Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ваўкавыску забаранілі прадаваць “Местную газету”


Іна Студзінская, Менск У Ваўкавыску старшыня райвыканкаму Міхаіл Савельеў і ягоны намеcьнік Уладзімер Захарчук вусным распараджэньнем забаранілі прадаваць у крамах гораду недзяржаўную “Местную газету”. Ці маюць вусныя распараджэньні мясцовых чыноўнікаў сілу закону?

Начальнік прававога ўпраўленьня Міністэрства інфармацыі Лілія Богдан адмовілася камэнтаваць сытуацыю з забаронай мясцовымі чыноўнікамі продажу “Местной газеты” ў ваўкавыскіх крамах.

(Богдан: ) “Я не правамоцная камэнтаваць дзеяньні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Зьвяртайцеся да нашага кіраўніцтва, а канкрэтна — да першага намесьніка міністра”.

Першы намесьнік міністра інфармацыі Лілія Ананіч 17 сакавіка знаходзілася ў камандзіроўцы. Тэлефон начальніка Ўпраўленьня друкаваных СМІ Ўладзімера Матусевіча таксама ўвесь дзень маўчаў. З пытаньнем — ці могуць мясцовыя ўлады забараняць распаўсюд сродкаў масавай інфармацыі, я зьвярнулася да намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыста Андрэя Бастунца.

(Бастунец: ) “Зразумела, што не. Гэта запісана ў Законе аб сродках масавай інфармацыі: “Перашкоды распаўсюду выданьняў, у тым ліку і продажу іх з рук, забароненыя”. Старшыня райвыканкаму ня можа даваць такіх загадаў, бо яны супярэчаць і Канстытуцыі, і заканадаўству аб друку, і нават заканадаўству аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні. А па-другое, райвыканкамы, якія прымаюць адпаведную пастанову, таксама выйшлі за межы сваіх паўнамоцтваў, таксама парушаюць заканадаўства — нарматыўныя акты, якія маюць большую сілу”.

16 сакавіка рэдактар ваўкавыскай “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч быў на прыёме ў старшыні райвыканкаму Міхаіла Савельева і запытаўся, чаму аддадзенае распараджэньне аб забароне продажу газэты. Спадар Савельеў спаслаўся на парушэньне санітарных нормаў: маўляў, побач з прадуктамі не павінны прадавацца газэты, што ўтрымліваюць друкарскую фарбу. Але ва ўсім сьвеце і ў буйных унівэрсамах, і ў маленькіх прадуктовых крамах газэты прадаюцца.

Камэнтар начальніка ўпраўленьня абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэклямай Міністэрства гандлю Ірыны Наркевіч.

(Наркевіч: ) “Пытаньні распаўсюду газэт — гэта пытаньні Міністэрства інфармацыі, а не Міністэрства гандлю. Таму, я мяркую, што яны лепш ведаюць, якія там санітарныя нормы. Мне складана адказваць за дзеяньні нейкага мясцовага начальніка. У Менску газэты ў крамах прадаюцца. Я наагул ня ведаю, як вусныя загады можна выконваць. Напэўна, выконваць трэба штосьці ў адпаведнасьці з законам, і пісьмовае”.

17 сакавіка, пасьля размовы са старшынём Ваўкавыскага райвыканкаму Міхаілам Савельевым рэдактар “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч даведаўся, што вэртыкальнік даў вуснае распараджэньне кіраўніцтву раённай міліцыі і дзяржаўтаінспэкцыі не даваць інфармацыі незалежнаму выданьню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG