Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сьветлагорску сотні рабочых заводу “Лаўсан” адправілі ў вымушаны адпачынак


Казімер Яноўскі, Сьветлагорск Сотні рабочых заводу “Лаўсан” сьветлагорскага аб’яднаньня “Хімвалакно” пайшлі ў вымушаны адпачынак. Да гэтага спрычыніліся расейскія хімічныя прадпрыемствы.

На сьветлагорскім “Лаўсане” поўнасьцю спынены цэх гарачай выцяжкі й тэкстураваньня №1, круцільны цэх, напалову — ткацкі ды некаторыя іншыя.

Генэральны дырэктар аб’яднаньня “Хімвалакно” Васіль Касьцюкевіч так пракамэнтаваў нашаму радыё сытуацыю на “Лаўсане”:

(Касьцюкевіч: ) “У нас ёсьць праблемы з сыравінай — монаэтыленглюколем, які пастаўляе нам магілёўскае “Хімвалакно”. А Магілёву кампанэнты для яго паводле дамовы паступаюць з Расеі. У суседзяў на хімічным прадпрыемстве ў Арэнбургу здарылася нейкая аварыя. Таму ўрад Расеі распарадзіўся патрэбную і Беларусі сыравіну цалкам пастаўляць на свае расейскія заводы. І пакуль там не навялі парадку”.

Паводле загаду дырэктара, адпачынак многіх сьветлагорскіх хімікаў будзе цягнуцца да 21 лістапада. Гэта ўжо другі з пачатку году выпадак прастою хімічнага прадпрыемства з прычыны адсутнасьці сыравіны.

Рабочыя балюча ўспрымаюць падобныя адпачынкі:

(Супрацоўніца: ) “Людзі вельмі перажываюць. Гэта балюча. Да прыкладу, у цэху тэкстураваньня, які спыніўся поўнасьцю, рабочыя атрымаюць за час вымушанага адпачынку ўсяго дзьве траціны тарыфнай стаўкі. Гэта меней за палову звычайнага заробку. Многія плакалі. Іншай працы ў горадзе няма. Але цяпер зь людзьмі штосьці здарылася. Яны ўсяго баяцца, яны напалоханыя. Публічна ніхто нічога ня кажа. Усе маўчаць. І я мяркую, нейкі час яшчэ будуць маўчаць”, — лічыць супрацоўніца заводу “Лаўсан”, якая не пажадала, каб яе імя прагучала ў эфіры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG