Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дэмакратычныя палітыкі вітаюць жорсткую заяву Эўразьвязу з асуджэньнем "дыктатуры ў Беларусі"


Юлія Шарова, Менск Эўрапейскі зьвяз прыняў жорстка сфармуляваную заяву з асуджэньнем, як сказана ў дакумэнце, “дыктатуры” ў Беларусі. Міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі падчас учорашняй сустрэчы ў Люксэмбургу. У заяве сказана, што Эўразьвяз выступіць зь “дзеяньнямі дзеля неадкладнага ажыцьцяўленьня найбліжэйшых і наступных захадаў, каб дапамагчы беларускаму грамадзтву стаць адкрытым”. У заяве таксама гаворыцца, што Эўразьвяз ня можа пагадзіцца з тым, каб краіна, разьмешчаная “на межах Эўропы”, “гібела ў дыктатуры”. Падрабязьней пра плянаваныя Эўразьвязам захады не паведамляецца.

Беларускія дэмакратычныя палітыкі вітаюць заяву Эўразьвязу, у якой асуджаецца “дыктатура” ў Беларусі. Зь іхных словаў, ацэнкі міністраў замежных справаў Эўразьвязу, якія зьмешчаныя ў заяве, адпавядаюць беларускай палітычнай рэчаіснасьці.

Разам з тым, ня ўсе прадстаўнікі апазыцыі вераць у тое, што Эўропа зробіць вельмі рашучыя крокі ў справе дэмакратызацыі Беларусі.

Заява такога рашучага характару – вялікі крок для Эўразьвязу, бо ён працяглы час ухіляўся ад сур’ёзнай ацэнкі сытуацыі, якая склалася ў Беларусі, лічыць адзін зь лідэраў БНФ Юры Хадыка.

(Хадыка: ) "Тое, што прынятая такая заява, нягледзячы на абструкцыю й супраціў, які аказваюць там дэлегацыі Расеі ды іншых “дэмакратычных” краінаў – гэта вялікі крок наперад. Эўропа будзе разумець выразна, што такое беларускі рэжым, а беларускі рэжым будзе добра ведаць, што падмануць грамадзкасьць яму ня ўдасца".

Апрача таго, спадар Хадыка адзначае вельмі вялікую ролю Ўкраіны ў падтрыманьні гэтай рэзалюцыі.

Эўразьвяз мае ўсе падставы прыняць такую заяву, цьвердзіць кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч. На ягоную думку, у Беларусі пануе цемрашальства ды ўлада чалавека, які нават не ўсьведамляе, што такое дэмакратыя.

(Шушкевіч: ) "Ён робіць такую заяву, што калі нам спатрэбіцца дэмакратыя, то мы гэта зробім самі, без дапамогі Юшчанкі й Буша. Гэта папросту недапушчальна, калі чалавек, які не разумее, што такое дэмакратыя, гаворыць, што ён гэта зробіць так, як на калгаснай фэрме падбіраюць граблямі нейкі гной ды ачышчаюць прастору".

Што да магчымых наступстваў для Беларусі ў выніку прыняцьця гэтай заявы, то спадар Шушкевіч нагадвае, што заяваў і рэзалюцыяў прымаецца шмат, але асаблівых зьменаў яны не прыносяць. Палітык, аднак, выказаў спадзеў на тое, што заява Эўразьвязу ўсё ж прынясе істотныя вынікі.

Іншы вядомы палітык, Мікола Статкевіч, лічыць, што Эўразьвяз будзе ўзьдзейнічаць на беларускія ўлады, але ня шляхам эканамічных санкцыяў, якія пагражалі Беларусі раней.

(Статкевіч: ) "Я сам супраць гэтага, бо гэта, па-першае, супраць усяго нашага народа, а па-другое – гэта будзе выдатнае апраўданьне беларускаму рэжыму, апраўданьне ягонай неэфэктыўнай эканамічнай палітыкі".

На думку спадара Статкевіча, уплываць на беларускую сытуацыю Эўразьвяз здолее праз узьдзеяньне на Расею, кіраўнік якой ускосна пацьвердзіў намер падтрымліваць беларускія ўлады і надалей. Таксама Эўразьвяз можа болей дапамагаць грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, што таксама ёсьць рычагом узьдзеяньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG