Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьявілася вуліца архітэктара Заборскага


Іна Студзінская, Менск У сталіцы працягваецца перайменаваньне вуліцаў. Завулак Камунальны 1 чэрвеня перайменавалі ў вуліцу архітэктара Георгія Заборскага. Адбыўся мітынг, ўрачыста адкрылі мэмарыяльную дошку, цёплыя словы пра настаўніка гаварылі вучні Заборскага.

Побач з вуліцай цяпер ужо імя архітэктара Заборскага – Сувораўская вучэльня, будынак якой праектаваў народны архітэктар СССР. Георгій Заборскі наагул праектаваў амаль палову Менску: будынкі па вуліцы Леніна, комплекс вакол аўтазаводзкай плошчы, кінатэатар “Піянэр” і тэатар лялек, Музэй Вялікай Айчыннай вайны. Ён – адзін з аўтараў манумэнту Перамогі і помніка Якубу Коласу. І вось, нарэшце, імя яго ўвекавечылі, назваўшы імем Заборскага завулак Камунальны. Праўда, ягоная ўдава, Кацярына Заборская спадзявалася на іншае:

(Заборская: ) “Я і ягоныя паплечнікі спадзяваліся, што назавуць кавалак вуліцы Леніна – ад плошчы Свабоды да праспэкту. Там гэтыя дамы ён праектаваў, душу ўклаў. Вось гэты кавалак вуліцы Леніна – як ў Пецярбургу вуліца Росі, маленькая, прыстойная. І гэта было б сапраўды цудоўна. Але…Дзякуй Богу, што назвалі хоць тут”.

Дзіўных назоваў у беларускай сталіцы вельмі шмат. Да прыкладу, вуліцы Водазаборная, Базісная, Балотная, Калектарная, Землямерная, Парніковая, Цяплічная. У сталіцы 8 Пуцеправодных завулкаў, 3 Паліграфічныя, 3 Трубныя, 3 Дзіцячыя, Нафтавы, Бранявы, Тыражны… Але перайменоўваць іх пакуль не зьбіраюцца – няма грошай. Пакуль пераймяноўваюць толькі цэнтральныя праспэкты. Дарэчы, інтэлігенцыя, архітэктары, якіх я сустрэла на ўрачыстасьцях, супраць перайменаваньняў.

Гутару з заслужаным архітэктарам Беларусі, дырэктарам інстытуту “Менскпраект” Яраславам Ліневічам.

(Карэспандэнтка: ) “А вось гэтыя перайменаваньні – калі ўсе прызвычаіліся, што цэнтар Менску – гэта праспэкт Машэрава, праспэкт Скарыны. Ці ёсьць сэнс?”

(Ліневіч: ) “Я лічу, што новымі імёнамі павінны называцца новыя вуліцы. А перайменаваньне вуліц – гэта пытаньне спрэчнае, тут цяжка камэнтаваць але…”

А вось меркаваньне таксама калегі і вучаніцы архітэктара Георгія Заборскага.

(Спадарыня: ) “Уся грамадзкасьць, уся інтэлігенцыя, усе мае знаёмыя вельмі засмучаныя. І ня толькі Скарынам і Машэравым. Старабарысаўскі тракт, якога ня будзе – гэта ж наагул аўтэнтыка. Я жыву сама на праспэкце Скарыны, але, дзякуй Богу, мой адрас па Янкі Купалы, дом на скрыжаваньні, і мяне ня тычыцца пераафармленьне дакумэнтаў. Але я спачуваю людзям, якім давядзецца ўсё перарабляць. На мой погляд, гэтага ня трэба было рабіць, Натуральна, стаўлюся адмоўна”.

Кожны дзень актывісты Таварыства беларускай мовы, моладзевай ініцыятывы “Вока”, “Партнэрства” ў горадзе зьбіраюць подпісы. Учора “Вока” зьбірала подпісы на пляцы Перамогі. ТБМ, да прыкладу, сабрала ўжо больш за 4 тысячы подпісаў і перадало ў Менгарвыканкам і адміністрацыю прэзыдэнта. Дзьве тысячы сабрала “Вока”. Зьбірае подпісы АГП, іншыя. Але пакуль пра дакладныя лічбы сказаць цяжка. Ініцыятары плянуюць дамагчыся правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму, накіраваць адпаведныя запыты ў Палату прадстаўнікоў і дэпутатам Менскага гарсавету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG