У Беларусі асноўныя міграцыйныя зрухі (да 90 працэнтаў усяго аб’ёму) зьяўляюцца ўнутранымі. Так, у 2003 годзе зь вёсак у гарады пераехалі 62 тысячы чалавек, адваротны кірунак склаў 43 тысячы мігрантаў. А яшчэ 83 тысячы памянялі адзін беларускі горад на іншы. Пра тое, што вымушае людзей шукаць іншага месца жыхарства, пра жыцьцё, клопаты й пляны мігрантаў і пойдзе размова.
Згаданая статыстыка найперш засьведчыла канец працяглага пэрыяду, калі міграцыю вызначалі вяскоўцы, якія перабіраліся ў гарады. Пачатак гэтаму быў пакладзены ня толькі пасьляваеннай індустрыялізацыяй краіны. Сорак гадоў таму партыя падзяліла вёскі на так званыя “пэрспэктыўныя” і “непэрспэктыўныя”. Паводле гэтага пляну, 25 тысяч апошніх трэба было зьліквідаваць. “Жывымі” савецкая ўлада пакідала толькі 9 тысяч вясковых паселішчаў. На рэалізацыю задуманага, аднак, не хапіла сродкаў і часу: саветы сканалі. Шмат вёсак такім чынам ацалела. Але яны былі фактычна спустошаныя міграцыйнай хваляй 60 – 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя.
(Перамалотава: ) “Тут, калі браць рабочы люд, то ў асноўным перасяленцы працуюць. Мясцовых ужо меней”.
У вёску Няглюбка Веткаўскага раёну Галіна Перамалотава прыехала разам з трыма дзяцьмі, чацьвёртага нарадзіла ўжо тут. Спадзявалася атрымаць у чарнобыльскай зоне добрае жытло і неблагія заробкі. Гэта, дарэчы, асноўны матыў, якім кіруюцца так званыя працоўныя мігранты. Гаворыць дэпутат Белаазёрскага гарсавету Берасьцейскай вобласьці Юрась Губарэвіч:
(Губарэвіч: ) “У Белаазёрску апошнім часам, як, напэўна, і ў большасьці малых гарадоў, самая актуальная праблема — беспрацоўе. Людзі едуць у пошуках лепшай долі, лепшай працы, лепшых заробкаў”.
У крызысны пэрыяд нейкія рэгіёны з-за зьбегу абставінаў вырываюцца наперад, туды й цягнуцца зь іншых абласьцей. У Расеі, напрыклад, міграцыйнымі фаварытамі лічацца Цэнтральная і Ўральская фэдэральныя акругі, дзе даходы на чалавека складаюць каля 4000 тысяч рублёў у месяц – супраць дзьвюх з паловай у сярэднім па краіне.
У Беларусі найбольш прывабныя Менск, сталічная вобласьць. Усе астатнія вобласьці ў адносінах да іх маюць адмоўнае міграцыйнае сальда. Вось што кажа Юрась Губарэвіч:
(Губарэвіч: ) “Збольшага, калі людзі зьяжджаюць з гораду, яны едуць у нейкі буйны горад, такі як Берасьце альбо Менск”.
Аднак далёка не заўсёды яны знаходзяць жаданае. Бо ў краіне фактычна адсутнічае адпаведная паўнавартасная інфармацыя. Асабліва ў сельскай мясцовасьці. Дакладных зьвестак няма нават адносна тых дзьвюх тысячаў працоўных месцаў, якія дзяржава афіцыйна прапануе сёньня ў розных калгасах ды саўгасах.
Лёс Галіны Перамалотавай зь Веткаўскага раёну ў гэтым сэнсе тыповы: разьлічвала на прыстойную кватэру для вялікай сям’і, але атрымала невялічкую вясковую хатку:
(Перамалотава: ) “Якую ўжо далі. Добрыя дамы даюць у асноўным спэцыялістам, а я простая працаўніца. Я хадзіла, прасіла, але пакуль, кажуць, няма такога прыдатнага жытла. Таму пакуль тут жывём”.
У сваю чаргу, сакратарка Няглюбскага сельскага савету Надзея Грынькова сьцьвярджае: многія перасяленцы ня надта рупяцца сабраць неабходныя даведкі й атрымаць прапіску. Сярод такіх, дарэчы, і Галіна Перамалотава:
(Перамалотава: ) “Цяжкавата прапісацца. У каго, можа, хапае сродкаў, той прапісваецца. У мяне не хапае. За ўсе даведкі, што зьбіраеш, трэба плаціць. І каб здаць дакумэнты, таксама трэба заплаціць. Даведка на СНІ 10 даляраў каштуе, і яна толькі месяц сапраўдная. І мінімалку трэба плаціць. У мяне не атрымліваецца. У мяне ж чацьвёра дзяцей. Трэба іх пракарміць, адзець, абуць. Усё дарагое”.
Перасяленьне з гарадоў у вёскі — новая зьява для Беларусі. Дагэтуль шмат хто лічыць яе нетыповай. Вось думка дэпутата Буда-Кашалёўскага райсавету Ігара Кекелева:
(Кекелеў: ) “Каб нехта ехаў з гораду сюды жыць і працаваць — гэта вельмі рэдкая зьява. У нашым населеным пункце купляюць хаты тыя, хто ў горадзе пакінуў сваё жытло дзецям, а сюды ўжо едуць як бы на лецішча, і ўвогуле жыць. Гэта людзі, якім за сорак, за пяцьдзесят, сталага веку”.
Асабісты досьвед нават даволі дасьведчанага чалавека — адно, а дзяржаўная статыстыка — іншае. Дык вось паводле яе ў 2003 годзе з гарадоў у вёскі пераехалі 47 тысяч чалавек. Найчасьцей перасяляліся ў іншыя вобласьці. Прычынаў шмат: нехта едзе да знаёмых, хтосьці вяртаецца дадому ці сваякоў, нярэдка вераць у тое, што чым далей — тым лепей. Бо жыцьцё побач, у суседніх раёнах, добра вядомае — яно часта здаецца непрывабным. Гаворыць супрацоўніца Віцебскага абласнога цэнтру занятасьці:
(Кабета: ) “Да нас вельмі часта прыходзяць людзі ў пошуках працы. Але што мы можам прапанаваць? Хіба працу даяркам, вэтэрынарам ды заатэхнікам. І працу мы прапануем, як правіла, у бліжэйшых да нас раёнах — Лепельскім, Дубровенскім, Талачынскім. Але ў гэтыя раёны людзі ехаць ня дужа хочуць”.
Яскравае выключэньне — Берасьцейшчына, дзе амаль сем тысяч гараджанаў выбралі вёскі свайго ж рэгіёну. У астатніх абласьцях прыярытэт аддаецца далёкім суседзям. Прычым геаграфічны вэктар гэтага своеасаблівага суседзтва часьцей “заходні”, нават у межах той жа Віцебшчыны:
(Кабета: ) “Чамусьці ў нас лічыцца, што найбольш багатыя раёны заходнія — той самы Глыбоцкі або Пастаўскі. Людзі часта просяцца туды, маўляў, там жыцьцё багацейшае ды саладзейшае. А я скажу так: усё гэта іхныя прыдумкі, і няма розьніцы, куды ехаць — на заходнюю Віцебшчыну, на Ўсходнюю або на Паўночную. Бо паўсюль адны й тыя самыя разваленыя калгасы ды паўсюль праблемы”.
Якія чаканьні ў перасяленцаў? Гаворыць спадарыня Натальля зь Ліды:
(Натальля: ) “У той вёсцы, можа, які Дом быту маленькі будзе, дык буду, можа, шыць. Не, напэўна ня будзе там Дому быту. Дык фэрма ёсьць, даяркай пайду. А калі з тымі каровамі не атрымаецца, дык буду дома сядзець, грады капаць! Мы ж на вясну туды едзем, бо ўвосень раней не паехалі. Чаго ехаць на зіму ў тую хату? Дроў няма, нічога не пасаджана, не сабрана. А во ўвесну зробім градачкі, муж будзе, можа, на якім трактары працаваць. Муж у мяне з рукамі, а я градкі буду глядзець, можа, садзік там які будзе. Мы ж усё кватэру здымаем, з двума дзецьмі. А там дамок дадуць. У цэнтры занятасьці кажуць, што шмат хто так едзе, і хутка ўжо і там, у вёсцы, месцаў нікому ня будзе”.
У маёй роднай Ракузаўцы, што на Магілёўшчыне, таксама шмат перасяленцаў. Калі раней да нас пераяжджалі з розных беларускіх вёсак, дык цяпер у асноўным гэта тыя, хто не прыжыліся ў абласным цэнтры, які зусім побач. Размаўляем пра іх з Валянцінай Лебедзевай:
(Лебедзева: ) “Вось узяць цёцю Аксану: з Магілёва, з гораду пераехала. Карані бацькоў зь вёскі. Купілі маленькую дрэньненькую хатку, адрамантавалі, адбудавалі яе. І карова ў іх, і конь... Гэтыя людзі вельмі добра ладзяць, у іх вельмі добрыя адносіны зь іншымі, яны ні ў чым нікому не адмаўляюць. Дзеці таксама ў выходныя прыяжджаюць да бацькоў у вёску, дапамагаюць ім. Канечне, для дзяцей гэта таксама вялікая падтрымка”.
(Карэспандэнт: ) “Я ведаю, што старэйшы сын, Віктар, там дом будуе. Для сябе. І нават для сваіх малых дзяцей”.
(Лебедзева: ) “Кожны выходны ён там, працуе не пакладаючы рук. Але разам з тым ён ня толькі будуецца. Вялікую дапамогу аказвае і бацькам: акучыць тую ж бульбу, прывязе дроў, адпасьвіць кароў... А пасьля ў вольны час, будуе сваю хатку...”
Працавітых, шчырых людзей пачалі лічыць сваімі. Аднак так здараецца далёка не паўсюль. Ва ўсім сьвеце — і ў далёкім, і блізкім — да мігрантаў звычайна прыглядваюцца: доўга, з падазронасьцю. Мае землякі — не выключэньне. Расказвае спадарыня Валянціна:
(Лебедзева: ) “Ну а ў Вандзінай хаце я толкам і ня ведаю... Прыехалі, але гэтыя людзі ўжо не знайшлі такой агульнай мовы зь іншымі, як Аксана. Там ужо наадварот атрымліваецца...”
Паводле сацыялягічных апытаньняў, якія ладзілі ў розных расейскіх рэгіёнах, узровень талерантнасьці мясцовага насельніцтва да перасяленцаў з кожным годам меншае. Найбольш палохае крыміналізацыя, якую наўпрост зьвязваюць з дрэнна ўладкаванымі мігрантамі. Шмат хто з новых суседзяў вымушаны працаваць на рынках, дзе ім звычайна даюць гандляваць няякаснымі таварамі, і гэта таксама адна з прычынаў нэгатыўнага стаўленьня да тых, хто прыехаў шукаць лепшае долі. Прыблізна тое самае ў Беларусі.
(Ткачэнка: ) “Там палешукі здароўкаюцца, а за пазухай камень усё адно трымаюць. Прыйшоў у краму, а там кажуць: “Ты — з Чарнобылю, ты — заражаны”. Мне толькі бохан хлеба на пяць душ давалі”.
Расказваў Міхаіл Ткачэнка, які пасьля Чарнобылю перасяліўся ў вёску Любань Акцябарскага раёну. Чарнобыльская міграцыйная хваля была імклівай, масавай — яна зрушыла зь месцаў пад 150 тысяч чалавек. Вымушаная чужына многім надоўга атруціла жыцьцё. Пра свае пераезды распавядае Станіслаў Яжоў, былы жыхар выселенай вёскі Харошаўка Буда-Кашалёўскага раёну:
(Яжоў: ) “Мы пераехалі з Харошаўкі ў Забалоцьце, у цэнтар, жылі там і працавалі. А потым ужо бачым, што калгас пачынае хістацца, усё горш і горш становіцца. Мы ўзялі кватэру ў Гомелі, з Забалоцьця ў Гомель пераехалі. Карацей, як лёс распарадзіўся, так і жывём”.
Як і за мяжой, найбольш талерантнае стаўленьне да мігрантаў у беларускім моладзевым асяродку. Гэтаму ёсьць і такое тлумачэньне: менавіта хлопцы ды дзяўчаты – найбольш актыўная частка грамадзтва што да перасяленьня. Так, каэфіцыент інтэнсіўнасьці міграцыйнага абароту для насельніцтва ва ўзросьце 15–19 гадоў у восем разоў перавышае адпаведны паказьнік для тых, хто старэйшы за 60 гадоў, і амаль у чатыры разы большы за сярэдні каэфіцыент па краіне. Найбольш схільныя пакідаць родныя хаты юнакі і дзяўчаты зь вёсак, мястэчак, маленькіх гарадкоў. Чаму? Прычыны навідавоку. Гаворыць Ігар Кекелеў з Буда-Кашалёўскага раёну:
(Кекелеў: ) “Няма дзе ім знайсьці прымяненьня сваім ведам... Ну і тое, што цяпер вельмі складаная сытуацыя з працай, гэта ў першую чаргу. І месцаў адпачынку няма. Гэта можна праілюстраваць на прыкладзе нашай другой раённай Уваравіцкай бальніцы. Цяпер там толькі два маладыя спэцыялісты. А ўсе астатнія — людзі пэнсійнага і перадпэнсійнага ўзросту”.
Так адбываецца і ў невялікіх гарадках. Сьведчыць Юрась Губарэвіч:
(Губарэвіч: ) “Моладзь імкнецца паступіць у вялікія гарады. Можа, недзе кожны другі толькі вяртаецца назад у Белаазёрск пасьля навучаньня. Вяртаюцца толькі тыя, хто пасьля вучобы пайшоў у войска, так і не атрымаўшы нейкай належнай спэцыяльнасьці. Вяртаюцца, шукаюць працу, звычайна чорнарабочага... Тыя, хто атрымаў вышэйшую адукацыю, збольшага рэалізаваць сябе ў нашым горадзе ня могуць”.
Перакосы ў сацыяльна-эканамічным плянаваньні прывялі да таго, што рэгіёны разгубілі ня толькі моладзь, але й кадры, правінцыйную інтэлігенцыю. Адгукаецца гэта ня лепшым чынам:
(Кекелеў: ) “Ужо цягам двух гадоў у нас не працуе Дом культуры. Гэта вялікі будынак, раней там была процьма гурткоў, паказвалі кіно, арганізоўвалі дыскатэкі... Цяпер нічога там няма, і людзі цягнуцца ў кавярню, дзе выпіваюць. Ідзе дэградацыя. А тыя людзі, якія маглі б зрабіць нейкі унёсак, штосьці разьвіваць, іх тут ужо няма...”
Яшчэ адзін істотны мінус хаатычнай міграцыі — дэмаграфічныя дыспрапорцыі. Асабліва выразна яны заўважныя на вясковым узроўні. Расказвае Валянціна Лебедзева:
(Лебедзева: ) “Халасьцякоў намнога менш, чым жанчын свабодных. У вёсцы ўсё-такі вельмі многа адзінокіх жанчын. Мужчыны цяпер на вагу золата, як паўсюль. У першую чаргу гэта зьвязана з тым, што іх больш прываблівае гарэлка. І — лад жыцьця. Лад жыцьця... У вёсках ён нашмат горшы, чым у горадзе. Мужчыны больш хварэюць, раней паміраюць. Таму й вёска наша выраджаецца. Вымірае...”
Гэтае назіраньне — асабістае, шмат у чым эмацыйнае. Аднак міграсацыёлягі папярэджваюць: ва ўмовах цяперашняга зьніжэньня міграцыйнай рухавасьці насельніцтва ўзьнікае пільная неабходнасьць выправіць перакосы, народжаныя яе ўчорашняй магутнай і часьцяком нерэгуляванай хваляй. Прамаруджваньне ў гэтым, асабліва на рэгіянальным узроўні, значна ўскладніць заўтрашнюю дэмаграфічную структуру, жыцьцё ў беларускіх вёсках, мястэчках і райцэнтрах.