Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт уручыў прэмію Сахарава дачцэ Анджэя Пачобута


Партрэт Андрэя Пачобута, вынесены на прэзыдэнцкі палац у Польшчы
Партрэт Андрэя Пачобута, вынесены на прэзыдэнцкі палац у Польшчы

Цырымонія адбылася ў будынку Эўрапарлямэнту.

У Эўрапарлямэнце адбылася цырымонія ўзнагароджаньня прэміяй Сахарава. Сёлета яе прысудзілі двум чалавекам, адзін зь іх — беларускі палітвязень журналіст Анджэй Пачобут.

Таксама ўзнанароду атрымала грузінская журналістка Мзія Амаглабелі. Абое ўладальнікі Прэміі Сахарава не змаглі прысутнічаць у Эўрапарлямэнце, яны знаходзяцца ў зьняволеньні ў сваіх краінах.

Старшыня Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсала адзначыла, што і Пачобту, і Амаглабелі цяпер у турме толькі за тое, што сумленна выконвалі сваю працу.

Анджэя Пачобута на цырымоніі прадстаўляла дачка Яна, а Мзію Амаглабелі — журналістка Ірма Дымітрадзэ.

«Амаль пяць гадоў мая сям’я жыве ў цішыні, нявызначанасьці і без каханага чалавека. І сёньня я хачу выказаць сваю глыбокую падзяку Эўрапейскаму парлямэнту за тое, што ён памятае пра яго і ўсе сем'і, якія жывуць з тымі ж нявырашанымі пытаньнямі. За кожным імем, якое мы чытаем у паведамленьнях, стаіць дом, гісторыя і людзі, якія чакаюць.

Мой бацька — ня проста публічная постаць. Ён — муж, сын, сябар. І кожны дзень гэтых пяці гадоў мы ня ведалі, як ён, ці ў бясьпецы ён. І ўсё ж кожны дзень мы выбіраем надзею, бо надзея — адзінае, што ў нас не забралі. І мая сям’я не самотная. Ёсьць шмат сем’яў, чые гісторыі пераклікаюцца з нашай», — сказала Яна Пачобут.

Прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі» штогод уручаецца заслужаным асобам, журналістам і грамадзкім дзеячам, якія ахвяруюць сабою, даносячы праўду.

Хто такі Анджэй Пачобут

Журналіст і актывіст польскай меншасьці з Горадні Анджэй Пачобут быў арыштаваны вясной 2021 году, а ў лютым 2023 году асуджаны на восем гадоў калёніі строгага рэжыму.

Беларускія дэмакратычныя сілы і польскія ўлады патрабуюць вызваленьня актывіста. У ліпені дэлегацыя польскага Сейму падчас візыту ў ЗША, узьняла гэтую тэму на перамовах з амэрыканскім бокам.

16 студзеня 2025 году, наведваючы Менскі гарадзкі тэхнапарк, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Варшава нібыта «адмовілася ад Пачобута», «адмовіліся весьці нават размовы пра Пачобута». Ён сьцьвярджаў, што журналіст «ня хоча туды ехаць — вось і ўсё пытаньне».

Пасьля палітычна матываванага прысуду Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных падарожнікам пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.

30 кастрычніка 2024 году міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі, выступаючы ў Сэнаце, заявіў, што Варшава «праз розныя каналы» дамагаецца вызваленьня суайчыньнікаў, якія сядзяць у беларускіх турмах, асаблівая ўвага надаецца журналісту і сябру зьліквідаванага ўладамі Зьвязу палякаў Анджэю Пачобуту.

Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут

Хто такая Мзія Амаглабэлі

Заснавальніца і дырэктарка выдавецтва «Батумэлебі», якую ў Грузіі пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі. Яе арыштавалі на падставе абвінавачаньня ў нападзе на паліцыянта, а прызналі вінаватай у супраціве, пагрозе або гвалце ў дачыненьні асобы, якая ахоўвае грамадзкі парадак, або іншага прадстаўніка ўлады (артыкул 353 Крымінальнага кодэксу Грузіі).

Мзія Амаглабелі
Мзія Амаглабелі

Мзію Амаглабэлі затрымалі 11 студзеня 2025 году на праэўрапейскай акцыі ў Батумі. Празь некалькі гадзін пасьля вызваленьня яе затрымалі зноў — ужо паводле крымінальнай справы. Яе абвінавацілі ў «нападзе на супрацоўніка паліцыі» пасьля таго, як яна, паводле вэрсіі сьледзтва, ударыла па шчацэ начальніка батумскай паліцыі Іраклі Дгебуадзэ.

Пратэстуючы супраць незаконнага затрыманьня і трыманьня ў ізалятары, журналістка абвясьціла галадаваньне, якое спыніла на 38-ы дзень.

Што такое Прэмія імя Сахарава

  • Прэмія імя Сахарава «За свабоду думкі», заснаваная Эўрапейскім Парлямэнтам у 1988 годзе, — найвышэйшая ўзнагарода Эўрапейскага Зьвязу за праваабарончую дзейнасьць.
  • Прэмію прысуджаюць асобам, групам і арганізацыям, якія ўнесьлі выдатны ўклад у абарону свабоды думкі.
  • Сярод ранейшых пераможцаў былі дысыдэнты, палітыкі, журналісты, юрысты, актывісты грамадзянскай супольнасьці, пісьменьнікі, лідэры меншасьцяў, праваабаронцы, карыкатурысты, дырэктары арганізацыяў, а таксама міжнародныя арганізацыі і маладыя актывісты.
  • Раней прэмію Сахарава атрымалі Беларуская асацыяцыя журналістаў, палітык Аляксандар Мілінкевіч, дэмакратычная апазыцыя Беларусі, прадстаўленая Сьвятланай Ціханоўскай і яшчэ 9 асобамі.
  • Штогод у верасьні дэпутаты Эўрапарлямэнту называюць кандыдатаў на прэмію. Кандыдат павінен мець падтрымку не менш як 40 дэпутатаў Эўрапарлямэнту.
  • Аб’яўляюць пераможцу звычайна ў кастрычніку, а цырымонія ўзнагароджаньня праводзяць у сьнежні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG