Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё, што варта ведаць пра АДКБ


Сьцягі краін-удзельніц АДКБ
Сьцягі краін-удзельніц АДКБ

30 лістапада ў Менску адбудзецца сэсія Рады калектыўнай бясьпекі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Удзел у сэсіі возьмуць кіраўнікі краін-чальцоў АДКБ, у тым ліку Аляксандар Лукашэнка.

Што такое АДКБ?

Гэтай абрэвіятурай скарочана называюць Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, якая абʼядноўвае 6 незалежных краін — сябраў СНД. Гэта Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізія, Расея і Таджыкістан.

Сьцяг АДКБ
Сьцяг АДКБ

Калі ўзьнікла АДКБ?

Дамову аб калектыўнай бясьпецы падпісалі кіраўнікі Армэніі, Казахстану, Кіргізіі, Расеі, Таджыкістану і Ўзбэкістану. Гэта адбылося 15 траўня 1992 году ў сталіцы Ўзбэкістану Ташкенце. Для абазначэньня арганізацыі напачатку ўжывалася абрэвіятура ДКБ альбо назвы «Ташкенцкі пакт», «Ташкенцкая дамова». Рэальна Дамова аб калектыўнай бясьпецы пачала дзейнічаць з 1994 году, калі яе ратыфікавалі парлямэнты краін-удзельніц. У 2002 годзе на маскоўскай сэсіі пастанавілі ператварыць ДКБ у Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). У 2004 годзе АДКБ атрымала статус назіральніка пры Генэральнай Асамблеі ААН.

Краіны-ўдзельніцы АДКБ на момант стварэньня
Краіны-ўдзельніцы АДКБ на момант стварэньня

Якія мэты ставіла перад сабой арганізацыя?

У дакумэнтах АДКБ было заяўлена, што мэта арганізацыі — «умацаваньне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі ды стабільнасьці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту краін-сябраў».

Ці можна лічыць АДКБ вайсковым блёкам?

Улетку 2009 году на сэсіі ў Маскве большасьць краін-сябраў АДКБ падпісалі пагадненьне аб утварэньні Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня (КСАР). Тады не падпісалі пагадненьне Беларусь і Ўзбэкістан. Праз паўгода Беларусь далучылася да пагадненьня аб КСАР, а Ўзбэкістан гэтага рашэньня не падтрымаў і праз тры гады ўвогуле з АДКБ выйшаў.

«Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы не разглядаецца намі ў якасьці вайсковага блёку. Гэта міжнародная рэгіянальная арганізацыя, якая займаецца шырокім спэктрам праблем у галіне бясьпекі. У полі зроку АДКБ, акрамя ваенных пагроз, — пытаньні супрацьдзеяньня міжнароднаму тэрарызму, наркабізнэсу, нелегальнай міграцыі, транснацыянальнай арганізаванай злачыннасьці, калектыўнае рэагаваньне на надзвычайныя сытуацыі, гуманітарныя катастрофы», — казаў Аляксандар Лукашэнка.

У складзе КСАР па Цэнтральнаазіяцкім рэгіёне 4 тысячы вайскоўцаў, зь іх большасьць — расейцы.

Вайскоўцы з Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ ня ўдзельнічалі ў ніводным з вайсковых канфліктаў.

Падчас вучэньняў АДКБ ва Ўзбэкістане, лістапад 2017
Падчас вучэньняў АДКБ ва Ўзбэкістане, лістапад 2017

Чаму назва «Ташкенцкі пакт» не замацавалася?

Верагодна, таму, што Ўзбэкістан так і ня стаў трывалым сябрам арганізацыі. У 1999 годзе Ўзбэкістан прыпыніў быў сяброўства ў АДКБ, але ў 2006 годзе вярнуўся. Назіральнікі зьвязвалі вяртаньне Ташкента ў АДКБ з ахалоджаньнем адносін з Захадам пасьля крытыкі кіраўніцтва краіны за жорсткі разгон народных пратэстаў у Андыжане ў 2005 годзе. Але ў сьнежні 2012 году Ўзбэкістан зноў выйшаў з АДКБ.

«Узбэкістану ад АДКБ былі патрэбныя толькі пастаўкі расейскай зброі па льготных коштах і часткова сумесныя СПА ды манэўры», — выказвалася неназваная крыніца ў Крамлі пра пазыцыю сярэднеазіяцкай краіны.

Якія яшчэ краіны выйшлі з АДКБ?

Зь верасьня 1993 году па красавік 1999 году сябрамі АДКБ былі таксама Азэрбайджан і Грузія, якія, як і Ўзбэкістан, пакінулі шэрагі гэтай арганізацыі, адмовіўшыся працягваць дзеяньне дамовы яшчэ на 5 год. Неўзабаве Ўзбэкістан далучыўся да арганізацыі ГУАМ (вайскова-палітычны саюз Грузіі, Украіны, Малдовы і Азэрбайджану), Грузія ўсё шчыльней супрацоўнічае ў пытаньнях абароны з НАТО і ЗША, у Азэрбайджану асноўны саюзьнік у рэгіёне — Турэччына.

Расейскія вайскоўцы на вучэньнях АДКБ у Кіргізстане, архіўнае фота
Расейскія вайскоўцы на вучэньнях АДКБ у Кіргізстане, архіўнае фота

Хто ўзначальвае АДКБ?

Вышэйшы орган АДКБ — Рада калектыўнай бясьпекі (РКБ), у якую ўваходзяць кіраўнікі краін-сябраў арганізацыі. Рада праводзіць свае пленумы раз на год у адной з сталіц краін АДКБ.

Таксама рэгулярна зьбіраюцца Рады міністраў замежных спраў, міністраў абароны, камітэт сакратароў радаў бясьпекі, Сталая рада АДКБ.

Арганізацыйным, інфармацыйным і аналітычным забесьпячэньнем дзейнасьці органаў АДКБ займаецца сталы сакратарыят АДКБ, якім кіруе генэральны сакратар арганізацыі. З 2003 году генэральным сакратаром АДКБ працаваў Мікалай Бардзюжа, які пайшоў у адстаўку ў сьнежні 2016 году. З 1 студзеня 2017 году выканаўцам абавязкаў генэральнага сакратара АДКБ стаў расейскі генэрал Валеры Семерыкоў.

Ці праўда, што ў АДКБ кіруе Расея?

«Становіцца відавочным, што Расея выкарыстоўвае АДКБ, у прыватнасьці КСАР, у якасьці інструмэнта для вырашэньня ўласных геапалітычных задач у рэгіёне. Нягледзячы на дэкляраваную прычыну стварэньня КСАР як нейкай супрацьвагі ў забесьпячэньні рэгіянальнай бясьпекі, большасьць экспэртаў аднадушна сьцьвярджаюць, што структура, якая ствараецца ў складзе АДКБ, можа стаць нейкай „дубінай“ для непаслухмяных Крамлю суседніх краін, у першую чаргу Грузіі і Азэрбайджану», — казаў расейскі аналітык Сяргей Абрамаў у 2013 годзе.

Назіральнікі адзначаюць, што найбольшы ўнёсак у бюджэт АДКБ робіць Расея, большасьць вайскоўцаў у Калектыўных сілах апэратыўнага рэагаваньня АДКБ — таксама расейскія, вайскова-палітычны ўплыў Масквы на кожнага зь сябраў АДКБ непараўнальны з уплывам гэтых краін паасобку.

Беларускія вайскоўцы падчас вучэньняў АДКБ ў Кіргізстане
Беларускія вайскоўцы падчас вучэньняў АДКБ ў Кіргізстане

Колькі Беларусі каштуе сяброўства ў АДКБ?

Долевы ўнёсак Рэспублікі Беларусь у бюджэт АДКБ складае 10%. Такім чынам, калі бюджэт АДКБ на 2017 год склаў 275,8 мільёна расейскіх рублёў, дык Беларусі сяброўства ў АДКБ сёлета абыдзецца ў 27,5 мільёна расейскіх рублёў — гэта меней за мільён даляраў.

Дзе праходзяць саміты кіраўнікоў краін АДКБ?

Саміты праходзяць раз на год. Але бываюць і нечарговыя, як у 2009 годзе, калі сустрэчы на вышэйшым узроўні праходзілі двойчы.

Усяго з 29 самітаў 17 прайшлі ў Расеі, зь іх 16 у Маскве і адзін у Сочы. Тройчы кіраўнікоў краін АДКБ прымала сталіца Таджыкістану Душанбэ, таксама тройчы саміты АДКБ праходзілі ў Казахстане. Ерэван прымаў кіраўнікоў краін АДКБ двойчы, у тым ліку летась, у кастрычніку 2016 году.

Раней у Менску кіраўнікі краін АДКБ зьбіраліся ў 1995 і ў 2006 гадах. Адметна, што на саміце ў траўні 1995 году дэлегацыя Рэспублікі Беларусь працавала пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG