за кошт продажу дзяржаўнай маёмасьці, спадар Сілівёрстаў адказаў так:

«Вялікага патоку ахвочых набыць нашу маёмасьць за прыстойныя грошы няма. Хоць праца ў гэтым кірунку і вядзецца. У прыватнасьці, мы абмяркоўваем магчымасьць продажу часткі акцый „Белінвэстбанку“ Эўрапейскаму банку рэканструкцыі і разьвіцьця».

Прафэсар Жаліба называе сытуацыю з продажам дзяржаўнай маёмасьці «хранічнай хваробай»:

«Чыноўнікі падманваюць насельніцтва, калі кажуць, што пакупнікоў няма праз ўсясьветны крызіс. Ніякага крызісу ўжо даўно няма. Паглядзіце на нашых суседзяў з Эўропы — усе яны дынамічна разьвіваюцца, там істотна расьце ВУП. А інвэстары не ідуць таму, што ў Беларусі дрэнны інвэстыцыйны клімат, няма гарантыяў на ўласнасьць, няма магчымасьці купляць зямлю. А калі яе і прадаюць, то нейкім арабскім шэйхам, прычым усё вырашае адзін чалавек.

Другая прычына ў тым, што нашы нават лепшыя прадпрыемствы састарэлі. Іх трэба было прадаваць 10-15 гадоў таму. Прах гэта, калі іншаземцы і хочуць што набыць, дык гэта банкі. Невыпадкова іх усё часьцей выстаўляюць на продаж», — падкрэсьліў эканаміст Барыс Жаліба.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG