Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 штатаў ЗША прагаласавалі за забарону гамасэксуальных шлюбаў, а Каліфорнія прагаласавала за досьледы эмбрыёнавых камлёвых клетак


Алеся Сёмуха, Вашынгтон За якія новыя законы галасавалі амэрыканцы 2 лістапада? Апроч выбараў прэзыдэнта і сябраў Кангрэсу 2 лістапада амэрыканцы вырашалі праз галасаваньне і многія лякальныя праблемы.

Так, напрыклад, штат Каліфорнія бальшынёй прагаласаваў за выдзяленьне трох мільярдаў даляраў на досьледы ў галіне эмбрыёнавых камлёвых клетак. Адміністрацыя Буша заўсёды пасьлядоўна выступала супраць дзяржаўнага фінансаваньня ў гэтай галіне, спасылаючыся на амаральнасьць выкарыстаньня й зьнішчэньня чалавечых эмбрыёнавых камлёвых клетак, зь якіх можа пачацца чалавечае жыцьцё.

Гэты падыход, аднак, не падтрымліваўся нават многімі кансэрватарамі. Напрыклад, жонка і сын былога прэзыдэнта ЗША Рэйгана, а таксама рэспубліканскі губэрнатар Каліфорніі Арнольд Шварцнэгер публічна выступаюць за досьледы ў гэтай галіне і дзяржаўнае іх фінансаваньне. Рашэньне самага густанаселенага і багатага штата ЗША Каліфорніі фінансаваць досьледы дасьць моцны штуршок дзейнасьці навукоўцаў, якія прабуюць знайсьці спосаб лекаваньня такіх хваробаў, як цукровік, рак, хвароба Альцгаймэра ды іншыя дагэтуль невылечныя хваробы.

Сярод іншых новых законаў 11 штатаў ЗША прагаласавалі за канстытуцыйную забарону аднаполых шлюбаў. Штат Арызона прыняў закон пра ўзмацненьне барацьбы з нелегальнай іміграцыяй (у Арызоне гэта пераважна імігранты з Мэксыкі).

Штат Мантана стаў 10-м штатам ЗША, які легалізаваў мэдычнае выкарыстаньне наркотыка марыхуаны. Адначасова, Аляска і Арэгон прагаласавалі супраць шырэйшага выкарыстаньня марыхуаны.

Шмат якія штаты ставілі на галасаваньне пытаньні падвышэньня ці зьніжэньня падаткаў. Так, жыхары сталіцы ЗША Вашынгтону адмовіліся ад падвышэньня падатку з продажу на 1%, які б пайшоў на фінансаваньне адукацыі. Тым часам жыхары штатаў Мэйн і Паўднёвая Дакота адмовіліся ад зьніжэньня падаткаў на нерухомасьць, што спрычыніла б звальненьне настаўнікаў і пажарнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG