Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рак паляціць ды сьвісьне


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Кожны, відаць, чуў выраз: як рак паляціць ды сьвісьне, ці проста: як рак сьвісьне. Гэта значыць, ніколі таго ня будзе. У расейцаў у такіх выпадках кажуць: после дождичка в четверг. Чаму менавіта ў чацьвер, застаецца загадкай. Вось тыя ж чэхі, канстатуючы немагчымасьць падзеі, таксама згадваюць дождж, але без каляндарнай прывязкі: až naprší a uschne – як пройдзе дождж і высахне. Латышы ў сваю чаргу, вызначаючы прамежак марнага чаканьня, прамаўляюць: kad sētas mieti zaļos – як кол у плоце заквітнее.

Зьміцер Санько ў сваім слоўніку прымавак падае іншыя сынонімы “рака-сьвістуна”: на тое лета, пасьля абеду, гэтакаю парою; заўтра ў тую пару, калі рак паляціць з вады ўгару. Праўда, як да нашага часу, што вымагае моўнага драйву, выразы гэтыя ў пляне ўжытку падаюцца даволі грувасткімі.

Савецкая эпоха спарадзіла шмат арыгінальных выслоўяў-наватвораў. Прычым, кажучы пра тое, чаго ніколі ня будзе, вынаходнікі крылатых выразаў зь невядомай прычыны рабілі прывязку да канкрэтнага часу. Напрыклад: “Дагонім і перагонім да канца сямігодкі Злучаныя Штаты Амэрыкі!” Альбо: “Пабудуем камунізм у 1980 годзе!” Апошні выраз з гэтага шэрагу: “У 2000 годзе кожная савецкая сям’я будзе жыць ва ўласнай кватэры!” Ну, а тым часам ужо ў незалежнай Беларусі нарадзіўся яшчэ адзін крылаты сказ: “1 студзеня 2005 году рэспубліка пяройдзе на расейскі рубель”. 1 студзеня прамінула, а расейскага рубля беларусы так і не прычакалі. Непрыгожа выйшла. А ўсё таму, што адкінулі народны досьціп. І калі ўжо казаць пра тое, чаго ніколі ня будзе, абапіраючыся на фальклёр, згаданы сказ мае гучаць так: “Рэспубліка пяройдзе на расейскі рубель, як рак паляціць ды сьвісьне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG