Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампраміс творцы з уладаю: здаровы прагматызм ці здрада самому сабе?


Валянціна Аксак, Менск Што азначае ў гісторыі беларускае культуры дата 17 кастрычніка 2004 году? Ці варта пасьля яе беларускім творцам займаць жорсткую антыпрэзідэнцкую пазыцыю? Кампраміс з уладаю: гэта здаровы прагматызм ці здрада сабе, як мастаку? На гэтыя ды іншыя пытаньні, якія паўсталі перад нацыянальнай інтэлігенцыяй пасьля 17 кастрычніка, у нашай менскай студыі шукаюць адказу знаны беларускі паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін ды філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч

Аксак: ) “Напачатку папрашу абодвух суразмоўцаў даць вельмі кароткі адказ на пытаньне, што азначае ў гісторыі беларускае культуры дата 17 кастрычніка 2004 году?”

(Бураўкін: ) “Я думаю, што яшчэ рана даваць адказ на гэтае пытаньне, трэба пачакаць, што скажа гісторыя… Калі ж гаварыць пра мае асабістыя адносіны да гэтае даты, то для мяне – гэта бясспрэчна, адназначна чорная дата”.

(Акудовіч: ) “Па сутнасьці, канечне, адбылася прынцыповая зьмена культурнай прасторы. Рэч у тым, што раней усе гэтыя дзеячы культуры, усе гэтыя пласты культуры былі ў тунэлі, але спадзяваліся, што рана ці позна ўбачаць сьвятло ў ягоным канцы і выйдуць на паверхню. 17 кастрычніка ім адназначна заявілі: хлопцы і дзеўкі, колькі вы будзеце жыць, датуль вы з гэтага тунэлю ня выйдзеце”.

(Аксак: ) “А цяпер я дазволю сабе нагадаць азначэньне, якое даў даце 17 кастрычніка знакаміты расейскі публіцыст і даўні сябар беларускіх інтэлектуалаў Юры Чарнічэнка. У інтэрвію нашаму радыё ён назваў праведзеную 17 кастрычніка Лукашэнкаву канстытуцыйную рэформу ператварэньнем рэспублікі ў дыктатуру фашысцкага кшталту. На маё пытаньне, што цяпер рабіць людзям культуры, якія не прынялі і гэтага, ён адказаў: “Прыклад Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Сьвятланы Алексіевіч і іншых беларусаў, якія не падпарадкаваліся ніякім фашысцкім рэжымам, вучыць, што трэба рабіць сваю справу”. Справа пісьменьнікаў пісаць праўдзівыя, непадцэнзурныя мастацкія творы. Але, як сказаў у свой час Янка Брыль зь іншае нагоды: я то напішу, але хто іх надрукуе?

Дадамо – і хто іх прачытае? Дзесяты нумар незалежнага часопісу “ARСHE” афіцыйны кнігагандаль забараніў прадаць, а галоўны рэдактар другога незалежнага часопісу “Дзеяслоў” сказаў, што робіць цяпер кожны нумар як апошні. Такія творы цяпер практычна няма дзе друкаваць, і шырокаму чытачу яны амаль недаступныя. Дык ці ня марная сёньня праца беларускіх пісьменьнікаў?”

(Бураўкін: ) “Мая пазыцыя такая, што, як бы ні было цяжка, кожны чалавек, калі ён сумленны, а тым больш, калі ён таленавіты, ён абавязаны рабіць тое, што ён умее, тое, у што верыць, і ўрэшце тое, што ён абавязаны сказаць у сілу сваіх здольнасьцяў ня толькі сёньняшняму дню. А дай Бог, калі атрымаецца, і заўтрашняму. Многія спрачаюцца пра тое, што напісанае застаецца ці не застаецца, але для таго, каб застацца, яно павінна быць напісанае”.

(Акудовіч: ) “Магчыма, улада і правакуе нас, каб мы кінулі свой Богам дадзены талент і заняліся пісаньнем публіцыстычных улётак у форме раманаў, памфлетаў, якія будуць абвінавачваць уладу, сатыры і да таго падобнае. Гэта шлях ня менш памылковы, чым шлях здрады сваім прынцыпам, таму што калі мы пойдзем па гэтым шляху, шляху пісаньня антылукашэнкаўскіх твораў, то мы выпалім сваё творчае нутро, ператворым сябе ў палітрукоў, камісараў партызанскіх атрадаў і гэтак далей. А задача цяпер, магчыма, стаіць: захаваць гэтае творчае нутро і пісаць, адгукаючыся на яго пакліканьне, а не на зьнешнія ўмовы і абставіны. Мы не павінны на гэтую правакацыю адгукацца, на правакацыю творчага супраціву”.

(Аксак: ) “А цяпер я папрашу абмеркаваць сытуацыю выбару беларускай культурніцкай эліты з, так бы мовіць, прагматычнага гледзішча. Вось зоркі беларускае поп-музыкі ўжо ў пераважнай большасьці зрабілі свой выбар на карысьць Лукашэнкавай улады, што засьведчыў іхны ўдзел у канцэрце, які быў паказаны па канале ОНТ напярэдадні рэфэрэндуму. Кажуць, што некаторыя зь іх у вузкім коле сяброў патлумачылі свой выбар тым, што, маўляў, мы ня можам граць у сутарэньнях ці лясох. Нам патрэбныя канцэртныя пляцоўкі, і калі б адмовіліся ад удзелу ў гэтым прапагандысцкім шоў, то іх бы адлучылі ад сцэнаў, радыё і тэлеэфіраў, як зрабілі з рок-музыкамі, што гралі на апазыцыйным мітынгу 21 ліпеня. І каму ад гэтага лепей? Прынамсі – не беларускай культуры. Дык, можа, і правільна зрабілі Міхаіл Фінберг, Ядзьвіга Паплаўская зь Аляксандрам Ціхановічам, Анатоль Ярмоленка зь “Сябрамі” ды іншыя эстрадныя зоркі дзеля таго, каб захаваць свае калектывы і магчымасьці для творчасьці?”

(Бураўкін: ) “Я магу зразумець Міхаіла Фінберга, які дзеля таго, каб аркестр нармальна існаваў, меў фінансаваньне, меў выхад на публіку, зрабіў такі выбар. Я гэта разумею. Але ёсьць мера. У якой меры можна быць прагматыкам, а ў якой – ужо не прагматызм, а здрада сабе, як мастаку. І калі Міхаіл Якаўлевіч казаў, што ніколі такіх выдатных адносінаў з боку кіраўніцтва краіны не было да музычнага мастацтва, як цяпер, то, даруйце – гэта ўжо ніякі не прагматызм. Гэта называецца адным непрыемным, але правільным словам – халуйства. І ў гэтым канцэрце жахліва было бачна, да якой меры ўпала мараль работнікаў мастацтва”.

(Акудовіч: ) “Усе мы жывем у гэтай дзяржаве, і мы ня вольныя ад яе ў розных сваіх кроках. Але калі дзяржава прымушае цябе за тое, што дае табе прытулак у сваіх структурах, публічна выказваць лаяльнасьць, змушае цябе падтрымліваць сябе амаль гвалтам, і ты вымушаны выбіраць, ці публічна падтрымліваць гэтую ўладу, ці губляць сваё месца, то сытуацыя вельмі й вельмі нядобрая. Тут кожны сам мусіць выбіраць, колькі ганьбы ён можа сам на свае плечы ўзваліць.

Я маю на ўвазе ня ганьбу з боку сваіх калег, тым больш ня ганьбу грамадзтва, бо грамадзтва ў нас да такога яшчэ не дарасло, а вось гэтую ўнутраную ганьбу, гэты ўнутраны цяжар, ад якога ніякаму мастаку, ніякаму творцу нікуды не падзецца. І вось дзе тая мяжа, за якой ужо магчыма трэба разьвітацца са сваёй прафэсіяй, а дзе ўсё-ткі яшчэ ўтрымлівацца, гэта кожны вырашае сам.

І апошняе. Супрацоўнічаць у структурах дзяржавы – гэта абсалютна нармальна. Мы павінны зразумець, што гэтая дзяржава – гэта не дзяржава Лукашэнкі. Гэта дзяржава кожнага з нас. І мы маем права і абавязак працаваць на гэтую дзяржаву, на гэтае грамадзтва, у структурах гэтай дзяржавы. І калі нам не дазваляюць гэтага, а за дазвол патрабуюць ад нас халуйства, то ведаеце, тут ужо пытаньні прагматыкі адступаюць у другі бок. Маўляў я буду працаваць і прыносіць тым самым карысьць культуры, а то як сыду, то безь мяне ўсё прападзе…”

(Аксак: ) “Добра, спадар Акудовіч, тады да вас такое пытаньне. Некаторыя чытачы вашага эсэ “Прэзыдэнт недадуманай нацыі”, надрукаванага ў тым жа забароненым да распаўсюду праз сыстэму “Белкніга” дзесятым “ARHE”, сказалі, што пасьля выказаных у ім высноваў вас могуць запрасіць на працу ў адміністрацыю прэзыдэнта. Што вы адкажаце на такую гіпатэтычную прапанову?”

(Акудовіч: ) “Калі б раптам мне паступіла з адміністрацыі такая прапанова, то я б пачуў сябе абражаным. І моцна абражаным. Спачатку. А потым я пачаў бы думаць: што я ня так пісаў, ня так рабіў, ня так гаварыў, што такая прапанова стала магчымай? Гэта сфэра эмацыйная. Што ж да прагматычнай… Ведаеце, калі хтосьці думае, што можна пайсьці ў структуры ўлады і там сваёй наяўнасьцю дапамагаць беларускай культуры выжываць, то ён, канечне, глыбока памыляецца. Як глыбока памыляліся тыя маладыя камуністы, якія мяне, калі я вучыўся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве, запрашалі ўступаць у партыю, абгрунтоўваючы гэта тым, што вось калі нас, маладых, сьветлых, сумленных, шмат будзе ў партыі, то мы яе знутры перарэфармуем і пераробім краіну на добры лад. Канечне, гэта быў альбо наіў, альбо, магчыма, кэдэбэшная задумка. Гэтак сама і тут. Магчыма, на пачатку, калі яшчэ толькі Аляксандар Рыгоравіч прыйшоў да ўлады, прысутнасьць у верхавых структурах нацыянальна заангажаваных асобаў чымсьці дапамагала культуры. Сёньня і ўжо даўно, калі структура ўлады, формула ўлады сфармаваная цалкам і татальна, і калі ў гэтай формуле адным з асноўных элемэнтаў ёсьць антыбеларускасьць, антынацыянальнасьць, антыкультурнасьць, дык вось у гэтай сытуацыі ісьці ва ўладныя структуры – гэта значыць, што гэтую трыяду замацоўваць сваімі рукамі, сваім удзелам”.

(Аксак: ) “Але ці плённая ў новай палітычнай сытуацыі такая пазыцыя, бо выглядае ж, што цяперашняя ўлада надоўга? Дык што – увесь час дыстанцыянавацца ад гэтай улады? Мо, болей карысьці было б беларускай культуры, калі б яе лепшыя носьбіты спрабавалі ўсё ж знутры ўладных структураў бараніць нацыянальную душу? Спадар Бураўкін, маючы падобны савецкі досьвед, што думаеце пра гэта?”

(Бураўкін: ) “Калі з дапамогай ці з удзелам улады магчыма зрабіць нешта добрае, тым больш важнае для разьвіцьця нацыянальнай культуры, літаратуры, мастацтва, ні ў якім разе нельга адвяргаць такую магчымасьць супрацоўніцтва толькі на той падставе, што, бачыце, улада не падзяляе нейкіх нашых пазыцый і яна нам непрыемная. Улада невыпадкова не запрашае ні Акудовіча, ні Барадуліна, ні Гілевіча, ні Бураўкіна – яна ніколі нас не запросіць туды, бо яна добра ведае нашыя пазыцыі. Мы можам быць больш рашучымі ці катэгарычнымі, менш рашучымі ці катэгарычнымі ў нейкіх прыватнасьцях, але сама ўлада настолькі адвяргае тое, пра што Валянцін сказаў, таму тут няма небясьпекі, што Акудовіч выцясьніць з адміністрацыі Праляскоўскага. Не. Акудовіч будзе там, дзе ён ёсьць, а Праляскоўскі можа падвысіцца, але будзе там жа, дзе цяпер”.

(Аксак: ) “Але што ў такім разе застаецца рабіць Акудовічу і ўсім тым, хто не прымае гэтую ўладу?”

(Акудовіч: ) “Ведаеце, хоць мы загнаныя ў тунэль, у партызанку, у андэграўнд, але будзем памятаць, што ў падпольлі жывуць толькі шчуры. Як бы нас у каршэнь туды ні таўклі, мы павінны знаходзіць шляхі трымацца на паверхні, на сонцы, на сьвятле і рабіць, што ўмеем…”

(Бураўкін: ) “Беларусы на нашым часе не канчаюцца. Больш таго, я хачу верыць, што тыя беларусы, якія прыдуць пасьля нас – яны будуць лепшымі, яны будуць разумнейшымі за нас. Наш абавязак – пакінуць гэтым людзям нейкі падмурак. А як гэты падмурак, ці будзе над зямлёй узвышацца, ці, на жаль, улада нас загоніць пад зямлю – галоўнае, каб ён быў. Яго адкапаюць, калі ён будзе, а калі ня будзе, тады ўжо – зусім бяда. Таму – працаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG