Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі інжынэр наладзіў у Патсдаме выраб фальшывых купюраў у 50 эўра, амаль не адрозных ад сапраўдных


Ул. інф. Нямецкая крымінальная паліцыя папярэджвае, што па сьвеце гуляюць высакаякасныя падробкі 50-эўравых банкнотаў. Да іхнай вытворчасьці мае непасрэднае дачыненьне 32-гадовы інжынэр-машынабудаўнік зь Беларусі, які апошнім часам нелегальна пражываў у Нямеччыне.

На прадпрыемства па вытворчасьці фальшаваных купюраў патсдамская паліцыя выйшла выпадкова. Хтосьці зь мясцовых пэнсіянэраў прасыгналізваваў у праваахоўныя структуры, што ў старым гарадзкім садзе нейкі незнаёмец нелегальна вырошчвае каноплі. Такім чынам, паліцыянты выйшлі спачатку на сьлед 42-гадовага нямецкага грамадзяніна Гасана, іранца паводле паходжаньня, затым – на стары будынак аранжарэі, які арэндаваў 34-гадовы патсдамец Енс.

Нелегальнае вырошчваньне канопляў ужо было падставай для ператрусу. Тое, што сьледчыя ўбачылі ў службовых пакоях аранжарэі, стала поўнай нечаканасьцю як для іх, так і для адмыслоўцаў нацыянальнага цэнтру фальшывых грошай Нямецкага Бундэсбанку. У двух пакоях месьцілася сучасная друкарня з афсэтнай друкаркай, чатырма кампутарамі, некалькімі “notebook’амі”, рознымі іншымі звышсучаснымі прыстасаваньнямі.

Тэхнічным мозгам гэтае вытворчасьці быў 32-гадовы беларускі інжынэр-машынабудаўнік Уладзіслаў(паводле нямецкіх законаў, сьледзтва ня мае права агучваць прозьвішчы да суду). Разам з Гасанам і Енсам беларус вырабляў банкноты, якія ад сапраўдных можна адрозьніць толькі з дапамогай самай складанай экспэртызы.

Як заявіў журналістам старэйшы пракурор Патсдаму Гайнрых Юнкер, ад 2002 году –з таго часу, як пачала хадзіць агульнаэўрапейская валюта – праваахоўныя органы Нямеччыны ўпершыню сутыкаюцца з такой высакаякаснай прамысловай вытворчасьцю фальшаваных эўра. Дагэтуль сустракаліся значна больш прымітыўныя падробкі. Мясцовыя часьцей за ўсё вырабляліся пры дапамозе каляровых ксэраксаў. Імпартаваныя, выкананыя тыпаграфскім шляхам, траплялі ў Эўропу пераважна зь Літвы ці Паўдзённай Амэрыкі.

Лічыцца, што ўсе гэтыя банкноты не ідуць ні ў якое параўнаньне з патсдамскімі. Паводле сьведчаньняў экспэртаў нацыянальнага цэнтру фальшывых грошаў, 50-эўравыя падробкі зробленыя з улікам самых сучасных тэхналёгіяў. Усё на банкнотах выканана бездакорна – фарбы, вадзяныя знакі, мікрашрыфты, галяграма і нават гэтак званая “абарона”.

Як мяркуюць адмыслоўцы, магутнасьць прадпрыемства разьлічаная на вытворчасьць банкнотаў сумай у мільён эўра. Колькі фальшаваных 50-эўравых купюраў ужо гуляе па сьвеце – на гэтае пытаньне нямецкія крыміналісты пакуль адказаць не гатовыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG