Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багатыр і асілак, волат


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Паказальнік на менскай станцыі мэтро “Пушкінская” па-беларуску паказвае кірунак да магазыну “Багатыр”. На самой краме вялікімі літарамі шыльда па-расійску “Богатырь”. Можна падумаць, што беларускі багатыр і расійскі богатырь – тое самае. У беларускай як народнай, так і літаратурнай мове слова багатыр азначае, як правіла, багатага чалавека, багача, багацея. Назоўнік багатыр – ад прыметніка багаты. “Усі нашы багатыры паехалі на кірмаш”, – гэтым сказам беларускае ўжываньне слова багатыр ілюструе ў слоўніку 1870 году Іван Насовіч. “Багатыр, як кажуць у нас на багатага чалавека, Хведар, вядома, бальшавікоў не любіў”, – тут ужо сучасная ілюстрацыя з прозы Вячаслава Адамчыка. Поруч з словам багатыром ёсьць у нас і багатырка – багатая жанчына. Ёсьць таксама й прыметнік багатырскі: багатырская сям’я – гэта багатая сям’я, сям’я багатыроў.

У расійскай мове богатырь – старое пазычаньне зь цюрскага *baγatur. З значэньнем дужага, магутнага чалавека, якое па-расійску перадаецца словам богатырь, у беларускай літаратурнай мове ўжываюцца звычайна назоўнікі асілак і волат. Падмена ў беларускім тэксьце асілка або волата багатыром размывае правільнае разуменьне ўласнабеларускага слова багатыр.

Тую менскую краму, што спэцыялізавалася й цяпер яшчэ часткова спэцыялізуецца на продажы адзеньня, вопраткі, абутку вялікіх памераў – для фізычна вялікіх людзей, па-беларуску, вядома, варта было б назваць іначай.

Добра запамятаем: багатыр і багатырка – багатыя людзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG