Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіля Вараб’ёва звальняюць з пасады дэкана факультэту журналістыкі БДУ


Галіна Абакунчык, Менск З трэцяга лютага з пасады дэкана факультэту журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту звальняюць Васіля Вараб’ёва. Паводле афіцыйнай інфармацыі, спадар Вараб’ё ў спыняе сваё кіраваньне журфакам з уласнага жаданьня. Аднак на факультэце сьцьвярджаюць, што дэкан пакідае пасаду паводле рашэньня “дырэктыўных органаў”.

Камэнтаваць сваю адстаўку Васіль Вараб’ёў адмаўляецца.

Ягоныя намесьнікі й выкладчыкі факультэту таксама маўчаць, спасылаючыся на далікатныя абставіны. У прыватных размовах яны выказваюць розныя вэрсіі звальненьня, але сьцьвярджаюць дакладнасьць таго, што дэкан пакідае пасаду паводле рашэньня “дырэктыўных органаў”. Гавораць супрацоўніцы факультэту Валянціна Кароль і Еўдакія Геркоўская:

(Кароль: ) “Нехта, відаць, зрабіў паклёп, каб дамагчыся нейкіх сваіх інтарэсаў. Мы вельмі зьдзіўленыя і ўражаныя. Гэта несправядліва, і мы ўсе вельмі шкадуем”.

(Геркоўская: ) “Мы ўсе ў шоку, бо дэкан вельмі харошы. Проста плакаць хочацца, што такога чалавека звальняюць”.

У асяродку студэнтаў адстаўку дэкана зьвязваюць з чуткамі пра перавод журфаку ў падпарадкаваньне Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. Вось што яны казалі ў інтэрвію Свабодзе:

(Студэнтка: ) “Розныя меркаваньні на гэты конт. Што журфак будуць ператвараць у ідэалягічны факультэт, што дэкан не жадаў у гэтым удзельнічаць”.

(Студэнтка: ) “Думкі яшчэ кантраляваць не навучыліся, але вельмі хочуць. Баюся, што прыйдзе абсалютна “завёрнуты” на ідэалягічных пытаньнях чалавек. У гэтым выпадку я буду забіраць дакумэнты і сыходзіць”.

Гэткія меркаваньні студэнтаў журфаку. У каляжурналісцкім асяродку звальненьне Васіля Вараб’ёва зьвязваюць зь нядаўнім сьвяткаваньнем 60-годзьдзя факультэту, калі на неафіцыйную імпрэзу былі запрошаныя вядомыя ў Беларусі апазыцыйныя грамадзкія дзеячы, а таксама з прыняцьцём у шэрагі студэнтаў актывіста руху ліцэістаў Глеба Лабадзенкі і іншымі абставінамі. Вось як пракамэнтаваў адстаўку дэкана колішні выпускнік факультэту і шматгадовы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Бураўкін:

(Бураўкін: ) “Такія людзі, як Вараб’ёў, вучылі быць сумленнымі перад прафэсіяй і перад людзьмі, дзеля якіх працуеш. Мне шкада, бо месца пустым ня будзе, і я баюся, што прыйдуць людзі, падобныя так званым аглядальнікам тэлебачаньня — усялякія пракопавы, шынкары і іншыя. Яны навучаць, як быць халуямі. І я вельмі трывожуся, каб зыход Васіля Вараб’ёва не апынуўся бядою ня толькі для сёньняшніх студэнтаў, але і для заўтрашніх СМІ”.

Хто мае заняць пасаду дэкана факультэту журналістыкі, грамадзкасьць пакуль ня ведае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG