Паводле Цапкалы, амэрыканскае кіраўніцтва адгукнуліся на заклік «нашага» Клюбу нобэлеўскіх ляўрэатаў і ўключыліся ў тэму вызваленьня палітычных зьняволеных.
«У бліжэйшы час мы падрабязна раскажам:
— як менавіта адбываўся гэты працэс;
— як мы мабілізавалі нобэлеўскіх ляўрэатаў для абароны палітвязьняў;
— аб нашых рэгулярных, фактычна штотыднёвых кантактах з Белым домам;
— чаму мы сьвядома не займаліся піярам і трымалі дыялёг у рамках закрытых дыпляматычных намаганьняў — тых самых, якія і прыводзяць да выніку, — паабяцаў Валер Цапкала.
— Мы таксама раскажам, хто быў выгадаатрымальнікам існаваньня палітычных зьняволеных; хто быў зацікаўлены ў тым, каб як мага больш людзей заставаліся ў турмах; хто зарабляў на гэтай тэме — і мэдыйна, і фінансава».
Цапкала таксама павіншаваў «са здабыцьцём свабоды тых, хто шчыра стаў на бок народа, хто не адступіўся і не зламаўся, хто заплаціў асабісты кошт за шанец на свабодную і квітнеючую Радзіму».
Адзначым, што Клюбу нобэлеўскіх ляўрэатаў як афіцыйнай арганізацыі не існуе. Няма міжнароднай структуры з такой назвай, сяброўствам, сьпісамі ўдзельнікаў і г. д.
Валер Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналёгій. Для ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году ён сабраў ініцыятыўную групу. Аднак ЦВК адмовіла яму ў рэгістрацыі, бо нібыта сабраных подпісаў пасьля праверкі аказалася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусьцілі да ўдзелу ў выбарах, ягоная жонка Вераніка далучылася да аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай.
Сам палітык пакінуў краіну ў ліпені 2020 году, баючыся крымінальнага перасьледу. Пазьней да яго ў Латвію пераехалі жонка і дзеці.
6 студзеня 2021 году Валер Цапкала абвясьціў аб стварэньні Беларускага дэмакратычнага форуму, які меўся быць супрацьвагай арганізаванаму Лукашэнкам «Усебеларускаму нацыянальнаму сходу».
У красавіку 2023 году Менскі абласны суд завочна прысудзіў яму 17 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 1000 базавых велічынь, а таксама пазбавіў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на працягу 5 гадоў.
Форум