Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмянілі прэм’еру беларускамоўнай вэрсіі фільму “Любоў насамрэч”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Менскі палац дзяцей і моладзі адмовіўся ад паказу беларускамоўнай вэрсіі фільму “Любоў насамрэч”, якую падрыхтаваў творчы калектыў рэжысэра Сяргея Патаранскага. Бакі маюць розныя думкі наконт прычынаў гэтай адмовы.

Кіраўніцтва Менскага палацу дзяцей і моладзі адмовілася дэманстраваць у сваёй залі брытанска-амэрыканскую калядную камэдыю “Любоў насамрэч”, якая перакладзеная на беларускую мову. Прэзэнтацыя беларускамоўнай вэрсіі гэтага фільму мусіла адбыцца сёньня, 30 сьнежня, але напярэдадні арганізатараў праекту папярэдзілі, што прэм’ера адмяняецца. Дырэктар Менскага палацу дзяцей і моладзі Галіна Шкляр патлумачыла Радыё Свабода, што прычына адмовы нібыта толькі ў тым, што арганізатарам мерапрыемства выступала не юрыдычная асоба, зь якой магчыма заключыць паўнавартасную дамову, а проста група моладзі. Паводле Галіны Шкляр, ніякіх палітычных прычынаў у гэтым рашэньні не было.

(Шкляр: ) “Пры чым тут палітыка ці беларуская мова? У нас чамусьці і “Сябрына” добра пачуваецца, і нікога мы не заціскаем. Я сама беларуска і ніколі не адмаўлялася ад беларускай мовы”.

Між тым, каардынатар праекту студэнт БДУ Франак Вячорка кажа, што дамова на арэнду залі паміж групай моладзі і палацам спачатку была заключаная, нават была заплачана частка авансу. Але потым кіраўніцтва запатрабавала заключэньня дамовы з грамадзкай арганізацыяй, якая валодае ліцэнзіяй на камэрцыйную дзейнасьць з моладзьдзю. “Гэта нерэальныя ўмовы, бо нікому такой ліцэнзіі не даюць”, — кажа Франак Вячорка. Паводле ягоных зьвестак, кіраўніцтва палацу арыентавалася на інструкцыі ад Міністэрства культуры, паводле якіх у сувязі з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі пільна кантралююць любыя мерапрыемствы з удзелам моладзі.

(Вячорка: ) “У краіне такая сытуацыя, што любая ініцыятыва, любы праект, які зыходзіць не ад уладаў, адразу ўспрымаецца як дысыдэнцтва. Тое самае з гэтым фільмам, які проста група моладзі за свае грошы пераклала на беларускую мову”.

Дарэчы, гэта ўжо другі выпадак, калі зрываецца прэзэнтацыя беларускамоўнай вэрсіі каляднага фільму “Любоў насамрэч”. Раней арганізатарам праекту адмовіў менскі кінатэатар “Цэнтральны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG