Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагноз экспэртаў: даляр будзе расьці адносна эўра


Кастусь Бандарук, Прага Злучаныя Штаты і краіны Эўразьвязу маюць найбуйнейшыя ў сьвеце эканомікі, і таму натуральна, што іхныя валюты – даляр і эўра – канкуруюць. Вартасьцю гэтых валют беспасярэдне зацікаўленыя ня толькі 500 мільёнаў амэрыканцаў і эўрапейцаў, але і ўсясьветны гандаль. Як эканамісты ацэньваюць пэрспэктывы даляра і эўра?

На думку эканамістаў, цяперашні абменны курс даляра і эўра адлюстроўвае хутчэй слабасьць абедзьвюх эканомік, чым іхны росквіт. За мінулы год даляр страціў амаль траціну сваёй вартасьці ў дачыненьні да эўра ды іншых валют. Гэта было найперш зьвязана зь вялізным дэфіцытам у фэдэральным бюджэце, а таксама ў замежным гандлі ЗША. Дэфіцыт павялічвалі выдаткі на вайну ў Іраку і Аўганістане. Праблемы даляра скарыстала эўрапейская валюта, аднак цяпер праблемы перажывае і сам Эўразьвяз. Ратыфікацыя эўрапейскай канстытуцыі правалілася, а эўрапейскія лідэры ня здолелі дамовіцца ў пытаньні доўгатэрміновага бюджэту Эўразьвязу. У выніку за апошнія месяцы курс эўра ў дачыненьні да даляра ўпаў на 11 %.

Эканаміст з “Комэрцбанку” ў Франкфурце-на-Майне Карстэн Фрыч лічыць, што цяпер сытуацыя перамянілася: палітычныя праблемы Эўразьвязу разам з запаволеным эканамічным ростам дазваляюць гаварыць, што Эўропа апынулася ў горшай сытуацыі, чым Амэрыка. Не зважаючы на часовыя праблемы, даляр застаецца асноўнай валютай сьвету. Праўда, у час найніжэйшага курсу даляра цэнтральныя банкі Азіі пачалі свае рэзэрвы пераводзіць у эўра, аднак рабілі гэта абачліва. На думку Карстэн Фрыч, азіяцкія банкі не зацікаўленыя ў далейшым абясцэньваньні даляра, паколькі на амэрыканскую валюту ўсё яшчэ прыпадае 70% усясьветных валютных рэзэрваў, тады як на эўра ўсяго 20%.

Эканаміст Штэфан Шнайдэр з “Дойчэбанку” лічыць, што найбліжэйшым часам амэрыканскі даляр будзе ўмацоўвацца ў дачыненьні да эўра ды іншых валют. Адна з прычынаў – гэта падвышэньне Фэдэральным банкам ЗША пазыковых ставак, а другая – тое, што доўгатэрміновыя ўрадавыя аблігацыі ў ЗША даюць інвэстарам большы прыбытак, чым 10-гадовыя эўрапейскія аблігацыі. Гэта спрыяе наплыву замежнага капіталу ў ЗША.

Цяперашнюю слабасьць эўра аналітыкі тлумачаць няпэўнай будучыняй эўрапейскай эканомікі. Галоўныя краіны Эўразьвязу ня могуць дамовіцца ня толькі адносна эўраканстытуцыі і эўрабюджэту, але і ў пытаньні эўрапейскай эканамічнай мадэлі. Вялікабрытанія прапануе сваю лібэральную мадэль эканомікі, тым часам як Францыя і Нямеччына адстойваць сацыяльную мадэль.

На думку Штэфана Шнайдэра, улічваючы ўсё большае значэньне валютаў Японіі і Кітаю, абменны курс даляра і эўра варта было б стабілізаваць нават сілавым спосабам. Ён мяркуе, што з улікам шэрагу эканамічных чыньнікаў эўра павінна каштаваць 1,15 даляра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG