Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі віцэ-прэм’ер: "Дэмакратычныя каштоўнасьці мусяць апанаваць увесь СНД"


Юры Сьвірко, Кіеў КДБ Беларусі цалкам сур’ёзна заяўляе, што ва Ўкраіне йдзе падрыхтоўка баевікоў для ўдзелу ў будучай беларускай рэвалюцыі. Я папрасіў намесьніка прэм’ер-міністра Ўкраіны ў гуманітарных пытаньнях Міколу Таменку распавесьці пра тое, як рыхтуюць гэтых баевікоў, і пракамэнтаваць заяву дырэктара расейскай ФСБ Мікалая Патрушава пра мажлівы ўдзел украінскіх “памаранчавых” функцыянэраў у гэтай рэвалюцыі.

Вось што заявіў спадар Тамэнка:

(Таменка: ) “Бачыце, у шмат якіх краінах СНД існуе такі своеасаблівы мандраж што да мажлівай зьмены, мажлівай дэмакратызацыі. Я думаю, што гэта пазытыўна, калі такое адбываецца: экспэрты або палітыкі пра гэта гавораць, і гэта значыць, што яны дакладна разумеюць, што краіне патрэбная дэмакратызацыя. Такая заява значыць, што і Расея, і Беларусь, у прыватнасьці, улада там разумее, што Беларусь ёсьць краінай, якой патрэбная сур’ёзная дэмакратызацыя. Гэтаксама як і Расея ёсьць краінай, якой патрэбная сур’ёзная дэмакратызацыя”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Таменка, а якія мэханізмы існуюць для ажыцьцяўленьня такой дэмакратызацыі?”

(Таменка: ) “Наконт мэханізмаў, мэтадаў я думаю, што гэта збольшага такія палітычныя фантазіі – пра ўкраінскіх баевікоў. Але я думаю, што калі ўкраінскія журналісты, ці ўкраінскія экспэрты, ці прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў будуць езьдзіць у Беларусь або ў Расею й распавядаць, як яны працуюць, як зь імі супрацоўнічаць, дык гэта адпавядае ўсім міжнародным пагадненьням, якія існуюць. Калі іх будуць не пускаць у Беларусь ці Расею, гэта будзе проста нейкая ненармальнасьць”.

(Карэспандэнт: ) “У Беларусі як апазыцыя, гэтак апошнім часам улада гаворыць, што можа быць выкарыс ўкраінскі досьвед рэвалюцыі. Ці будзе Ўкраіна неяк дзяліцц гэтым досьведам зь Беларусьсю?”

(Таменка: ) “Сапраўды, тое што адбылося ва Ўкраіне й адбываецца ў іншых краінах, гаворыць пра тое, што ўсё адно зьмена й дэмакратычныя каштоўнасьці аб’ектыўна мусяць апанаваць усю тэрыторыю СНД. Іншая справа, што мы перакананыя: ані ўрад, ані прэзыдэнт, ані структуры ўлады ня будуць парушаць нейкія міжнародныя пагадненьні й рабіць дзеяньні дзеля таго, каб мяняць уладу ў суседніх дзяржавах ці наносіць шкоду нацыянальнай бясьпецы. Але ўсё, што датычыць плоскасьці грамадзкіх інстытуцыяў, мэдыяў, гэта адпавядае ўсім нашым гуманітарным пагадненьням СНД. І я думаю, што свой пункт погляду ўкраінскі журналіст або ўкраінскі экспэрт можа выказаць і на тэрыторыі Расеі, і на тэрыторыі Беларусі. Калі гэта паўплывае на пачатак рэвалюцыі, значыць, палітычныя рэжымы ў гэтых краінах ня толькі ёсьць няўстойлівымі – іх ніхто не падтрымлівае. Я думаю, што ўкраінскіх журналістаў ды экспэртаў расейскай і беларускай уладзе можна не баяцца”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ўрад Украіны будзе спрыяць рэвалюцыі ў Беларусі?”

(Таменка: ) “Урад Украіны рэвалюцыямі не займаецца. На шчасьце, у нашай праграме дзейнасьці няма такога. Мы будзем рабіць усё, каб тое, што тычыцца асьветы, культуры, іншых супольных праектаў, мы выконвалі ды рэалізоўвалі разам з гэтымі краінамі. А тое, што тычыцца нейкіх рэчаў, зьвязаных з парадамі або зьменамі прынцыпаў арганізацыі ўлады, дзейнасьцю палітычных партыяў, -- гэта праблема гэтых краін, а ня Ўкраіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG