Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстава партрэтаў ў Маладзечна адкрылася без перашкодаў з боку ўладаў


Севярын Квяткоўскі, Менск Вэрнісаж мастака Алеся Цыркунова рэпрэзэнтаваў больш за пяцьдзясят работ. Маладзечанская выстава мае выразную нацыянальна-патрыятычную тэматыку. Гэта найбуйнейшая сярод падобных культурніцкіх акцыяў за апошні час у краіне.

Пра ўласную выставу гаворыць Алесь Цыркуноў:

(Цыркуноў: ) "Выстава жанравага характару гістарычнай тэматыкі. Тут ня ўсе ўдалося выставіць. Вялікія палотны – Эўфрасіньня Полацкая, Караткевіч, Быкаў – гэта агромністыя палотны, іх не ўдалося сюды прывесьці па тэхнічных прычынах. А сярод іншых партрэтаў – Скарына, Вітаўт... Ну і маса іншых, тут і граф Валовіч, і Новік-Пяюн, і гісторык Ермаловіч".

Алесь Цыркуноў – актыўны ўдзельнік мастацкай суполкі "Пагоня" і гісторыка-культурнага клюбу "Спадчына". Мастак працуе ў вёсцы Чэхі Мядзельскага раёну і вядомы ня толькі жывапіснымі работамі. У Чэхах да Міленіюму Алесь Цыркуноў усталяваў вялікі крыж. У Пастаўскім раёне зрабіў надмагільны помнік Флярыяну Даноўскаму – аднаму з заснавальнікаў «Братняга саюзу літоўскае моладзі» ў 1849 г. Падпольная арганізацыя рыхтавалася да ўзброенага паўстаньня. А таксама шэраг іншых скульптурных твораў.

Варта заўважыць, што 9 лютага адкрыцьцё выставы Алеся Цыркунова ладзілася ў маладзечанскім палацы культуры, і на адкрыцьці выступала прадстаўніца мясцовай улады. Маладзечна застаецца ці не адзіным горадам Беларусі, дзе пэрыядычна нацыянальна-арыентаваная грамадзкасьць без перашкодаў з боку ўладаў ладзіць гісторыка-культурныя акцыі. Так, у канцы 2003 году над прысутнымі ў часе адкрыцьця помніку Міколу Ермаловічу цягам гадзіны лунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Там жа ў Маладзечне ў школьнікі адкрыта ладзяць сьвяткаваньне Дня Волі. І вось сёлета – адкрыцьцё выставы Алеся Цыркунова:

Маладзечанскі мастак Кастусь Харашэвіч пракамэнтаваў Радыё Свабода выставу Алеся Цыркунова:

(Харашэвіч: ) "Мне падабаецца ягоная творчасьць наагул, і нацыянальна-патрыятычныя арыентыры. Тое, што для мяне вельмі дорага. І яно адчуваецца ў яго, як у грамадзяніна, як мастака".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG