Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйскія лекары: узровень дыяксыну ў арганізьме Юшчанкі ў 1000 разоў перавышае норму


Юры Дракахруст, Прага Кандыдат на прэзыдэнта Ўкраіны Віктар Юшчанка ўпэўнены ў тым, што быў атручаны. Ён заявіў пра гэта наведваньня венскай клінікі, дзе дактары, якія лячылі яго ад патаемнай хваробы, прыйшлі да канчатковай высновы, што яна была выклікана атручваньнем дыяксынам. Юшчанка паведаміў, што адчуў сымптомы захворваньня неўзабаве пасьля абеду з прадстаўнікамі ўкраінскай службы бясьпекі.

Хвароба кандыдата на прэзыдэнта Ўкраіны, якая зьнявечыла ягоны твар, даволі актыўна абмяркоўвалася падчас перадвыбарчай барацьбы, але толькі цяпер аўстрыйскія дактары, у якіх Віктар Юшчанка праходзіў курс лячэньня, агучылі канчатковую выснову – Юшчанка быў атручаны дыяксынам, канцэнтрацыя гэтай атруты ў яго крыві ў 1000 раз перавышае нармальны узровень.

Учора пракуратура Ўкраіны распачала крымінальную справу па факце злачынства. Сёньня Вярхоўная рада Ўкраіны вырашыла аднавіць парлямэнцкае расьсьледаваньне абставінаў атручваньня палітыка.

Сам Віктар Юшчанка выказваецца за тое, каб расьсьледаваньне было адтэрмінаванае да 26 сьнежня – дня паўторных прэзыдэнцкіх выбараў, кандыдат на прэзыдэнта ня хоча, каб вынікі расьсьледаваньне ўплывалі на вынікі галасаваньня.

Юшчанка пэрсанальна не абвінавачвае ў замаху на ягонае здароўе, а магчыма і жыцьцё, нікога, аднак ён гаворыць:

(Юшчанка: ) “Я перакананы, што гэта – справа рук улады і патрэбны час, каб правесьці расьсьледаваньне. Шмат абставінаў, якія ўжо вядомыя. І я думаю, калі генэральная пракуратура будзе дзейнічаць паводле ўкраінскіх законаў, краіна і сьвет хутка даведаюцца, хто гэта зрабіў”.

Паводле расповеду палітыка ён адчуў моцны галоўны боль і боль у страўніку празь некалькі гадзінаў пасьля абеду з шэфам украінскай службы бясьпекі Ігарам Сьмешкам і яшчэ адным афіцэрам гэтай службы.

Гэта адбылося ў верасьні, у разгар перадвыбарчай кампаніі.

Украінскія дактары тады не змаглі дапамагчы палітыку, і ён зьвярнуўся ў венскую клініку Рудальфінэргаус. Паводле доктара Міхаэля Цымпфэра напачатку было цяжка паставіць пэўны дыягназ з прычыны таго, што ня ўсе сымптомы атручваньня дыяксынам былі ў наяўнасьці. У мінулую суботу доктар Цымпфэр заявіў:

(Цымпфэр: ) “Было даволі лёгка рэгуляваць дозу дыяксіну ў супе, які ўтрымліваў сьмятану. Як гэта можна высьветліць шляхам крымінальнага вышуку – адказ на гэтае пытаньне па-за межамі нашай кампэтэнцыі. Як у канчатковым, гэтак і ў дадатковым дыягназе мы выказваем падазрэньне, што захворваньне было выклікана трэцім бокам. Ёсьць падазрэньні наконт вонкавага ўмяшальніцтва”.

Апанэнты Віктара Юшчанкі сьцвярджаюць, што палітык проста зьеў кавалак нясьвежай ежы і яе шкоднае дзеяньне было ўмацавана вялікай колькасьцю кан’яку. Высновы аўстрыйскіх лекараў абвяргаюць падобныя меркаваньні: дыяксын – штучнае, непрыроднае рэчыва, яно ня можа ўзьнікнуць само нават у нясьвежай ежы.

Гл. таксама • Што здарылася з тварам Юшчанкі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG