Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваўкавыская “Местная газета” ня выйшла, рэдактару пагражае суд за тое, што ён праводзіў “несанкцыянаваную” галадоўку


Міхал Карневіч, Горадня Менская друкарня “Плутос” без тлумачэньня прычынаў спыніла друк ваўкавыскай “Местной газеты”. Ваўкавыскія міліцыянты абвінавачваюць рэдактара Андрэя Шантаровіча ў несанкцыянаванай галадоўцы і перадаюць дакумэнты ў суд.

Пасьля месячнага перапынку ў Ваўкавыску павінен быў зьявіцца чарговы нумар “Местной газеты”. Згодна з рашэньнем Міністэрства інфармацыі выхад газэты быў прыпынены на месяц. Аднак у Ваўкавыск ён так і не патрапіў.

Андрэй Шантаровіч, рэдактар газэты, патлумачыў, што кіраўніцтва “Плутоса” адмовілася тлумачыць яму прычыны прыпыненьня друку, нягледзячы на тое, што паміж рэдакцыяй і друкарняй падпісана дамова.

Сёньня ж з самай раніцы Андрэя Шантаровіча выклікалі ў мясцовы РАУС. Намесьнік начальніка аддзелу прафіляктыкі Аляксандар Глебаў запатрабаваў ад Шантаровіча пісьмовых тлумачэньняў наконт правядзеньня несанкцыянавага пікету, распаўсюду ўлётак і пражываньня ў горадзе Ваўкавыску без прапіскі.

Пад “несанкцыяваным” пікетам Аляксандр Глебаў меў на ўвазе галадоўку Шантаровіча, якую ён трымаў 20 дзён на знак пратэсту супраць прыпыненьня выхаду ягонай газэты.

Шантаровіч патлумачыў, што некалькі разоў зьвяртаўся ў Ваўкавыскі райвыканкам за дазволам, але не атрымаў ніводнага адказу, таму і стаў галадаць. Да ўлётак, якія былі разьвешаны ў горадзе на слупах, патлумачыў, што ня мае ніякага дачыненьня. А што датычыць прапіскі, Андрэй Шантаровіч заявіў, што не жыве ў Ваўкавыску, а толькі прыяжджае сюды ў камандзіроўку, а таксама дзеля таго, каб наведаць сваю дачку.

Аляксандар Глебаў у адказ заявіў, што складзеныя на Шантаровіча пратаколы будуць перададзены ў суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG