Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усходняя Ўкраіна падазрона пазірае на празаходні Кіеў


Сьвятлана Курс, Прага Адзін з галоўных цэнтраў падтрымкі кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны Віктара Януковіча – індустрыйны Данецк. Чаму людзі з Данецка падазрона ставяцца да празаходніх памкненьняў іншых украінскіх рэгіёнаў і маюць прарасейскі сантымэнт? На гэтае пытаньне яны адказваюць у матэрыяле, падрыхтаваным Сьвятланай Курс паводле карэспандэнта Свабоды Валентынаса Майта, які наведаў Данецк.

Цяпер, калі Віктар Юшчанка і Віктар Януковіч зьбіраюцца зноў падужацца падчас гістарычнага паўторнага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах, улады ў Данецку пагражаюць аўтанамізацыяй рэгіёну, бо лічаць, што іхны ўплыў на палітыку не адпавядае эканамічнаму значэньню рэгіёну для Ўкраіны.

Людзі, зь якімі карэспандэнт Радыё Свабода размаўляў на вуліцах Данецка, зьвязваюць будучыню толькі з “рабочай клясай” Усходняй Украіны і Расеі.

30-гадовы Андрый Ігнатаў кажа, што ён і ягоныя сябры галасавалі за Януковіча, бо той, маўляў, шмат зрабіў для Данецкае вобласьці, якая ёсьць моцным эканамічным рухавіком для ўсяе краіны. Віктара Юшчанку Андрый называе “амэрыканскай марыянэткай”.

(Андрый: ) “І я хачу сказаць, што мне да душы, каб Данбас кіраваў краінаю, а не стаўленік Амэрыкі разам зь Юліяй Тымашэнкай, Паўлам Лазарэнкам, зь якім яны працавалі ў адной камандзе. Усе гэтыя людзі не выклікаюць даверу”.

На думку Андрыя, людзі, якія падтрымліваюць Юшчанку, палітычна і эканамічны непісьменныя, ня ведаюць, што прамысловы Ўсход корміць краіну.

(Андрый: ) “Юшчанка абяцае салодкае жыцьцё тым рэгіёнам, якія нічога ня робяць і адпаведна жывуць горш за Данбас. Данбас корміць усю Ўкраіну – і Кіеў, і Заходнюю Ўкраіну. На захадзе Ўкраіны няма прамысловасьці і высокааплатнай працы. Таму наш рэгіён недалюбліваюць”.

Шахцёры Данецкай вугальнай шахты “Засадка” – аднадумцы Андрыя. Вось, напрыклад, Уладзімер. Яго цікавіць, хто плаціць тым людзям, якія стаяць на майдане Незалежнасьці ў Кіеве.

(Уладзімер: ) “У нас больш прамысловасьці, чым у заходніх абласьцях. І мы працуем, усе прадпрыемствы працуюць. Ніхто не бастуе, не мітынгуе. Ну, мітынгуюць, але пасьля працы. А там, за Юшчанку, за якія яны грошы мітынгуюць? Хто ім плаціць?”

Пры ўрадзе Януковіча шахцёрам у час выплачваюць заробкі – у той час як пры ўрадзе Юшчанкі гэтага не было, цьвердзяць жыхары Данбасу.

Сяргей Гармаш ачольвае няўрадавую арганізацыю Данецкіх журналістаў і выдае інтэрнэт-часопіс “Востраў”. Ягоная думка:

(Гармаш: ) “Мясцовыя жыхары не ідэнтыфікуюць сябе як украінцы. За СССР гэта быў працоўны край паміж Украінай і Расеяй. І тут выхоўвалі не ўкраінскі, а данбаскі патрыятызм”.

Блізкасьць Расеі і моцная эмацыйная сувязь з савецкім мінулым змушаюць людзей у Данбаскім рэгіёне больш чуйна прыслухоўвацца да Крамля, чым да Кіева.

Рабочыя Данбасу часта падкрэсьліваюць, што заробкі й пэнсіі ля мяжы з Расеяй вышэйшыя, чым на Захадзе. А значыць, украінская незалежнасьць была памылкай. “Нядзіўна, што Віктар Януковіч мае тут такую вялікую падтрымку” – заключае Гармаш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG