Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытныя зборы на новыя аўтамабілі для фізычных асобаў могуць падвысіцца ўдвая


Ігар Карней, Менск Да 1 лютага Дзяржаўны мытны камітэт накіруе ва ўрад прапановы на зьмену мыты за ўвоз новых легкавых аўтамабіляў. Мытнікі ініцыююць аднолькавыя падатковыя стаўкі для фізычных і юрыдычных асобаў. Ад падобных ініцыятываў, як чакаецца, пацерпяць фізычныя асобы, якіх прымусяць плаціць паводле ставак для арганізацыяў.

І фізычныя асобы, і юрыдычныя, якіх мытная ініцыятыва тычыцца наўпрост, у ацэнках аднадушныя: палёгкі ад такіх захадаў чакаць цяжка. У адным з самых вялікіх у Беларусі аўтацэнтраў — “Атлянт-Мотарс”, удакладнілі: хвалявацца трэба прыватнікам, бо менавіта фізычных асобаў мяркуецца абкласьці дадатковымі падаткамі.

(Cупрацоўнік аўтацэнтру: ) “Зьменіцца пошліна, але толькі для фізычных асобаў. Для юрыдычных працэдура якой была, такой і застанецца, “выраўноўваць” яе ніхто ня будзе”.

Як стала вядома, у прапановах Мытнага камітэту — адыход ад звыклага налічэньня мыты за кубічны сантымэтар аб’ёму рухавіка. Калі Савет міністраў ухваліць ідэю Дзяржаўнага мытнага камітэту, цэнавая градацыя будзе базавацца на конскіх сілах: аўтамабілі магутнасьцю да 90 конскіх сілаў, ад 90 да 150 і звыш 150. Ці абавязкова гэта азначае падвышэньне коштаў? Цяпер мытныя падаткі для юрыдычных асобаў вылічваюцца паводле досыць заблытанай схемы, у выніку якой уласна “растаможка” каштуе роўна палову кошту аўтамабіля? Ці рэальна падобную схему перанесьці і на прыватніка? У “Атлянт-Мотарс” мяркуюць так:

(Супрацоўнік аўтацэнтру: ) “Не, яны так рабіць ня будуць. Зь фізычных асобаў пакуль здымаюць 0,6 эўра за кубічны сантымэтар, але ходзяць чуткі, што ад лета растаможка будзе іншая: хутчэй за ўсё, уздымуць да 1,4 эўра”.

Сітуацыю з ініцыятывай Дзяржаўнага мытнага камітэту камэнтуе эканаміст Леанід Заіка:

(Заіка: ) “Гэтая “растаможка” мае сэнс толькі для краінаў, якія вырабляюць ўласныя легкавыя аўтамабілі. Калі краіна іх не прадукуе, значыць, яна будзе машыны набываць — жадае таго ці не. Любы падатак на аўтамабілі зьяўляецца, па сутнасьці, фіскальнай мерай, скіраванай супраць спажыўцоў. Гэта робяць звычайна дрэнныя ўрады, якія ня ўмеюць зарабляць грошай ці ня здольныя пераканаць людзей плаціць падаткі. Як толькі прыходзіць нармалёвы прафэсійны ўрад, то гэты падатак зьнікае. У Беларусі ён таксама ня мае сэнсу, бо лічыць, што той, хто набывае аўтамабіль, абавязкова багаты чалавек, — гэта парэшткі савецкай ідэалёгіі”.

Паводле дылераў вядомых аўтамабільных фірмаў, штогод у Беларусі купляюць дзесьці 30 тысяч новых легкавікоў. І толькі каля 5 тысяч ад гэтай колькасьці прыпадае на спэцыялізаваныя аўтацэнтры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG